Гонар Астравецкага раёна Наталля Бялячыц

16:29 / 23.12.2021
Часта задумваюся: чаму партрэт менавіта таго ці іншага чалавека заносіцца на раённую Дошку гонару? Так, падобнай пашаны ўдастойваюцца сапраўдныя прафесіяналы ў сваёй галіне – але ж такіх у нас нямала! Напэўна, той, каму даверана прадстаўляць на працягу года гонар Астравецкага раёна, павінен быць не проста доб­рым працаўніком, а самым лепшым, адметным, з іскрынкай, агеньчыкам у вачах.

Менавіта такая, з іскрынкай, – Наталля Бялячыц, загадчык аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Рымдзюны. 




І адметнасць гаспадыні відаць адразу, як толькі пераступіш парог Дома культуры. Асабліва ў гэты пераднавагодні час. Так, да галоўных зімовых святаў кожная арганізацыя і ўстанова імкнецца ўбраць тэрыторыю і памяшканне – а традыцыйны раённы конкурс толькі паддае імпэту і інтрыгі. Але ў Рым­дзюнах убранства кожны год асаблівае, адметнае. Заўсёды зробленае практычна з нічога – але настолькі стыльна і прыгожа, што без прызавых месцаў у раённым конкурсе Рымдзюн­­скі дом культуры не заставаўся ні разу.

– Прасцей за ўсё накупляць дарагіх упрыгожанняў, светадыёдных кампа­зіцый, каб усё ззяла, блішчэла і пералівалася – прапаноў хоць адбаўляй, – дзеліцца сваім бачаннем навагодняга аздаблення Наталля Аляксандраўна. – Але на гэта патрэбны немалыя грошы. Дый нецікава так: купіў, павесіў... Мы стараемся ўсё рабіць з прыроднага матэрыялу з найменшымі затратамі.

З купленых упрыгожанняў у Рымдзюнскім доме культуры – толькі фігуркі Дзеда Мароза і Снягуркі, гірлянды – усе ў адным стылі, бела-блакітныя, ды высачэнная, пад самую столь, штучная ёлка – падарунак галоўнага памочніка і спонсара КСУП  «Гервяты», пад якой у святочныя дні водзяць карагоды дзеці.

 – Жывых дрэў не набываем даўно, – гаворыць Наталля Бялячыц. – Для кампазіцый нам хапае лапак, на вуліцы запальваем агеньчыкі на пасаджанай яшчэ светлай памяці ксяндзом Леанідам Несцюком елцы, што расце ля цэнтральнага ўваходу. 

А астатняе…

На вокнах – аднолькавыя вы­цінанкі: вясковая хата, падае снег, а над верхам, паўтараючы абрысы даху рымдзюнскага цэнтра, карункавы канёк: наш дом – наша крэпасць.
На падваконнях выраслі «гурбы снегу» з белага цюлю. Па іх раскіданы шышкі з той самай елкі ксяндза Леаніда. 

– Вокны ўпрыгожылі дзеці, якія ходзяць на заняткі ў творчыя майстэрні Дома культуры, я толькі паказала, што ды як, – расказвае пра сваіх добраахвотных памочнікаў Наталля Бялячыц. – Не паверыце: асабліва стараліся хлопчыкі з беларускай школы. Шустрыя, часам нават хуліганістыя, але папрасі іх – усё зробяць!

Яшчэ ў фае і залах Дома культуры размясцілася некалькі навагодніх кампазіцый: ёлкі, зробленыя з дашчатых пілетаў і пафарбаваныя ў белы колер; «прыцярушаныя снегам» галінкі хвоі; цюкі сена, на якіх прымасціліся саламяныя курачкі; дзеркачы – бярозавыя венікі-галякі…

– О, якія неабмежаваныя магчымасці ў гэтых венікаў! – раскрывае  фларыстычныя сак­рэты Наталля Аляксандраўна. – З імі любая кампазіцыя – ці зімовая, ці асенняя, ці летняя – зусім па-іншаму іграе. Таму мы нарыхтоўваем іх шмат…

І, вядома ж, рэчы з музейнага пакоя Дома культуры аздаб­ляюць кожную кампазіцыю! Драўляныя начоўкі са збожжам, калаўрот, газавая лямпа, кола ад воза… Спытайце, навошта яны ў навагодняй кампазіцыі – і Наталля Аляксандраўна вам раскажа:

– Ну як вы не разумееце? Дзед Мароз не можа выканаць усе жаданні – вунь іх колькі! І яму дапамагаюць нашы чароўныя нясушкі. Ноччу, калі ў будынку тухне святло, сама па сабе запальваецца чароўная лямпа, курачкі спускаюцца да карытца са збожжам. Клююць зерне – а ў кожным чыё-небудзь запаветнае жаданне схавана. І якое зярнятка склююць – тая мара і збудзецца.

