Ад вёскі Рудня засталася толькі памяць
12:00 / 23.08.2021
Але і бабуля Аксаны, Гэлена Канчанін, напэўна, не магла прадбачыць, што апусцее, зарасце травой у пояс не толькі іх двор, а ўся прыгожая, утульная, гасцінная вёсачка Рудня…
Маленькая, маладзенькая…
Вёска Рудня ў параўнанні з навакольнымі – маладая, яна ўзнікла толькі ў 19 стагоддзі. У архіўных дакументах за 1875 год гэта – 2 хутары з двума гаспадарамі: дваранін Альбін Тамкевіч, які атрымаў зямельны надзел за ваенную службу, і Фадзей Каждалевіч. У 1913 годзе ў Рудні ўжо 5 двароў: Фадзей Вайцяховіч, Міхаіл-Кшыштоф Гаспер, Аляксандр Каждалевіч, Кляменцій Розак, Іосіф Папко. Жыхароў – 13. Пазначана як засценак Рудня.
Энцыклапедыя «Гарады і вёскі Беларусі» падае такую інфармацыю:
«Рудня. У 19 ст. – у Лынтупскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні. З 12.10.1940 – вёска ў Клюшчанскім с/с Свірскага раёна Вілейскай вобласці, з 20.9.1944 г. – у Маладзечанскай вобл.: з 3.4.1959 г. – у Спондаўскім с/с, з 31.8.1959 г. – у Астравецкім раёне . У 1959 г. на хут. Рудня-1 – 15 жых., Рудня-2 – 3 жыхары. З 20.1.1960 г. – у Гродзенскай вобл., з 26.12.1962 г. – Смаргонскім, з 6.1.1965 г. – Астравецкім р-х. У 1970-м – 10 двароў, 29 жыхароў. У 2004-м – 1 двор і 3 жыхары.»
Тапонімаў Рудня і вытворных ад яго шмат не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Расіі, Украіне – у мінулыя часы так называлася дробнае прамысловае прадпрыемства, на якім здабывалі балотную жалезную руду або плавілі з яе жалеза. Людзей, што займаліся гэтым, называлі руднікамі.
Бабуля Аксаны Багданавай расказвала, што каля Рудні таксама некалі знайшлі руду, але палічылі яе распрацоўкі эканамічна немэтазгоднымі. Унучка з бабцяй часта фантазіравалі, якой была б іх вёска, калі б радовішча распрацавалі. Можа, таму Аксана і цяпер у снах часта бачыць Рудню вялікім пасёлкам з катэджамі, асфальтавай дарогай і бетоннымі агароджамі.
Праўда, некаторыя лічаць, што назва вёскі пайшла ад прозвішча пана Рудніцкага, але пацвярджэння гэтая версія не мае.
Рудня знаходзіцца ў некалькіх сотнях метраў ад мяжы са Швянчонскім раёнам Літвы, таму многія мясцовыя тапонімы маюць літоўскія карані. Напрыклад, рэчка Струна, якая злучаецца з Пелякой і затым упадае ў Страчу, бярэ пачатак каля вёскі Струнайціс – адгэтуль і назва. А параўнанне са струной – маўляў, яе рэчышча такое ж прамое – не вытрымлівае крытыкі, бо роўным яно стала пасля праведзенай тут меліярацыі, а некалі, успамінае Ана Вайцяховіч, было віхлястае, як чарвяк.
Поле за Рудняй, каля лесу, парослае бялёсай травой, якую не есць ні адна жывёліна і аб якую можна парэзаць ногі, завецца Нотакай, што ў перакладзе з літоўскага азначае «нявеста». Напэўна, так назвалі за белы колер і недатыкальнасць.
Сустракаюцца тут і польскія тапонімы – Лонкі, Выспа, Выгродня, Высмалы.
Адна з адметнасцяў вёскі – чыгуначны мост праз раку Струну. Першапачаткова ён быў драўляным. Падчас вайны яго раз-пораз узрывалі, хоць на ім дзяжурылі салдаты. Пераправу аднаўлялі, але ненадоўга: хутка зноў гучаў разбуральны выбух. У 1978-79-ых гадах замест драўлянага пабудавалі жалезабетонны мост, які захаваўся да сённяшняга часу. Побач з чыгуначным мастом знаходзіўся яшчэ адзін, аўтамабільны.
Працаваў некалі ў Рудні і невялікі млын на рэчцы Струна.
