Ці задаволены ўраджаем хлебаробы КСУП “Гервяты”
З якім настроем працуюць хлебаробы КСУП «Гервяты», што іх засмучае і радуе, даведалася на мінулым тыдні, завітаўшы ў гаспадарку.
Жніўны збожжавы клін КСУП «Гервяты» самы вялікі ў раёне: механізатарам трэба зжаць больш за 4 300 гектараў – без уліку рапса, кукурузы, грачыхі і проса. З гэтай задачай на 1 жніўня хлебаробы справіліся на 37%. Агульнымі намаганнямі 17 хлебаўборачных машын у сярэднім за дзень у гаспадарцы абмалочваецца каля 240 гектараў, ці 5% ад плану.
Рамуальд Масевіч – самы вопытны камбайнер у гаспадарцы
Дарэчы, аўтапарк сельгасмашын у КСУП «Гервяты» пастаянна абнаўляецца: сёлета, напрыклад, гервяцкія нівы абмалочваюць 2 новыя гомсельмашаўскія камбайны. А ўся тэхніка разбіта на 3 вытворчыя звяны – праўда, у залежнасці ад фронту работ бываюць і ракіроўкі.– Сёлетняе жніво, як ніколі складанае, – па дарозе на поле, дзе гервяцкія хлебаробы абмалочвалі пшаніцу, гаворыць галоўны аграном Аляксандр Кавалька. – Усе культуры саспелі ў адзін час. Звычайна ўборку пачыналі з рапсу і ячмянёў, а сёлета ўбіраем крыжакветкавы паралельна са збожжавымі.
Ураджаем галоўны тэхнолаг гервяцкіх палёў не вельмі задаволены. Асаблівыя спадзяванні ў гаспадарцы ўскладалі на рапс, – што цалкам зразумела: гэтая культура ў эканамічным сэнсе найбольш выгадная і прыбытковая, нездарма ў народзе крыжакветкавы называюць «чорным золатам».
– Плошчы пад рапсам у параўнанні з мінулым сезонам павялічыліся амаль на 100 гектараў і складаюць 765, – працягвае Аляксандр Кавалька. – Чакалі, канешне, што крыжакветкавы будзе больш ураджайным – быў патэнцыял і ўсе перадспасылкі для гэтага. Летась на круг намалочвалі каля 37,2 цэнтнера, сёлета – 27,1. Спісваць усё на надвор’е, напэўна, не варта – ёсць і нашы недапрацоўкі. Магчыма, крыху «не дакармілі». Дзяржзаказ па рапсе цалкам выканалі – на адно з віцебскіх перапрацоўчых прадпрыемстваў ужо адправілі 300 тон, астатняе застанецца ў гаспадарцы.
Дарэчы сказаць, КСУП «Гервяты» – адзіная гаспадарка ў раёне, якая спецыялізуецца на вытворчасці ялавічыны. Па прыкладзе гудагайцаў тут будуюць невялікі цэх па перапрацоўцы рапсавага насення. Вытворчасць будзе безадходная: алей пойдзе на продаж, а багаты бялком і рознымі мікраэлементамі шрот – на патрэбы буйной рагатай жывёлы.
Галоўны аграном КСУП “Гервяты” Аляксандр Кавалька
Увогуле пад ураджай-2021 гервятцы добра папрацавалі з восені: было пасеяна больш за 3 тысячы гектараў збожжавых. Праўда, з-за снежнай халоднай зімы не ўсе пасевы перазімавалі, асабліва трыцікале, – вясной давялося перасяваць каля 700 гектараў.Да слова, хоць збожжа сёлета не такое ўраджайнае, як летась, КСУП «Гервяты» па гэтым паказчыку замацаваўся на другой пазіцыі ў раёне, прапусціўшы наперад толькі КСУП «Гудагай». На круг хлебаробы збіраюць 33,3 цэнтнера пры сярэднераённых 30,8.
– Поле ад поля адрозніваецца. На ўраджайных, багатых землях ячмень, напрыклад, сыплецца за 50 цэнтнераў, а ёсць участкі, дзе намалочваем толькі 20, – тлумачыць Аляксандр Кавалька. – Вясной залівала, летам сушыла – адсюль і вынік. І вільгаць была ў глебе, і вегетацыя адбывалася нармальна, але зярно не налілося. Здаецца і маса ёсць, але яно шчуплае, дробнае. Напрыклад, півавараны ячмень па бялку праходзіць, па буйнасці – не. Даводзіцца некалькі разоў праганяць яго праз сіты на зернесушылках. А гэта дадатковыя затраты.
На адвозе задзейнічана больш за 10 адзінак тэхнікі. Вазіць збожжа гервятцам дапамагаюць працаўнікі лясгаса і сельгастэхнікі.
Вадзіцель Генадзь Кардзіс працуе ў сельскай гаспадарцы з 1982 года. Мужчына не па чутках ведае смак камбайнерскага хлеба.
– Цяпер збожжа важу, раней яго ўбіраў. Як тысячнік нават на абласныя «Дажынкі» быў запрошаны – яны ў той год праходзілі ў Ашмянах, – узгадвае вадзіцель. – За адзін рэйс перавожу каля 5-6 тон збожжа. З гэтага поля яно трапляе ў Чэхі. Настрой выдатны!
Вадзіцель Генадзь Кардзіс
Новы ўражай у КСУП «Гервяты» ўбіраюць вопытныя механізатары, шчыруе на палях шмат сямейных камбайнерскіх экіпажаў: муж і жонка Дзмітрый і Вераніка Янковічы, браты Арцём Бабойць і Аляксандр Маркун, сын і бацька Іосіф і Кірыл Масевічы і іншыя.Напрыклад, для камбайнера Рамуальда Масевіча сёлетняе жніво – 20-е.
– На ўборцы – з 1992-га, адзін год, праўда, не працаваў, а так кожны сезон убіраю збожжа, – расказвае самы вопытны камбайнер КСУП «Гервяты». – Мой «Джон-Дзір» – старычок у параўнанні з іншымі хлебаўборачнымі машынамі, але не падводзіць. 12 жніўня споўніцца 20 гадоў, як гэты камбайн у нашай гаспадарцы.
Цікаўлюся ў хлебароба, чаму на працягу трох дзесяцігоддзяў, амаль без перапынку, летам ён ідзе ў камбайнеры.
– Цягне! Той, хто спазнаў смак жніва, ніколі ад яго не адмовіцца, – на развітанне гаворыць мужчына і хуценька заскоквае ў камбайн, каб прадоўжыць свой шлях да Яго Вялікасці Хлеба.
Загадчыца зернесклада Алеся Ясевіч
Аграном-аграхімік Эдгар Касевіч адказны за ўборку
На новым трактары, які працуе ў счэпцы з новым прэс-падборшчыкам “Кронэ”, Віктар Урбановіч за змену робіць каля 150 “шпулек” з саломы
Дзмітрый Рабкоўскі шчыруе на жніве трэці год
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.