Наша адзінства наканавана гісторыяй

16:55 / 20.09.2021

Астравеччына – край асаблівы. Наслядзіў тут не толькі ледавік, які ператварыў яго ў “беларускую Швейцарыю”, шчодрай рукой сыпануўшы азёр і пагоркаў, раскідаўшы лясы і даліны, прачарціўшы руслы рэчак.

5.jpg

Сваю спадчыну пакінулі і шматлікія войны ды міжнацыянальныя канфлікты, пасля кожнага з якіх розная кроў заставалася не толькі ў зямлі, але і ў нашчадках.

А потым былі савецкія часы, калі “мой адрас – не дом і не вуліца…”, і беларус ехаў служыць ці працаваць на Камчатку, а армяніну ці татарыну роднай станавілася наша сінявокая.

Цяпер на Астравеччыне “пасялілася” атамная электрастанцыя, на будаўніцтва і на работу на якой людзі прыязджаюць за тысячы кіламетраў з пашпартамі розных краін – і многія з іх знаходзяць тут свой лёс. А далей – ці то беларусам давядзецца асвойваць новыя паралелі і мерыдыяны, ці то “новым астраўчанам” вывучаць мясцовыя традыцыі і прыстасоўвацца да новага ўкладу жыцця.

Вось і атрымліваецца, што народнае адзінства не толькі для нашага краю, а для ўсёй Беларусі – гэта не дзень і нават не год, а лад жыцця. Бо як нам не жыць у адзінстве, калі чалавек іншай нацыянальнасці працуе побач, жыве па-суседску ці ўжо нават стаў родзічам?

Астравеччына заўсёды гасцінна прымала прадстаўнікоў розных народаў, якія сваёй працай праслаўлялі наш край. І выпраўляла сваіх дзяцей у іншыя гарады і краіны, дзе яны дасягалі вышынь і дабіваліся перамог.

Так было заўсёды. Варта ўспомніць хоць бы беларуса Іосіфа Гашкевіча, які прарубіў для Расіі акно ў краіну ўзыходячага сонца, стаў першым, хто з’яднаў дзве зусім непадобныя культуры – рускую і японскую, а дажываў свой век на Астравеччыне.

А вось Мар’ян Богуш-Шышка, нарадзіўся ў нашым краі, у Трокеніках: тут вучыўся маляваць, натхняўся мясцовымі краявідамі – а мастаком стагоддзя яго назвалі ў Лондане.

Колькі розных нацыянальных асаблівасцей намешана ў крыві, у таленце і характары Льва Дабжынскага: і рускай – мастак быў дальнім сваяком Льва Талстога, у гонар якога атрымаў імя, і польскай – у суседняй краіне яго лічаць сваім мастаком, і беларускай – у Лошы ён жыў, у Вільні вучыўся ў Фердынанда Рушчыца…

З Астравеччыны родам літоўская мастачка Бірутэ Куцкайтэ, яўрэйскі паэт Менке Кац, шведскія землеўладальнікі і лесапрамыслоўцы Сволькены, дзякуючы якім атрымаў адукацыю і стаў тым, кім стаў, шчыры патрыёт Бацькаўшчыны, святар, паэт і публіцыст Казімір Сваяк.

Працягваць можна доўга – і пра кожны з драматычных лёсаў гэтых людзей, так ці інакш звязаных з Астравеччынай, можна пісаць раманы і здымаць фільмы.

Нехта скажа: калі тое было… А цяпер?

Але і ў сучаснасці не менш прыкладаў сапраўднага народнага адзінства, якім прасякнуты лёсы нашых людзей.

Бадай што самы яскравы прыклад – ксёндз Леанід Нясцюк. Сын літоўскай дзяўчыны і беларускага хлопца, які выхоўваўся ў Казахстане, вучыўся ў Літве, ператварыў беларускае мястэчка Гервяты і касцёл Святой Тройцы ў беларускі Нотр-Дам – мясціну, якая ўвайшла ва ўсе турыстычныя каталогі краіны.

А выхадзец з Астравеччыны Леанард Тапуць, заслужаны выпрабавальнік касмадрома Байканур, сказаў сваё важкае слова ў асваенні касмічнай прасторы.

…Некалі жыхарка Гервят Надзея Хабібуліна, руская па нацыянальнасці, якая выйшла замуж за татарына, гаварыла: “Я не ведаю, якой нацыянальнасці мае дзеці. А тым больш – унукі: у адной дачкі муж літовец, у другой – украінец…”

На гэтым – на еднасці па крыві, светапогляду, узаемаразуменні трымаецца народнае адзінства. І нават спробы раздзяліць нас па нацыянальнай прыналежнасці, веравызнанні ці грамадзянству той ці іншай краіны, на мой погляд, беспаспяховыя. У тым выпадку, калі людзі будуць ставіць на першае месца агульначалавечыя каштоўнасці, а толькі потым – усе астатнія.


Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно. 

Текст: Нина Рыбик
Фото: из архива «АП»