У 1967 годзе да вёскі падвялі электрычнасць.
У вёсцы цанілі і любілі свабоду і прастору, у жыхароў былі вялікія двары, дыхтоўныя дамы і гаспадарчыя пабудовы, у кожнага гаспадара – свае лазня і калодзеж.
Руднянскія лясы славіліся грыбамі і ягадамі: чарніцы, буякі, брусніцы, маліны – усяго хапала. Летам па чарніцы хадзілі кожны дзень.
– Памятаю, як бабуля рабіла падкалотку: некалькі хвілін ягады варылі, потым дабаўлялі муку, разведзеную вадой, і даводзілі да кіпення. Елі з блінамі. Кожны раз падкалотка атрымлівалася рознай, дзед любіў як гусцей. Цяпер, у які лес ні зайду, – пасля руднянскага мне ўсюды мала ягад. Больш нідзе і ніколі столькі не бачыла, як у нас, – успамінае Аксана Багданава.
Цяжкая дарога ў школу…
Руднянскія дзеці ў пачатковую школу хадзілі за паўтара кіламетра ў Світайлішкі (цяпер гэта тэрыторыя Літвы) , а васьмігодку заканчвалі ў Клюшчанах – больш за 4 кіламетры ад вёскі. Дарога вяла праз лес, таму зімой хадзілі з запаленымі факеламі, каб адганяць ваўкоў. Аксана Багданава расказвае:
– Самы страшны ўспамін маёй мамы – ваўкі па дарозе ў школу, якія аднойчы падышлі зусім блізка. Гэты страх застаўся ў яе назаўсёды. Здаралася, што мама ноччу крычала «Ваўкі! Ваўкі!» – і прачыналася ад жаху.
Хто хацеў атрымаць сярэднюю адукацыю, працягвалі вучобу ў Швянчонісе ці ў Лынтупах – здымалі там кватэры, а на канікулы ці ў нядзелю тым жа небяспечным шляхам праз лес ішлі дамоў.
Даяркі, што працавалі на ферме ў Клюшчанах, падымаліся раненька і ішлі на працу зацемна. Зімы раней былі суровыя, за ноч снегу намятала так, што ад дарогі і знаку не заставалася. Жанчыны галінкамі пазначалі шлях, каб дзеці, ідучы ў школу, не зблудзілі.
Пішу – і міжволі параўноўваю з нашым часам, калі дарогу чысцяць, аўтобусы забіраюць школьнікаў з кожнай вёсачкі ці хутара… Але ці сталі яны лепш вучыцца, ці больш выходзіць з нашых школ сучасных вучоных, даследчыкаў, талентаў, якія праслаўляюць сваю маленькую радзіму? Мусіць, тыя, хто здабывалі веды так цяжка, цанілі іх больш і імкнуліся не змарнаваць.
…І да храма
Усе жыхары Рудні належалі да клюшчанскай парафіі. Калі ў 1948 годзе касцёл закрылі, ездзілі аўтобусам у літоўскі Струнайціс – там касцёлы і вернікаў менш падвяргалі ганенням. На вялікія святы – Вербную нядзелю, Вялікдзень – аднавяскоўцаў да касцёла вазіў на калгасным грузавіку Стас Трыбоцкі, адважны і пабожны чалавек: у свой час, калі разбіралі клюшчанскі касцёл і згрузілі на яго грузавік рэчы з храма, ён адмовіўся сесці за руль.
Наступны прыпынак – Рудня
Для жыхароў навакольных вёсак Рудня асацыіравалася найперш з паравозным гудком, які гучаў для іх ласкавай мелодыяй. Асабліва ён цешыў сэрцы бацькоў, што чакалі сваіх «гарадскіх» дзяцей на выхадныя, па пятніцах, а восьмай і дзясятай гадзінах вечара.
Чыгунка-вузкакалейка была пабудавана тут немцамі ў 1916 годзе і злучала Вільню з Лынтупамі і Віцебскам. Належала да Прыбалтыйскага міністэрства шляхоў зносін. У першыя часы бліжэйшыя прыпынкі былі ў Гелядні і Пячкарышках, а паміж імі, у сямі кіламетрах ад адной і другой станцыі, – Рудня, якую цягнікі міналі, не спыняючыся. Мясцовыя ехалі з Вільнюса заўсёды нагружаныя, то выкідвалі сумкі з хлебам і іншымі прадуктамі каля Рудні праз акно вагона – іх падхоплівалі родныя. А самі потым ішлі са станцыі пехатой, але ўжо без грузу.
