Хто перавыхаваў бедную авечку?

16:18 / 13.10.2021
Мае сябры трымаюць даволі моцную па цяперашнім часе гаспадарку. Сярод іншых хатніх жывёл ёсць і невялікі авечы статак.
У ім выдзялялася адна авечка – дужая, адважная і даволі агрэсіўная. Яна ганяла сваіх сябровак, барана і нават карову. Куры і індыкі, прыкмеціўшы гэтую свавольніцу, разбягаліся хто куды. 

IMG-cbd24daeaa790e2e49fc1b3028053100-V.jpg

Здаралася, што нападала яна і на сабачыя будкі – раз’юшаныя сабакі з брэхам выскоквалі з жытла, каб прагнаць крыўдзіцеля, але ўбачыўшы Бадушку, падціснуўшы хвасты, вярталіся ў сваё сховішча. Перападала часам і гаспадарам, праўда, злёгку – нават авечы розум не дазваляў крыўдзіць таго, хто корміць і поіць.
Гаспадыня празвала баявую авечку Бадушкай. Свавольніца адчувала сябе самай важнай персонай у гаспадарцы і жыла прыпяваючы. 
Аднойчы раненька гаспадыня выпусціла авечак пашчыпаць траўку ў садзе. Баявая авечка, паснедаўшы, узняла галаву і стала выглядаць, з кім бы пабіцца. Заўважыўшы домікі, падобныя да сабачых будак, Бадушка некалькі разоў злёгку стукнула ілбом па адным з іх. Унутры пачуўся незадаволены гул, але ніхто не выскачыў праверыць, хто яго турбуе. Тады баявуха разагналася і з усяе сілы бухнула галавой у домік – раз, затым другі! Той перакуліўся – і з «будкі» вылецеў рой пчол. Крылатыя абаронцы свайго дома дружна накінуліся на авечку: пакусалі ёй нос, вочы, вушы – усюды, дзе дасталі.
Праз колькі часу гаспадыня вырашыла перавесці авечы статак на лепшую траву. Глянула – а Бадушкі няма! Там і сям шукала – прапала авечка. «Няўжо з ваўком паборалася? – спалохана падумала жанчына. – Шэрыя ж апошнім часам зусім расперазаліся».
А потым згледзела прапажу: Бадушка нерухома ляжала непадалёк пчаліных вулляў. Па тым, як адзін з іх ляжаў на баку, зразумела, з кім усчала бойку яе адчайная Бадушка і хто у ёй перамог.
Тры дні гаспадыня адпойвала ледзь жывую авечку, рабіла ёй прымочкі, мазала цудадзейным эліксірам пакусаныя месцы. І падняла-такі гаротніцу на ногі!
Пасля гэтага здарэння прапаў у свавольніцы ўсякі імпэт да бітваў. Гаспадыня нават падумвае: ці не перайменаваць яе з Бадушкі ў Ціхмянку?

 Ганна ІВАНОЎСКАЯ.



Текст: Главный администратор