Сацыяльныя работнікі ў асобах і справах

10:05 / 05.01.2022
Няма нічога больш непрадказальнага, чым жыццё. Сёння, здаецца, у цябе ёсць усё: сябры, праца, фінансавы дастатак і ўпэўненасць у забяспечанай радаснай будучыні, а назаўтра ты застаешся сам-насам з хваробай, нястачай і шэрагам іншых праблем. Сумна, калі людзі становяцца адзінокімі. Але, на шчасце, яны могуць разлічваць на дзяржаўную падтрымку і іх своеасаблівымі анёламі-ахоўнікамі становяцца работнікі сацыяльнай абароны. 

У Астравецкім раёне працуе 190 сацыяльных работнікаў, на абслугоўванні якіх знаходзяцца 618 пажылых грамадзян.
«Было няпроста, але справіліся»

Вера Пашкоўская не працуе сацыяльным работнікам, але на яе плячах – клопат і догляд за братам, інвалідам І групы. Жанчына замяняе яму няньку, сядзелку, асабістага трэнера і надзейнага сябра. Са снежня 2019 года Вера Іванаўна аформіла паслугі замя­шчаючай сям’і.

Напэўна, некаторыя на гэта з’едліва ўсміхнуцца, маўляў, падумаеш, даглядае брата – так і павінна быць. Аднак дазвольце запярэчыць і нагадаць, што дзіцячыя дамы ніколі не бываюць пустымі, а састарэлыя бацькі нярэдка дажываюць ва ўстановах для адзінокіх пажылых людзей. Так быць не павінна! Але няма нічога больш непрадказальнага, чым жыццё і ніхто не ведае абставін і прычын чалавечых учынкаў. 

1.jpg

Вера Іванаўна не проста даглядае брата, можна сказаць, яна крок за крокам вяртае яго да жыцця. Калі больш за 3 гады назад пасля другога інсульта жанчына забрала яго з Драгічынскага раёна, адкуль сама родам, мужчына быў не проста ў дрэнным стане – ён не падымаўся з ложка,  і ўрачы давалі шанс на жыццё не больш 6-7 месяцаў. Сястра характарызуе тагачасны стан брата коратка: «На яго немагчыма было глядзець без слёз». 

Цяпер у вачах Івана Іванавіча свецяцца вясёлыя хітрынкі, ён можа амаль цэлы дзень прасядзець без дапамогі, сам распісваецца ў дакументах і мае ясную свядомасць. Чаго гэта каштавала сястры, якая афіцыйна з’яўляецца яго памочнікам, ведаюць толькі яна і яе родныя.

– Хлусіць не буду: спачатку было вельмі цяжка, – прызнаецца Вера Іванаўна. – Я ўсё жыццё працавала – у лясніцтве, на заводзе, у грамадскім харчаванні, фермерскай гаспадарцы. Але нідзе не было настолькі складана – не фізічна, а псіхалагічна. Нязвыкла для мяне было і пастаянна знаходзіцца дома, аднак з часам да ўсяго прызвычаілася. Затое нашы намаганні не былі дарэмнымі – Ваню стала лепш. Цяпер я нават магу ненадоўга пакінуць яго аднаго і схадзіць у магазін – у параўнанні з мінулым гэта раскоша. 
Гэтая гісторыя – прыклад таго, што сіла волі і вера ў лепшае здольныя зрабіць немагчымае. І пацвярджэнне таму, што сям’я – прыёмная ці замяшчаючая, не толькі дае магчымасць пажылым людзям жыць у спрыяльных умовах, але галоўнае – не адчуваць сябе адзінокімі. 

«Людзі тут харошыя…»

Мяккая, пяшчотная, добрая – менавіта так хочацца ахарактарызаваць Марыю Нарэйка з Літвян, якая працуе сацыяльным работнікам з 2000 года. Да таго ж у пачатку 2021 года жанчына ўзяла на сябе смеласць стаць прыёмнай сям’ёй для далёкага родзіча з хваробай Паркінсона. 