Толькі ў 1980 годзе па просьбе жыхароў і дзякуючы дапамозе ўраджэнца Рудні Іосіфа Кісяля, які працаваў у той час намеснікам начальніка аддзялення літоўскай чыгункі, тут быў пабудаваны перон, адкрыты прыпыначны пункт – і дызель-цягнікі, да вялікай радасці вяскоўцаў і іх дзяцей, што жылі ў Вільнюсе, сталі спыняцца ў Рудні.
Аксана Багданава да гэтай пары памятае расклад руху цягнікоў – дзеці заўсёды сустракалі і праводзілі іх. Яны хадзілі раніцай у 6, 8 і 10 гадзін і вечарам у 18, 20 і 22. У Рудні спыняліся цягнікі «Дзіджасаліс-Вільнюс» і «Віцебск-Вільнюс» і тыя, што ішлі па гэтым маршруце ў зваротным напрамку.
Чыгунка давала вяскоўцам працу і заробак. Многія руднянскія мужчыны і жанчыны былі аб’ездчыкамі. На чыгунцы працавалі жыхары Рудні Пётр і Раман Вайцяховічы, Любамір Канчанін, Уладыслаў Кісель. Побач з перонам стаяў службовы домік, дзе жылі Фільш, Ківіты, Бондары. Апошні час брыгадзірам пуці працаваў Уладыслаў Кісель – ён і жыў у гэтым доміку з жонкай Ядвігай. Рэгіна Валуевіч з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінае, якія гэта былі гасцінныя людзі: калі пасажыры прыходзілі на станцыю ў мароз, завею ці дождж, гаспадыня абавязкова запрашала ў дом пагрэцца і схавацца ад непагадзі. А гаспадар выходзіў сустракаць цягнік, папярэджваючы: «Не спяшайцеся, я вас паклічу».
Напачатку 2001 года цягнікі «Вільнюс – Дзіджасаліс» адмянілі. Насып стаў зарастаць травой, рэйкі – ржавець, а пазней іх зусім знялі.
Гелена і Станіслаў Канчаніны
Войны – і мірУ Рудні жыў ветэран Першай сусветнай вайны Пётр Вайцяховіч. Ён прайшоў усю вайну санітарам. Ведаў 6 моў: польскую, літоўскую, латышскую, рускую, беларускую і нямецкую. Падчас Другой сусветнай ваяваў яго сын Юльян Вайцяховіч.
Дарогамі Вялікай Айчыннай вайны прайшлі браты Канчаніны: Станіслаў, які быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II cтупені, і Генрых.
Чыгунка, мост, які адны стараліся ўзарваць, а другія ахоўвалі; лес, што цягнуўся аж да Лынтуп, – Рудня знаходзілася ў стратэгічным, а таму небяспечным месцы. Сюды часта прыходзілі то партызаны, то немцы, то бандыты. Падчас налётаў мясцовыя жыхары хаваліся ў тарфяным балоце ў Езярыне, такім рудым, што дзяўчаты валасы фарбавалі той вадой. Людзі стаялі па самую шыю ў тарфяной жыжы, пакуль хто з вёскі не паведамляў, што можна вяртацца.
Гасцінныя, таленавітыя, працавітыя…
Спакон веку жыхары Рудні ўмелі ўсё рабіць сваімі рукамі. Да прыкладу, Ян Вайцяховіч шыў абутак і меў прыгожы голас, спяваў у касцёльным хоры і на пахаваннях. А Тадэвуш Вайцяховіч спяваў пераважна на гулянках. Дарэчы, усе Вайцяховічы мелі музычныя здольнасці: Пётр іграў на гармоніку, яго сын Юльян – на цымбалах і скрыпцы.
Але не песнямі адзінымі… Пётр Вайцяховіч рабіў дранку. Юльян Вайцяховіч плёў кошыкі – асабліва прыгожыя, у касую клетку, ішлі на продаж.
Саля Вайцяховіч і Францішка Вайцяховіч былі адмысловымі ткалямі. Станіслаў Канчанін рабіў сані, калёсы, вупраж.
Збіраючы гісторыі паселішчаў спондаўскага краю, неаднойчы пераконвалася, што ў маленькіх вёсках часта нараджаюцца таленавітыя людзі.
