Латышка Сильвия Руплене: о родном крае, национальных традициях и впечатления от Беларуси
09:26 / 03.08.2021
Сільвія Руплене прыехала на Астравеччыну 9 гадоў таму. Яна – настаўнік хіміі і біялогіі ў Рымдзюнскай школе з літоўскай мовай навучання. І хоць жанчына добра валодае літоўскай і рускай мовамі, родная для яе – латышская. Тая, якую чула ад бацькоў, тая, на якой размаўляла з сябрамі, якую не забыла, пражыўшы больш за 30 гадоў па-за межамі Радзімы, і якой навучыла сыноў.
Па-сапраўднаму даччыная любоў да зямлі продкаў адчуваецца і ў расповедах Сільвіі: культура, традыцыі, славутасці, адмецінкі рэгіёнаў – здаецца, пра Латвію яна можа гаварыць бясконца.
СЯМ’Я КУКУРАНЕ
Сільвія Руплене, у дзявоцтве Кукуране, нарадзілася ў пасёлку Раўна, што на поўначы Латвіі.
– Светлай памяці бацькі, Марыя і Язэп, там былі ў камандзіроўцы, – расказвае жанчына. – А так мы жылі ў Рызе. Мае продкі – карэнныя латышы.
– У мяне 3 браты. Два жывуць у Латвіі, 1 – у Расіі. Наша сям’я даўно стала інтэрнацыянальнай: у латышскіх братоў жонкі напалову латышкі, напалову рускія, у расійскага – жонка руская, а ў мяне муж літовец, – дадае Сільвія. – У мяне 2 сыны – Эдгар і Лаўрынас – мы з мужам адразу дамовіліся, што ў аднаго дзіцяці імя будзе літоўскае, а ў другога – латышскае. Мае дзеці свабодна гавораць і па-літоўску, і па-латышску, і па-руску. І ўнучкоў ужо двух маю – Бэнаса і Нэйтанаса.
Як напамін пра Радзіму, сваіх блізкіх захоўвае жанчына рэчы, зробленыя матчынымі рукамі, – Марыя Кукаране была народным майстрам Латвіі; прабабуліну брошку з выявай Мары.
Мара – латышская багіня, апякунка хатняй жывёлы. Таксама яе вобраз супадае з вобразам Дзевы Марыі, маці Ісуса Хрыста.
– Мары Бог прызначыў апекавацца нашымі землямі, – заўважае Сільвія. – У маім сямейным архіве ёсць кніжачка 1897 года выдання, якая засталася ад прабабулі, – «Хроніка сям’і». Там апісана якімі павінны быць бацькі, дзеці, муж з жонкай, родзічы. А яшчэ фотаздымкі, рамачкі, дзве маміны кнігі пра наш родны край і рукапісная кніжачка-пасланне асабіста для мяне «Мазаіка жыцця», дзе занатаваны мудрыя, павучальныя гісторыі-назіранні.
Гэтыя сямейныя рэліквіі, а таксама асобныя вырабы Марыі Кукуране – вязаныя рэчы, тканыя паясы, хусткі, посцілкі, дыванкі – яе дачка дэманстравала ў гэтым годзе на выставе падчас традыцыйнага рымдзюнскага свята «Дыялог нацый».
– Тата таксама быў чалавекам творчым – ён працаваў з дрэвам. Гэтую любоў да прыроднага матэрыялу перанялі і 2 браты, – дзеліцца Сільвія. – Я хоць і люблю дакладныя навукі, але ўва мне творчыя гены таксама закладзены: дапамагаю дырэктару мясцовага клуба афармляць залу да мерапрыемстваў, люблю маляваць, займаюся дэкаратыўна-прыкладной творчасцю – і школьнікаў гэтаму вучу на гуртках. Я шмат курсаў скончыла проста так, для сябе.
