Як карэспандэнт газеты бульбу капала

11:00 / 21.09.2021
На капанні «людской» бульбы ў калгасе не была гадоў з дзясятак. Але не таму, што сотак не мела, ці дапамагчы родзічам часу не ставала – для сваіх працаўнікоў кіраўніцтва некаторых КСУПаў прывозіла выкапаную бульбу прама на падворак. Усё, што патрабавалася, – заплаціць за такія паслугі.

3.jpg

Сёлета гудагайцам прапанавалі выкапаць бульбу самастойна. Мяне запрасілі дапамагчы.

Не ведаю, якім быў настрой суседзяў па «парах» і па ўчастках, у мяне ж – проста адменны. 

Ды і як інакш, калі раніца суботы выдалася на «ўра»: грэла, але не паліла яркае сонейка, лёгкія павевы ветрыку разганялі рэдкія хмаркі, ногі правальваліся ў мяккую, пульхную глебу, на якой ружавела бачкамі чысценькая бульбачка.

А колькі капачоў сабралася на дайноўскім полі! Раней амаль кожная сям’я, трымаючы вялікую гаспадарку, брала па 40-50 сотак, таму кожная грамада на сваім участку здавалася невялікай кропкай. І капалі суседзі бульбу – здалёк перакрыкваючыся.

На гэты раз на кожныя 8-10 баразён высыпала па 10-15 чалавек. Здавалася, бульбы на ўсіх не хопіць. Але як было спрытна, весела і шумна! Работа кіпела ў адных –  па іх прыкладу падцягваліся і іншыя. 

Глядзіш, тут каля кошыкаў «капошацца» падлеткі – для многіх з іх гэта было першае ў жыцці бульбакапанне. Маю на ўвазе не вясковых дзяцей – хутчэй за ўсё, на сваім прысядзібным участку яны не раз дапамагалі бацькам. А гарадскіх – «запрошаных». 

А вунь пад прыглядам мамы ці таты стараюцца-завіхаюцца трох-чатырохгадавалыя малышы – ім так хочацца быць падобнымі да дарослых! Вось бабуля, не скапалі яшчэ і паловы, клапатліва ўсадзіла ўнукаў на мяшкі адпачыць і частуе іх чаем з «зайчыкавым» хлебам, на якім красуецца вялікая катлета…

Настрой падымалі і гусценька выстаўленыя ў радкі мяхі з бульбай – усё поле пад канец працоўнага дня было запоўнена імі. Вазілі таксама бадзёра і хутка – хто на трактары, хто ў прычэп невялічкага мотаблока грузіў, а хто і легкавы аўтамабіль умудрыўся на поле загнаць…

І такая мілата ў сэрца запала: гэта ж як цудоўна, калі людзі працуюць разам, усёй сям’ёй, усёй грамадой, усёй вёскай – добра, адказна, на вынік!

6.jpg


Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Ольга Хотянович