Так, з Рудні выйшаў у вялікі свет Павел Міхайлавіч Гаспер (1895 – 1953) (пра яго расказвала «АП» 8 лістапада 2019 года), які ў 1915 годзе выехаў у Петраград і з фармоўшчыка даслужыўся да падпалкоўніка дзяржбяспекі. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, медалём «За баявыя заслугі», знакам «Ганаровы работнік ВЧК ОДПУ». Пахаваны на клюшчанскіх могілках.
Кандыдатам філасофскіх навук, дацэнтам кафедры «Філасофія і сусветныя рэлігіі» Растоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта стаў Тэлесфор Любаміравіч Канчанін (1941-2016), аўтар шматлікіх навуковых прац.
Імёны дзецям тут давалі прыгожыя і незвычайныя: Тэлесфор, Бенедыкта, Петрунелія, Саламэя, Аліцыя, Любамір, Вальдэмар, Цэцылія, Лёнгіна, Людвіка, Эльжбета, Фадзей.
– Цяжка працавалі, але жылі весела, – успамінае Ана Вайцяховіч. – На танцы хадзілі ў Клюшчаны, але часта ладзілі іх і ў Рудні ў прасторнай пуцейскай будцы-канторы. Пласцінак хапала, мае браты прыносілі з дому радыёлу – весяліліся да раніцы. Часам і з іншых вёсак, з Літвы прыязджала ў Рудню моладзь на танцы.
У будні амаль у кожнага з руднянцаў у двары стаялі матацыклы, веласіпеды, машыны. І не таму, што яны былі вельмі багатымі: разнастайны транспарт пакідалі жыхары суседніх вёсак, якія ехалі на работу ў Вільнюс. У кожнага была дамоўленасць з пэўным гаспадаром – і ніхто не адмаўляў, хоць чужая рэч на падворку, вядома ж, замінае, ды і адказнасць за яе захаванне «цісне». Тым не менш, стаяў той транспарт у дварах і чакаў гаспадароў ад нядзелі да пятніцы.
Не адмаўлялі суседзям яшчэ і таму, што самі добра ведалі, што такое адлегласць: руднянцам усюды трэба было дабірацца – да школы, фермы, магазіна... У асноўным ездзілі на конных павозках: у клюшчанскі магазін за таварамі першай неабходнасці, у Свянцяны – за «Палангай» і доктарскай каўбасой.
Сямейная справа
Так атрымалася, што сярод нешматлікіх руднянцаў нямала працоўных дынастый.
Ана Вайцяховіч-Анціпава расказала, што іх сямейную дынастыю пуцейцаў распачаў дзед Пётр Вайцяховіч, які працаваў на чыгунцы ў Рудні.
Бацька Аны Юльян з простага пуцейца дарос да брыгадзіра, мае ўзнагароды, ганаровыя граматы, з’яўляецца ўдарнікам працы. Маці Францішка працавала дзяжурнай па пераездзе Лакцяны. Брат Аны Мар’ян Вайцяховіч закончыў Вільнюскі чыгуначны тэхнікум, затым – профільны інстытут, цяпер працуе начальнікам Вільнюскай дыстанцыі пуці, з’яўляецца ганаровым чыгуначнікам. Яго сын Віталь – гэта ўжо чацвёртае пакаленне чыгуначнікаў Вайцяховічаў – быў машыністам падбівачнай машыны. Ана таксама скончыла чыгуначны тэхнікум і працуе дыспетчарам на станцыі Панярай.
Людвіка Лугоўская (Розак) 1858 года нараджэння, якая жыла непадалёк ад Рудні на хутары, палажыла пачатак сямейнай дынастыі знахарак – яе справу прадоўжылі дачка Петрунэля Ланкоўская і ўнучка Ванда Руткоўская. Гэтыя жанчыны многае ведалі і ўмелі, людзі да іх ішлі бясконца, асабліва калі ўкусіць гадзюка – іх каля лясной, рачной і балотнай Рудні вадзілася мноства. Пра руднянскіх лекарак некалі расказвала «Астравецкая праўда» ў артыкуле «Тры жанчыны з роду Лугоўскіх».