МАТЧЫН ЗАПАВЕТ
– На «Дыялогу нацый» мне трэба было прадставіць Латвію – для гэтага падабрала песню Райманда Паўлса з фільма «Доўгая дарога ў Дзюнах» і ўзгадала мудрасць, якую сказала маці, калі я пераязджала жыць у Літву: «Не ад сябе ты ідзеш – ад свайго народа. Не пра сябе ты гаворыш – пра свой народ. Няхай блаславіць Бог народ наш і родную мову, і веру. Няхай блаславіць усіх – і на Радзіме, і ў міры. Сільвія, ты з’едзеш у іншую краіну – паводзь сябе годна, таму што ты – твар нашага народа. Пра цябе будзе гаварыць адзін-другі, а пераказваць – пра Латвію. Калі зробіш нешта няправільна, пра цябе будуць гаварыць не як пра асобу, а як пра народ. Не памыляйся: будзеш жыць са свекрывёй, няхай табе не спадабаецца, будзе цяжка, балюча – трымай усё пры сабе. Ніколі ніякай грубасці, нерваў у адносінах да людзей – ты прынізіш не толькі сябе, а наш народ»-. Я жыву па маміных запаветах, – гаворыць жанчына.
– У Латвіі 4 этнічных рэгіёны: Зенгале, Курземе, Відземе і Латгале, – знаёміць з геаграфічнымі асаблівасцямі сваёй Радзімы жанчына. – І гэтыя гісторыка-культурныя вобласці вельмі адрозніваюцца не толькі знешнім выглядам паселішчаў, унутраным убраннем хат, а і характарам, мовай жыхароў.
Так, існуе вялікая розніца паміж прыморцамі, і тымі, хто, да прыкладу, жыве ля мяжы з Беларуссю, Расіяй:
– У Латгаліі – тым баку, дзе Резекне, Даўгаўпілс людзі па натуры вельмі добрыя, гасцінныя, яны аддадуць табе апошняе, каб уважыць, пачаставаць, дапамагчы. Да прыкладу, пачынаецца ў сенакос дождж – усе збягаюцца, каб хутчэй падсабіць! Такая добрая традыцыя была ў вёсках Латгаліі – гэта край маіх бацькоў. А вось у баку, дзе Эстонія, Рыжскі заліў, людзі больш закрытыя, стрыманыя, насцярожаныя, інтраверты.
РОДНАЯ МОВА
Афіцыйная мова Латвіі – латышская.
– Хоць, здаецца, Літва – таксама краіна Балтыі, але мы розныя. У нас падобныя алфавіты, але граматыка адрозніваецца. І словы іншыя, – расказвае мая суразмоўца. – Калі пераехала жыць у Электрэнай (Літва), цяжка было ў моўным плане. Але вывучыла. Цяпер літоўцы кажуць, што добра размаўляю на іх мове, іншыя нават не адрозніваюць.
Акрамя таго што Сільвіі даводзілася стасавацца з людзьмі на іх роднай мове, ёй, як настаўніку, трэба было ведаць тэрміналогію.
– Калі паступала ў Даўгаўпілскі педінстытут, хацела вучыцца ў латышскай групе. Паколькі позна паехала падаваць дакументы – трапіла ў рускую, – узгадвае настаўнік Рымдзюнскай школы. – Пасябравала там з дзяўчатамі і не захацела потым пераходзіць. Цяжка было ў моўным плане. Мне трэба было адначасова вучыць назвы па-руску, па-латышску і на лацініцы. Аднак пазней веданне дадатковай мовы спатрэбілася – і ў Беларусі таксама.
У кожным рэгіёне Латвіі свой дыялект – зразумець яго можна, але дастаткова цяжка, як і ў літоўцаў. У кожным раёне Латгаліі, нават у кожнай вёсцы размаўляюць па-рознаму. Мова настолькі адметная, што па ёй адразу зразумееш, з якой мясцовасці чалавек.