І так пераканаўча пра гэта расказвае, што і не хочаш, а паверыш, што ўсё адбываецца менавіта так.

Зрэшты, пошта Дзеда Мароза тут таксама асаблівая: для хлопчыкаў і дзяўчынак падрыхтаваны лісточкі, канверты, склееныя дзецьмі на занятках у творчых майстэрнях. І, расказаўшы старому чараўніку, як цябе завуць, дзе жывеш і пра што марыш, можна спадзявацца, што ён адгукнецца на запаветнае «хачу…». А калі не зможа ці не паспее – у чараўнікоў таксама здараюцца форс-мажоры! – рымдзюнскія  курачкі яму ў дапамогу.

– Адкуль вы чэрпаеце ідэі? – не магу не пацікавіцца ў Наталлі Аляксандраўны.

– Ды адусюль! Нешта падгледжу – і прыстасую да нашых умоў: так, да прыкладу, было з венікам-галяком. Нешта падкажуць на бясплатных вебінарах, нечаму вучуся на анлайн курсах. Інфармацыі мора – было б жаданне ёю авалодаць.

Сваімі настаўнікамі ў справе рукатворнай прыгажосці Наталля Бялячыц лічыць Крысціну Шэлконе і Леаніда Несцюка. 

– Я працавала выхавальнікам у інтэрнаце, Крысціна выкладала ў школе сусветную мастацкую культуру і выяўленчае мастацтва. Жылі побач, і вечарамі яна збірала нас і вучыла рабіць паштоўкі – з таго часу я не купіла ў краме ніводнай – і многаму іншаму, а па вялікім рахунку – бачыць незвычайнае ў будзённым. А з Леанідам Пятровічам мы раіліся па ўсіх пытаннях афармлення ці то Дома культуры, ці то   касцёла. У ксяндза-пробашча быў непераўзыдзены густ, і яго пахвалу я ўспрымала як узнагароду, параду – як стымул да дзеяння, а крытыку – як неабходнасць выправіць памылку.

Дапамагае Наталлі Бялячыц у яе шматлікіх і вечных клопатах нешматлікі калектыў: рэжысёр Галіна Штура, тэхніч­ныя работнікі Аліна Штура і Тарэса Якаўлева, рабочы па абслу­гоў­ванні будынка Сігітас Мацко. 

– Яны разумеюць мае ідэі з паўслова! І самі імкнуцца зра­біць як лепш, часам і гаварыць не трэба, толькі агульны накірунак задаць. З такой камандай горы можна звярнуць!

Ці варта пасля гэтага здзіўляцца, што ад агеньчыка, які свеціцца ў вачах Наталлі Бялячыц, загараюцца вочы яе падначаленых, а потым непаў­торнай, незвычайнай прыгажосцю пачынае ззяць і ўвесь Рымдзюнскі дом культуры. 

А тое, што партрэт жанчыны з іскрынкамі ў вачах занеслі на раённую Дошку гонару, – толькі вынік.



Майстар-клас ад Наталлі Бялячыц

– Неабавязкова купляць дара­гія і аднатыпныя ёлачныя ўпры­го­жанні – можна зрабіць арыгі­нальную і стыльную цацку само­му.




З рудога кардону выраза­ем зорку. Каробкі, пэўна ж, ёсць у кожным доме? Мы, да прыкладу, нічога не выкідваем, ні кардонкі, ні стужачкі, ні вяровачкі – усё рана ці позна пойдзе ў справу! Можна няправільнай формы, ці якую іншую фігурку – што падкажа фантазія. Потым другую, такую ж па форме, але меншую.




Па краі фігуркі гарачым клеем – можна купіць у любым будаўнічым магазіне – акуратна прыклейваем вяровачку. На меншай фігурцы – таксама.




Спонжам ці звычайнай губкай для мыцця посуду шырокімі мазкамі, пакідаючы разводы, наносім белую фарбу – акварэльную, акрылавую – якая ёсць. Фігуркі склейваем, на верхнюю тым жа гарачым клеем прымацоўваем белы пенапластавы шарык, яловую галінку, каласок – што вам падкажа фантазія. Засталося прымайстраваць вяровачную пяцельку – і можна вешаць на ёлку. Хутка, арыгінальна, прыгожа!

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.

Текст: Нина Рыбик