Многія, каму даводзілася ехаць са станцыі Рудня, памятаюць дом Станіслава Канчаніна, які патанаў у кветках. Асабліва шмат было браткаў – яны цвілі на падваконнях і ў кветніку. Станіслаў Станіслававіч закончыў Віленскую сельскагаспадарчую акадэмію і стаў вопытным садаводам-агароднікам. Яго запрашалі працаваць у Віленскі навуковы цэнтр, але ён застаўся ў Рудні. Станіслаў Канчанін з’яўляецца роданачальнікам сямейнай дынастыі біёлагаў. Яго дачка Бенедыкта закончыла біялагічны факультэт педінстытута імя М. Танка, сын Вальдэмар – Каўнаскі ўнiверciтэт лясной гаспадаркі; унучка Аксана – біялагічны факультэт БДУ. Яна і падзялілася ўспамінамі:
– Дзед Станіслаў быў маўклівым, вечна ў рабоце і клопатах. Ён тады ўжо зрабіў цяпліцу – я, сама дачніца-агародніца, разумею, што вельмі класную. У зямлі дзед выкапаў прамавугольны роў, умацаваў сценкі, зрабіў палічкі для расады, а зверху прыкрыў шкляной страхой. Было прадумана і ацяпленне. Дзед вырошчваў і прадаваў расаду памідораў сорту «талаліхін», браткаў, іншай гародніны і кветак. Браткаў садзіў шмат – памятаю, восенню ўсюды сушылася насенне. Каля дома быў вялікі сад – вясной, калі ён зацвітаў, ад водару кружылася галава. Дзед прышчэпліваў яблыні – на адной з іх было 5 сартоў! Да ўсяго ён з’яўляўся яшчэ і выдатным пчаляром, толькі пчолы ў яго былі злыя: калі дзед ішоў за мёдам, то ўся Рудня сядзела па хатах.
Жонка Станіслава Гэлена Іванаўна нарадзілася ў Маладзечне, рана асірацела і выхоўвалася ў дзіцячым доме ў Залессi. Пасля жыла ў Маладзечне, а калі ў чэрвені 1941 года горад занялі немцы, прыехала да дзядзькі ў Пілімы – тут і сустрэла свой лёс.
Аксана Багданава ўспамінае бабулю з цеплынёй і сумам:
– Шкадую, што яна так рана, у 66 гадоў, пакінула нас – і мала паспела мне расказаць... Ды я не вельмі і слухала: у 17 гадоў у галаве іншыя інтарэсы. Бабуля любіла спяваць і танцаваць, мяне вучыла песням і малітвам. Любіла гладыёлусы – яны заўсёды цвілі пад вокнамі. Была слыннай кулінаркай, яе запрашалі гатаваць на вяселлі, хрысціны, памінкі. А яшчэ пісала гумарэскі – некаторыя з іх нават друкаваліся ў часопісе «Вожык».
Дарэчы, Аксана пераняла і прымножыла некаторыя таленты бабулі: піша гумарэскі, эсэ, вершы.
Апошнія…
Апошняе вяселле ў Рудні адбылося ў 1988 годзе – выходзіла замуж Ана Вайцяховіч. Гуляла ўся вёска: жанчыны гатавалі прысмакі, мужчыны рабілі браму. Па суседзях размясцілі нанач 45 гасцей.
Апошняе пахаванне адбылося ў 2001 годзе: у лепшы свет праводзілі Юльяна Вайцяховіча – і зноў дапамагала ўся вёска.
Апошняе дзіця Рудні – Тэрэса Вайцяховіч, цяпер яна жыве ў Лынтупах.
Самы старэйшы жыхар вёскі, 89-гадовая Браніслава Кажанеўская, дажывае свой век ў літоўскім Лентварысе.
Канчаткова апусцела вёска ў 2007 годзе, калі Саламея Вайцяховіч з дачкой Тэрэзай выехалі ў Лынтупы.
Цяпер Рудня мёртвая. Але не забытая! Для тых, хто там нарадзіўся, жыў, яна – адзіная, непаўторная і найпрыгажэйшая. Там засталіся зямля бацькоў і дзядоў, якая карміла; вада, што паіла; сонца, што сагравала.
І ўсіх жыхароў Рудні – хто завяршыў свой зямны шлях у роднай вёсцы і хто мусіў яе пакінуць, – яднае бязмежная любоў да роднай зямлі, да сваёй вёсачкі, дзе яны некалі былі шчаслівымі, самі таго не ўсведамляючы, да рэчкі, лесу, да кожнага дрэўца ў садзе. Усе, з кім я гутарыла, рыхтуючы гэты матэрыял, памятаюць, любяць – і просяць прабачэння ў роднай вёскі, што не змаглі ўтрымаць і ўратаваць. Берагуць у сэрцы памяць і нізка кланяюцца сваёй дарагой радзімцы – вёсачцы Рудня.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.