– Да развалу Савецкага Саюза ў Латвіі была дзяржаўнай літаратурная мова, а цяпер, да дзіва, латгальская дазволена, прычым на розных узроўнях – у тым ліку ў тэлебачанні, друку, – зазначае жанчына. – Да слова, латышская літаратурная мова бярэ карані менавіта з латгальскага дыялекту. Цяпер гэта зразумелі і ўспрымаюць як народную каштоўнасць. Мая маці казала, што ля мяжы ў баку Даўгаўпілса латгальская мова захавала старажытны дыялект – гэта спляценне руска-беларуска-латышскай моў.
Так гучаць па-латышску галоўныя для Сільвіі словы:
гімэнэ – сям’я,
дзімтэнэ – радзіма,
матэ – маці,
валода – мова.
ЛАТЫШСКІЯ КАТОЛІКІ
– Наша сям’я каталіцкая – у краі маіх дзядоў у большасці католікі жывуць, хоць у Латвіі пераважае лютэранства, – расказвае Сільвія Руплене. – Калядныя традыцыі Латвіі і Беларусі падобныя. Адно што: тут няма адвэнтскіх вечароў – а ў Літве і Латвіі яны ёсць. А яшчэ ў Рызе ёсць традыцыя па горадзе ставіць шмат ёлак.
Першая ў свеце калядная ёлка была ўстаноўлена менавіта ў Латвіі – у Рызе.
– Я арганізоўваю для дзяцей, якія жывуць у інтэрнаце пры Рымдзюнскай школе, адвэнтовыя вечары, – дзеліцца настаўнік. – Дарэчы, адвэнтовы вянок – традыцыя Англіі. Гэта традыцыя потым распаўсюдзілася. А ў нас ёлкі былі. Самыя першыя ўпрыгожанні для іх рабілі з саломкі. Чырвоныя банцікі і цукеркі таксама не наша традыцыя – гэта ізноў Англія, латышы ўпрыгожвалі ёлкі шарсцянымі чырвонымі нітачкамі і шышачкамі. Люцеране таксама перанялі традыцыю вянкоў.
– На Вялікдзень фарбавалі шалупіннем цыбулі яйкі альбо наносілі воск і выдрапвалі малюнак, – прыгадвае Сільвія. – А рознакаляровасць з’явілася нядаўна – гэта не народнае. Абавязковае ў калядных і велікодных традыцыях – садзіцца за святочны стол пасля службы ў касцёле і атрымання святой камуніі. На Вялікадзень пасля касцёла селі за стол, перахрысціліся і паелі – асвечанае яйка, хлеб і соль. Мяса ў нас не асвячаюць. Увогуле стол не павінен ламіцца ад ежы – нашы святары ўвесь час пра гэта гавораць. Справа ж не ў тым, каб наесціся да адвалу, а, наадварот, умець раздаць пакрышачку ды кожнаму – у знак таго, што мы гатовыя аддаваць, не наесціся – а прыняць ежу як часцінку святога.
– Вербачку ўпрыгожваем, – працягвае жанчына. – Яе трэба трымаць над дзвярыма – каб дрэннае не ўвайшло, а добрае не вышла з дому. Галінкі нельга выкідваць, а паліць, альбо шкарлупінне ад асвечанага яйка нельга выкідваць – трэба аддаць жывёле. У нас з вамі падобныя каталіцкія традыцыі. Да слова, латышскія люцеране шмат чаго перанялі ў католікаў.
ТУРЫСТЫЧНЫ ШПАЦЫР
Калі трапіце ў Латвію, першае, дзе раіць пабываць Сільвія Руплене, гэта:
*Фестывальны горад Юрмала.
*Горад Сігулда са знакамітымі пячорамі, цікавай гісторыяй і канатнай дарогай.
*Старая Рыга – занесена ў спіс культурных каштоўнасцей ЮНЕСКА.
*Рыжскі палац, які быў пабудаваны для рыцараў Лівонскага ордэну ў 14 стагоддзі.
*Рундальскі палац у горадзе Елгава.
*Музей Сонца ў Рызе.
*Брывдабас музей – музей сялянскага быту пад адкрытым небам.
*Вентас румба ў горадзе Кулдзіга – самы шырокі вадаспад у Еўропе.