– Так склаўся лёс, што нікога з блізкіх у родзіча не засталося, – расказвае пра падапечнага Марыя Феліксаўна. – Таму мы з мужам даўно за ім прыглядаем: пакуль жыў адзін, прывозілі прадукты, лекі, іншыя неабходныя рэчы, па дому дапамагалі, а калі хвароба стала прагрэсіраваць, зразумелі, што нельга пакідаць аднаго, – і забралі. Дзеці ўжо павырасталі, прылятаюць у роднае гняздзечка па выхадных і святах, дык чаму б не паклапаціцца пра пажылога хворага чалавека? Ніхто не ведае, якой будзе старасць у кожнага з нас.

Марыя Нарэйка – вопытны сацыяльны работнік з больш чым дваццацігадовым стажам. Акрамя пражываючага разам родзіча, яна апякуецца яшчэ сямю падапечнымі: усе жанчыны, узрост шасці з іх перасягнуў за восьмы дзясятак. Да кожнай з іх сацыяльны работнік ведае падыход і стараецца быць на адной хвалі.  

– Я спакойны чалавек, спрачацца не люблю, – сціпла прызнаецца суразмоўца. – Ды і людзі тут харошыя: колькі працую, ніколі з падапечнымі не было непаразумення. Канешне, пакуль прызвычайвалася і вопыт на вус матала, складаныя моманты ўзнікалі – але ж лёгка там, дзе нас няма. І з хворым родзічам спачатку не ведала, як сябе правільна паводзіць. Цяпер, калі ён раздражняецца, пачынаю ўсміхацца і ласкава пытаць, што здарылася, чаму ён сумны, – і праз некалькі хвілін ад дрэннага настрою не застаецца і сляда. Адсюль выснова і асноўны прынцып работы: калі да чалавека адносіцца з цеплынёй і дабром – ён абавязкова адкажа тым жа.

2.jpg

На пытанне, што ў яе працы самае складанае, Марыя Феліксаўна прызналася, што цяжэй даводзіцца зімой. Асабліва складана было перш, калі некаторыя падапечныя жылі аддалена ад вёскі і, каб данесці ім прадукты, трэба было «змагацца» з гурбамі. У апошні час такіх жыхароў амаль не засталося, але ўсё роўна ў халодную пару года працаваць цяжэй.

Аднак жанчына не адмовілася ад абавязкаў сацыяльнага работніка, не здрадзіла сваім падапечным. 

– Усё проста: прывыкла да працы, да людзей, – тлумачыць Марыя. – Сацработнік павінен быць разумеючым і спагадлівым. Сёння ты выслухаеш і падтрымаеш чалавека, а заўтра ён аддзячыць тым жа. За столькі гадоў ніколі не пачула ў свой адрас дрэннага слова, наадварот, падапечныя адносяцца з дабрынёй і прыязнасцю. Значыць, так і павінна быць.
Прыёмная сям’я – форма жыц­ця­­ўладкавання і сацыяльнага абслу­гоўвання, якая ўяўляе сумеснае пражыванне і вядзенне агульнай гаспадаркі асобы, што мае патрэбу ў сацыяльных паслугах, і чалавека, які іх аказвае. Арганізоўваць прыёмную сям’ю могуць паўналетнія дзеяздольныя грамадзяне (можна сям’я), якія не з’яўляюцца дзецьмі падапечных, не маюць абмежаванняў па здароўі і ў якіх ёсць жыллё, дзе могуць дадаткова пражываць адзін ці двое пажылых грамадзян або інвалідаў.

У раёне 6 прыёмных сем’яў, у якіх пражываюць 6 чалавек сталага ўзросту.

Замяшчаючая сям’я – добрая альтэрнатыва дому-інтэрнату. Права на такія паслугі маюць адзінокія паўналетнія непрацаздольныя інваліды І ці ІІ групы сталага ўзросту. Аказваць паслугі замяшчаючай сям’і можа дзеяздольны чалавек ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў (памочнік), які для падапечнага не з’яўляецца блізкім родзічам: бацькам, маці, мужам, жонкай, сынам ці дачкой. Замяшчаючая сям’я павінна забяспечыць пажылому чалавеку неабходны догляд, клапаціцца аб ім і ствараць спрыяльную псіхалагічную атмасферу. 

У раёне цяпер 2 замяшчаючыя сям’і. 

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.


Текст:
Фото: Марина Мацкевич