Ветэраны сябруюць з культурай
11:06 / 26.09.2021
Практычна ніводная грамадска-патрыятычная акцыя ў раёне не праходзіць без удзелу ветэранаў. У цэнтры ўвагі – былыя малалетнія вязні фашысцкіх канцлагераў Таццяна Нікіфараўна Волкава, Ніна Адамаўна Маргуж, Ніна Іларыёнаўна Мілідовіч, Галіна Мікітаўна Петрык, Соф'я Цярэнцьеўна Палуян, Еўдакія Рыгораўна Сігалёва, удзельніца Вялікай Айчыннай вайны Валянціна Цітаўна Ярохіна. Ім першым – віншаванні са святамі Перамогі і вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, шчырыя вітанні з памятнымі сямейнымі і асабістымі датамі, кветкі і песні ў падарунак. Заслужылі сваім сумленным жыццём і працай.
Сёлета споўнілася 80 гадоў з дня гібелі першага старшыні Жукойненскага сельсавета Канстанціна Аляксандравіча Гімбіцкага, люта замучанага фашыстамі. Дваццатага чэрвеня адбыўся мітынг памяці, падрыхтаваны раённым саветам ветэранаў начале з Ірынай Шляхтун і пярвічнай арганізацыяй КСУП «Міхалішкі» і яе лідарам Генрыхам Часнойцем.
У фізкультурна-аздараўленчым комплексе «Імпульс» ветэран педагагічнай працы Валерый Блахін стварыў спартыўную групу для людзей сярэбранага ўзросту. Заняткі праводзяцца двойчы на тыдзень і жадаючых умацаваць свае сілы збіраецца даволі шмат. Напрыканцы ліпеня каманда астраўчан-ветэранаў прыняла ўдзел у абласным конкурсе МНС «Мудрасць, вопыт, бяспека» і заняла 2-е месца. А яшчэ ў актыве нашых маладых душой пенсіянераў – спаборніцтвы рыбаловаў-аматараў на «Дзень рыбака» ў Кямелішках, пазнавальныя экскурсіі ў Гальшанскі замак і на радзіму кампазітара Міхаіла-
Клеафаса Агінскага ў Залессе, а таксама любімыя вяскоўцамі святы іх паселішчаў.
Пярвічныя ветэранскія арганізацыі ў аграгарадках таксама не застаюцца ў баку. Пры большасці вясковых клубаў створаны розныя аматарскія аб'яднанні людзей сярэбранага ўзросту, і на іх ліку нямала добрых спраў. Наладзіўшы цесныя стасункі, вывучыўшы назапашаны вопыт, можна і трэба зрабіць жыццё пажылых людзей паўнакроўным, цікавым – гэтая думка была лейтматывам размовы на пасяджэнні.
Прыемнымі момантамі сталі знаёмства з экспазіцыяй гісторыка-этнаграфічнага музея, які пакуль задзейнічаны для мастацкіх выстаў, і з новымі заламі раённай бібліятэкі. Яе супрацоўнікі прапанавалі гасцям змястоўную літаратурна-музычную кампазіцыю, прысвечаную Дню народнага адзінства, і гарбату з салодкімі пачастункамі.