*Тэрвецкі парк ў Земгале –казачны гарадок са сцежкамі здароўя.
А вось з нацыянальных страў першае, што трэба пакаштаваць:
*скабпутру – кіслы суп з пярлоўкі і квашанай капусты,
*кліндзерыс – крэндзель,
*кмінны напой,
*ірмайзіс квас – хлебны квас,
*асінс дэса – крывяную каўбасу.
Нацыянальныя сімвалы:
- птушка – белая сітаўка;
- насякомае – божая кароўка;
- кветка – белы рамонак;
- дрэва – ліпа, дуб;
- камень – бурштын.
КОЛЬКІ СЛОЎ ПРА БЕЛАРУСЬ
Упершыню ў Беларусі Сільвія бывала 34 гады таму падчас практыкі ў Краслаўскім раёне – гэта мяжа Літвы, Беларусі і Латвіі – на возеры Рычы.
Возера Рычы знаходзіцца на мяжы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці і Дзяменскай воласці Даўгаўпілскага краю.
– Мы хадзілі на вечарынкі, якія ладзілі з хлопцамі-беларусамі. Быў такі харошы момант, – усміхаецца жанчына. – Таму ўжо з тых часоў крыху была знаёма з вашай краінай.
– У Латвіі больш хутарная сістэма – а ў Беларусі калі вёска, то гэта ўжо паселішча, дамы блізка адзін ад аднаго, – дзеліцца назіраннямі Сільвія Руплене. – І яшчэ заўважыла, што каляровая гама ў Беларусі адна, а ў Латвіі іншая: у нас больш спакойныя колеры ў афармленні той жа вясковай хаты, а тут – больш яркія. Дарэчы, на выпас кароў у вёсцы выходзіць па чарзе кожны дом. Такога на маёй Радзіме няма – у латышскай вёсцы была ў кожнага абгароджана тэрыторыя каля свайго двара ці крыху далей тваё поле – туды і вялі пасвіць жывёлу.
– У нас з вамі ёсць аднолькавыя народныя традыцыі – тое ж Купалле: і вянкі на ваду спускаем, і вогнішчы палім, і папараць-кветку шукаем, -- працягвае рымдзюнскі настаўнік. – Праўда, само Купалле латышы адзначаюць 23 чэрвеня – гэта свята Ліго называецца, а 24 чэрвеня – Яні (Яна. – Заўв. аўт.) – гэта афіцыйны выхадны дзень у краіне.
За час, што працуе ў Беларусі, жанчына паспела пазнаёміцца амаль з усімі рэгіёнамі нашай краіны.
– Гродна па архітэктуры вельмі падобны да гарадоў Польшчы і Літвы. Гомель прыгожы, вялікі, галоўная вуліца нечым нагадвае Санкт-Пецярбург. Мінск – шыкоўны, сучасны. Мне вельмі падабаецца горад Смаргонь. Ашмяны нагадваюць старажытнае пасяленне, нечым падобнае на стары маленькі літоўскі гарадок, – невялічкія дамы, вузенькія вулачкі, – праводзіць аналогіі Сільвія. – Вельмі па душы Наваполацк. Полацк – багаты гістарычна, а прырода не прыцягальная, мясціны больш балоцістыя.
Беларусь вельмі прыгожая, тут дагледжаныя палі, усё апрацавана. Заўважыла, што за апошнія гады шмат чаго будуецца, упрыгожваюцца прыватныя сядзібы, становяцца ярчэйшымі – гэтага раней не было. Народ ваш добразычлівы, адкрыты, я лёгка тут знайшла агульную мову з людзьмі.
У гэтым матэрыяле змешчана толькі палова таго, што я пачула ад рымдзюнскай настаўніцы пра яе Радзіму, – але нават з гэтага бачна бясконцая любоў жанчыны да роднай Латвіі, сваіх каранёў і традыцый. Шчасце мець краіне такіх адданых дзяцей – дзе б яны ні жылі.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.