Замалёўка пра восеньскі лес

16:50 / 06.10.2021
На вольхах сумна цямнее лісце. Нерашуча бляклымі рудымі матылькамі, павольна пакручваючыся, падае на зямлю. Адзін матылёк, другі… Гарэзлівы вецер прынёс на ганак бярозавы лісток. 

«Осенний лист такой нарядный
 ко мне в окошко залетел…». 

Обои Яркий осенний лес в лучах солнца на рабочий стол

Настальгія? Сум па мінулым… Схадзіць ці не? Пайду, вырашыла я, тым больш дзень цёплы. Іду і падстаўляю твар пад промні вераснёўскага сонца. Ад вуліцы Усходняй смела бяжыць уздоўж поля пратаптаная паміж кустоў і дрэў не адным дзясяткам ног старая сцежка. …Прабач мяне, мой лес, мой Скорадзень, але ўжо 58 гадоў спатыкае мяне лес Астравеччыны і яго сцежкі – яны вядуць у Бабанішкі, Бялькішкі, Малі.

На гэты раз лес сустрэў асцярожнай цішынёй. Верхавіна бярозы нібыта плавілася ў сонечным святле, і з яе ападалі лісточкі. Бач! Яна нахілілася да дуба, абхапіла яго галінамі, абаперлася на яго магутны ствол. Каханне? Не. Яна, старэнькая, баіцца ўпасці. А ён падставіў моцнае плячо, прытуліў ласкава, нібы сын маці. Пазалочаныя восеньскім сонцам косы яе верхавіны перапляліся з кучаравымі зялёнымі завіткамі волата-дуба.

Добры кавалак сцежкі аддаляе ад дуба і бярозы. Раптам дрэвы крыху расступіліся, даўшы месца каменнаму пятачку. Тут смела пасялілася сям’я валуноў. Некаторыя з іх пакрыліся зялёным аксамітам моху. Хто іх сюды накідаў, які архітэктар стварыў гэты цуд?

«И от осени не спрятаться, 
не скрыться…
Листья жёлтые, скажите, 
что вам снится?». 

Загадкавасць. Здзіўленне. На валуне сядзела прыгожая жанчына. Побач стаяў юнак, іграў на саксафоне – відаць, сын. Ад нечаканасці я затрымалася. «Узнёслае і зямное, – падумалася мне. – Восеньскае лясное дзіва». Жанчына ласкава ўсміхнулася. Я папрасіла дазволу паслухаць – і яны далі згоду. 

«Листья жёлтые над городом 
кружатся,
Тихим шорохом нам под ноги 
ложатся…»

Здавалася, спяваў сам саксафон. Скажаце: а як жа птушыныя спевы? Не толькі. Зямное і ўзнёслае цесна пераплялося ў восеньскім лесе. 

Яна ГАЛІНА, Астравец. 



Текст: Главный администратор