Рэпарцёр высвятляў: хто навучыў астраўчан вадзіць машыну

13:00 / 29.10.2021
Напярэдадні Дня аўтамабіліста і дарожніка наш карэспандэнт пацікавіўся ў жыхароў Астравеччыны, хто навучыў іх вадзіць аўтамабіль. 

5.jpgСяргей Семянцоў, трактарыст-машыніст:

– Многія мае сябры і знаёмыя з тэхнікай на «ты», дзякуючы свайму бацьку. Мне ў гэтым сэнсе не пашанцавала: таты не стала, калі быў маленькі. З дзяцінства хацеў стаць трактарыс­там – мая мара ажыццявілася. Тэхніку асвоіў і атрымаў адпаведныя правы ў Варнянскім вучэбна-вытворчым камбінаце, пазней здаў на катэгорыю «В». Каля пяці гадоў працую ў КСУП «Гудагай», дарэчы сказаць, у нашай гаспадарцы шмат моладзі. Канешне, люблю легкавыя аўтамабілі, але найбольш – збожжаўборачны камбайн. З гэтай машынай ніводная не параўнаецца. Некалькі сезонаў працаваў у пары з Сяргеем Трусевічам; летась мы першымі ў раёне і вобласці намалацілі тысячу тон збожжа сярод маладзёжных экіпажаў.  



4.jpgСвятлана Алёхна, спецыяліст па кадрах:

– Маё сяброўства з ваджэннем пачыналася дастаткова цікава. Муж, як я яго ні ўгаворвала, быў супраць, каб я здавала на правы, – не ведаю, ці за мяне хваляваўся, ці за машыну. (Усміхаецца.)

На Новы год зрабіла сабе падарунак: запісалася ў аўташколу, а сваю другую палавінку паставіла перад фактам, паказаўшы чэк аб аплаце.

Я вельмі ўдзячна свайму інструктару Віктару Альбінавічу, які «ганяў» мяне па самых складаных скрыжаваннях. Дарэчы сказаць, на першых занятках ён не паверыў, што ні разу не сядзела за рулём, і вынес прафесійны вердыкт: ездзіць будзеш. Так і сталася – за рулём ужо 6 гадоў.

3.jpgСвятлана Астроўская, намеснік начальніка малочна-таварнага комплексу:

– У нашай сям’і толькі я ваджу машыну, муж правоў не мае. Вучылася і здавала 10 гадоў назад у Варнянах. Тады не было камп’ютарных праграм – і мы цягнулі білеты. Тэорыю і практыку здала з першага раза – дзякуй вялікі светлай памяці нашаму інструктару Пятру Аляксеевічу Савічу. За рулём кожны дзень – на ўласнай машыне дабіраюся на работу. Было шмат розных выпадкаў – смешных і не вельмі. Здаралася, што і заносіла, але бог сцярог: выкручвала руль, ды і хуткасць была невялікая. Заўсёды прытрымліваюся правілаў дарожнага руху і дзяцей сваіх гэтаму вучу – не мной сказана, што дарога памылак не даруе.

1.jpgАлеся Гражуль, спецыяліст: 

–  За рулём да аўташколы не сядзела і не мела ніякага ўяўлення пра ваджэнне і ўстройства аўтамабіля. Больш таго, баялася хуткасці і не з кожным вадзіцелем адчувала сябе камфортна на пасажырскім сядзенні. Па збегу абставін вырашыла атрымаць вадзіцельскія правы – гэта быў выклік сабе самой: ці змагу, ці атрымаецца? Змагла! (Усміхаецца.)

Праўда, не з першага разу здала тэорыю і ваджэнне. Адразу купіла аўтамабіль, разумела: калі цяпер не сяду за руль – не зраблю гэтага ніколі. Пайшоў другі год, як стала вадзіцелем. Ад ваджэння атрымліваю асалоду.

Дзяўчатам і жанчынам, якія мараць атрымаць правы, раю: запісвайцеся ў аўташколу, усяму можна навучыцца, было б толькі жаданне.  

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: