Дзеці чуюць усё!

10:48 / 26.08.2021
Якім асцярожным трэба быць у выказваннях, калi ў доме малыя дзецi, я  зразумела не адразу.

А калі ў госці прыйшлi сяброўкi, мы завялі жаночыя размовы, сталі «травіць» анекдоты, упэўненыя, што шасцігадовая дачка, занятая сваiмi гульнямі, не звяртае на нас увагi.

Калi ўвосень дачушка пайшла ў першы клас, у яе выявiлi схiльнасць да музыкi i параілі запісацца ў школу мастацтваў. І вось адбор. У кабінет дзяцей запрашалі адных, расхваляваныя бацькі чакалі за дзвярыма. 

Паклікалі дачку, я перамерыла крокамі калідор уздоўж і ўпоперак. Праз некаторы час малая выскачыла з радасным крыкам: «Мама, мяне прынялi!» Я ўзрадавалася не менш, павіншавала дачушку і паабяцала ёй паход у кафэ.

За столікам стала цікавіцца, як прайшоў экзамен, што пыталі. Дзіця, ласуючыся марожаным, расказала, як паўтарала гукі, спявала, што гаварыла. 

– А калі спыталі, якіх кампазітараў ведаю, я ім столькі прозвішчаў назвала, што яны адразу сказалі: «Цудоўна, дзяўчынка, ты залічана!»

Я насцярожылася: адкуль малая ведае кампазітараў? Мы з ёй размовы на такія інтэлектуальныя тэмы не вялі… Нібы незнарок запытала, адкуль яна ведае столькі прозвішчаў.

– А я ўспомніла анекдот, што ты цётачцы Тамары расказвала, вы яшчэ так гучна смяяліся, што сусед зверху па батарэі стаў стукаць.

– Які анекдот? – пахаладзела ў мяне ўнутры.

– Ну той… Як ранкам устаў Бетховен, працёр Глазуноўскага, пагладзiў Бара­дзiна, з’еў Мяскоўскага з Хрэннiка­вым, закусіў Бiзэ, запiў Чайкоўскiм – і пачалося Пучынi, затым Паганiнi. Накi­нуў ён на плечы Шубэрта, выбег на Дворжака, сеў каля Мусарскага – i атрымаўся Бах. Там яшчэ нешта было пра Ліста, Шапэна, Гуно, я ўсё не запомніла…

– Ты што, расказвала ім гэты анекдот? – я гатова была пад стол праваліцца, уяўляючы наступную сустрэчу з дач­чынымі настаўнікамі.

– Ну што ты, мамачка! Толькі про­звішчы кампазітараў назвала… 

Доўга я потым успамінала, якія яшчэ анекдоты магла пачуць і запомніць дачка. І на якім экзамене захоча іх працытаваць…

Вось тады і зразумела, што дзеці ўсё чуюць. Таму для шчырых размоў з сяброўкамі з таго часу выбірала іншыя, «бяздзетныя» месцы.                                   

Рэгiна ДРЭМА.

Текст: Главный администратор
Фото: из интернета