У Варнянах адзначылі Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі

13:10 / 20.11.2021

Урачыстасць адкрыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук з хвіліны маўчання: заўчасна пайшоў з жыцця кіраўнік КСУП “Варняны” Аляксандр Паўлавіч Грымбоўскі. Пад яго пільным наглядам быў пасеяны і прыбраны з палёў ураджай 2021 года. Нягледзячы на свае маладыя гады, Аляксандр Грымбоўскі ўнёс значны ўклад у развіццё “Варнян”, ён быў з кагорты тых людзей, якія ўсёй душой любяць сельскую гаспадарку, зямлю, вясковую працу.

– Штогод у трэцюю нядзелю лістапада традыцыйна адзначаецца Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Гэта прафесійнае свята людзей, дзякуючы працы якіх у нас стале ёсць хлеб, мяса, малако, гародніна. У кожным караваі часцінка нялёгкай працы вясковых работнікаў. Веру, што КСУП “Варняны” і яго працаўнікі ў хуткім часе справяцца з усімі цяжкасцямі і праблемамі. Шчыра ўдзячна вам за штодзённую нялёгкую працу. Віншую са святам і жадаю дабрыні, радасці, а самае галоўнае – моцнага здароўя. Няхай вас не падводзяць ні тэхніка, ні надвор’е, – пажадала варнянскім работнікам Ірына Эдуардаўна, а таксама расказала пра вынікі сельскагаспадарчага года і назвала імёны перадавікоў аграпрамысловага комплексу раёна.

Да віншаванняў далучыліся і старшыня Варнянскага сельскага выканаўчага камітэта, член раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Вярбовіч і першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вольга Умрыхіна.

– На бетоне зерне не вырасціш, з ліхтарнага слупа яблыка не здымеш. Як бы навукова-тэхнічна ні развіваўся аграпрамысловы комплекс, па- ранейшаму асноўным і галоўным у сельскай гаспадарцы з’яўляецца чалавек, – падкрэсліла Вольга Віктараўна. – Дарагія калегі, ад душы віншую вас з прафесійным святам. Жадаю высокіх надояў і намалотаў, здароўя вам і вашым блізкім. Удачы і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Пасля віншаванняў надышла чарга для ўзнагароджання. Адметна, што адразу 2 працаўнікі КСУП “Варняны” ўвайшлі ў тройку лепшых вадзіцеляў раёна на адвозе збожжа: Марыян Масойць і Уладзімір Грынцэвіч занялі адпаведна 2-е і 3-е месцы ў раённым спаборніцтве. Лепшым у прафесіі сярод вадзіцеляў гаспадаркі прызнаны Эдуард Дзенюш, а сярод трактарыстаў-машыністаў – Уладзімір Мятлеўскі і Аляксандр Юркойць. Падзячнае пісьмо Астравецкага раённага Савета дэпутатаў атрымалі начальнік малочна-таварнага комплексу “Газа” Генаефа Харкевіч, трактарыст-машыніст Сяргей Добыш і аператар машыннага даення МТФ “Варона” Тарэса Лойка. Раённае аб’яднанне прафсаюзаў і райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу адзначылі жывёлавода МТК “Газа” Надзею Сянюць і ветэрынарнага фельчара Уладзіміра Буркевіча, Беларускі саюз жанчын – загадчыка МТФ “Варона” Марыю Грынцэвіч. Па аб’ектыўных прычынах у гэты святочны дзень не ўсе перадавікі прысутнічалі ў зале – але граматы, Падзякі і падарункі абавязкова будуць ім перададзены.

IMG_4766.jpg

IMG_4774.jpg

Трэцяе месца ў раённым спаборніцтве сярод вадзіцеляў заняў Уладзімір Грынцэвіч

IMG_4778.jpg

Аляксандра Юркойця віншуе Ірына Тальчук

IMG_4779.jpg

Лепшым вадзіцелем у гаспадарцы прызнаны Эдуард Дзенюш

IMG_4783.jpg

Больш за 40 гадоў у сельскай гаспадарцы працуе Тарэса Лойка

IMG_4794.jpg

Старшыня Варнянскага сельвыканкама Аляксандр Вярбовіч

IMG_4805.jpg

Марыю Грынцэвіч віншуе Вольга Умрыхіна

IMG_4808.jpg
Віншаванні прымае Надзея Сянюць

IMG_4813.jpg

Тарэса Лойка, Генаефа Харкевіч і Надзея Сянюць

IMG_4820.jpg

Текст:
Фото: Алёна Ганулич