Па якім рэцэпце квасяць капусту астраўчанкі, высвятляў карэспандэнт

13:00 / 30.11.2021
Восенню пачынаецца сезон квашанай капусты. Гэты смачны і натуральны прадукт – сапраўдная крыніца вітамінаў. У жыхарак Астравеччыны карэспандэнт пацікавіўся, ці квасяць яны капусту і па якім рэцэпце.

3.jpgАксана Кіндзер, настаўнік беларускай мовы і літаратуры:

– Я жыву з бацькамі. Увесь клопат па прыгатаванні ежы ляжыць на матулі. Яна штогод квасіць капус­ту – яны з татам вельмі любяць. Я не аматар такой капусты – для мяне яна закіслая, люблю марынаваную, але дзеля мяне адной яе ніхто не робіць. Ведаю, што многія здрабняюць качаны на электракамбайне, але маці, як і яе матуля, для гэтага выкарыстоўвае драўляную шаткоўню.

4.jpgСабіна Халько, супрацоўнік аптэкі:

– Квашаная капуста вельмі карысная для здароўя, там усё натуральнае, ніякіх дабавак і хіміі. Я жыву адна, але кожную восень раблю гэтую нарыхтоўку. Дарэчы сказаць, ставіць капусту трэба на чацвёрты ці пяты дзень пасля маладзіка – тады яна атрымаецца хрумсткай, цвёрдзенькай. Качан здрабняю нажом і выкладваю ў ёмістасць, на літр вады дадаю сталовую лыжку солі і заліваю масу. Калі дома цёпла, то праз 2-3 дні капуста гатовая. Раскладваю яе ў слоікі – і ў халадзільнік. Перад спажываннем дадаю крыху цукру, здробненай цыбулі і алей. Смачна есці!

2.jpgЛідзія Лакевіч, пенсіянерка:

– Капусту квашу кожны год, у нас яе ўсе любяць. Трэба нашаткаваць цэлае вядро, дадаць 100 грамаў солі і 3 літры астуджанай кіпячонай вады. Штодзень масу трэба перамешваць ці «прабіваць» таўкачыкам. Хуткасць квашання капусты залежыць ад тэмпературы ў памяшканні. Калі з’явіцца кіслата, пра гэта будзе сведчыць пенка і невялікія бурбалкі, тады ў капусту дадаю 150 грамаў цукру, кмін, моркву і журавіны, даю пастаяць гадзіну-другую. Потым раскладваю ў слоікі, на дно якіх абавязкова кладу змазаную мёдам лустачку чорнага хлеба, – і ў падвал. 

1.jpgГанна Русецкая, прадавец: 

– Квашаную капусту любяць усе ў нашай сям’і – але, якія толькі рэцэпты ні выкрыстоўвала, яна ў мяне чамусьці не атрымліваецца. Таму даводзіцца набываць квашаную капусту ў магазіне – хоць і не хатняя, але таксама смачная.  

Галіна Шушковіч, пенсіянерка (без фота):

– Колькі сябе памятаю, у нашай сям’і квасілі капусту: і маці, і бабуля, цяпер і я. Праўда, даўней рабілі гэта ў вялікіх аб’ёмах – шмат шаткавалі. Дарэчы, гэтым у нас займаліся выключна мужчыны. Каб капуста была хрумсткай цягам некалькіх месяцаў, бабуля дадавала крыху таркаванага кораня хрэна. Я, напрыклад, цяпер квашу адну-дзве капусныя галавы, з’ядаем – раб­лю яшчэ. Універсальнага рэцэпта не маю, усё кладу на вока. 

Текст:
Фото: Алёна Ганулич