Як праходзіць жніво ў лідара ўборачнай кампаніі – КСУП “Гудагай”

16:55 / 30.07.2021
З кожным днём масавая ўборка набірае абароты – наперадзе жніўнай «планеты» з вялікім адрывам ад сапернікаў знаходзіцца КСУП «Гудагай». Не дзіва! Цягам апошніх гадоў гэтая гаспадарка не толькі лідзіруе падчас асноўных сельгаскампаній, але і дэманструе найлепшыя ў раёне вынікі ў жывёлагадоўлі.
 
З якім настроем сёлета працуюць гудагайцы, колькі можа зарабіць камбайнер за жніво – гэта і не толькі высветліў карэспандэнт раёнкі. 

Нагадаю, КСУП «Гудагай» – адзіная ў раёне насенняводчая гаспадарка. Тэхналогія раслінаводства тут узведзена ў ранг закону: вырашчанае на мальскіх і гудагайскіх палях збожжа потым красуе на нівах іншых гаспадарак раёна і вобласці. 

2.jpg

Жніўны клін КСУП «Гудагай» у параўнанні з мінулым годам значна не змяніўся і складае крыху больш за 3 600 гектараў – гэта без уліку рапса, кукурузы, грачыхі і проса. 

– Ураджай сёлета горшы, чым летась. Прычын шмат: халодная вясна, засуха, высокія тэмпературы зрабілі сваю справу. Прызнацца, крыўдна… Калі нічога не ўкладаеш пад ураджай і атрымліваеш 30 цэнтнераў з гектара – цярпіма. А калі зроблены вялікі задзел, як у нас: своечасова і пад патрэбу пасевы апрацаваны ад хвароб, пустазелля, падкормлены – і такая невялікая ўраджайнасць, шкада. Узяць той жа рапс: думаў, што будзе сыпацца пад 45 цэнтнераў, а на круг бяром толькі 37, – са шкадаваннем гаворыць намеснік дырэктара КСУП «Гудагай» па вытворчасці Андрэй Вінча. – Добра, хоць надвор’е не псуецца, своечасова і без страт убраць саспелы хлеб – задача стратэгічная. 

1.jpg

Намеснік дырэктара КСУП “Гудагай” Андрэй Вінча

Для Андрэя Вайцехавіча сёлетняя ўборачная кампанія – 16-я. Як чалавек з душой агранома, ён не можа выдзеліць нейкую адну культуру. Прызнаецца, што перажывае за ўвесь ураджай.

– За час маёй работы самым ураджайным быў 2015-ты. Тады збожжа дало на круг 55,2 цэнтнера з гектара пры ўсушцы 4%, – узгадвае намеснік дырэктара. – А найменш мы сабралі 30 цэнтнераў на круг. Тады была моцная засуха – збожжа спаліла. 


На ўборцы новага ўраджаю ў гаспадарцы працуюць 12 камбайнаў, якія разбіты на тры звяны. Іх агульнымі намаганнямі за дзень абмалочваецца каля 130 гектараў, ці 4% ад плана. На адвозе зерня заняты 6 МАЗаў з прычэпамі. 

Адно звяно з чатырох камбайнаў убірала рапс каля вёскі Едаклані. Не з першай спробы, але ўсё ж хоць на хвілінку атрымалася спыніць гэтыя вялікія жніўныя машыны. Падчас уборкі кожная пагодная гадзіна для камбайнера без перабольшвання на вагу золата – і ў механізатараў няма часу на размовы. 

7.jpg

Маладзёжны камбайнерскі экіпаж у складзе Івана Бародкі і Алега Бразевіча ўжо запісаў на свой рахунак больш за 600 тон

Дарэчы сказаць, тэхнапарк у гаспадарцы абнаўляецца пастаянна: сёлета ў КСУП «Гудагай» з гомсельмашаўскага канвеера прыбыў новенькі камбайн КЗС-1218. Ён нібыта плыў па рапсавым полі, а на ім віднеўся беларускі сцяг. Новую машыну даверылі Вітольду Ромашу.

Хоць у «Гудагаі» мужчына працуе першы год, механізатарскую справу ведае, як свае пяць пальцаў: агульны стаж у сельскай гаспадарцы пераваліў за 25 гадоў.

– Для мяне гэтая ўборка 16-я. Працаваў спачатку ў «Полацкім тракце», потым нас далучылі да Варнян. Першы мой камбайн «Кейс» – нямецкай вытворчасці, тады, памятаю, у раёне толькі 3 такія збожжаўборачныя машыны былі, – узгадвае хлебароб. – Потым 9 сезонаў убіраў на «Палессі». Апошнія два гады водара жніва не ведаў. Эдуард Іванавіч Садоўскі кажа: камбайн новы атрымалі, ты чалавек вопытны. Ну і пагадзіўся. Памочнік у мяне талковы – Алег Вайцяховіч, здаецца, родам з Міхалішак. Мэты выбіцца ў перадавікі не стаўлю: галоўнае – своечасова ўбраць ураджай. А там, хто ведае, можа, варнянцам паедзем дапамагаць? Раней і там тэхніка была добрая – шмат камбайнаў збожжа ўбірала. Найбольш намалочваў каля паўтары тысячы тон, да двух не хапала плошчаў. 
Не горш за аксакалаў шчыруюць на жніве і маладзёжныя экіпажы. Напрыклад, камбайнер Іван Бародка і яго памочнік Алег Бразевіч. У маладых людзей цікаўлюся, што для іх значыць жніво?

– Сёлетняя ўборка для мяне 9-я. Працаваў некалькі гадоў разам з татам. Дзякуй яму вялікі, бацькава навука спатрэбілася, – расказвае Іван Бародка. – Для мяне жніво, як свята, настрой добры. Я загадчык механічных майстэрняў у Малях, летам з задавальненнем перасаджваюся ў камбайн. 

У сярэднім за дзень абмалочваецца каля 100 гектараў рапсу. Намаганнямі чатырох камбайнаў у засекі ўжо трапіла больш за 2 100 тон «чорнага золата» ўраджайнасцю 36,1 цэнтнераў з гектара пры сярэднераённай 23.

4.jpg

Не першы год “жнівуюць” Валерый Вайткевіч і Славіян Захарэўскі

Некалькі гадоў назад у КСУП «Гудагай» уласнымі сіламі пабудавалі невялікі цэх па перапрацоўцы насення рапсу. І не прагадалі: алей карыстаецца попытам і разыходзіцца нібыта гарачыя піражкі, а жмых у выглядзе светлазялёных шматкоў ідзе на патрэбы буйной рагатай жывёлы. 

– Сёлета па крыжакветкаваму ў нас няма дзяржзаказу: усё насенне пойдзе на патрэбы гаспадаркі. Рапс і збожжа дапрацоўваем на трох шахтавых сушылках, адну з якіх летась запусцілі ў Палушах, – расказвае Андрэй Вінча. – Галоўнае, каб надвор’е не падвяло, а за людзьмі – справа не пастаіць. Камбайнеры без лішніх размоў, калі трэба, затрымліваюцца ў полі амаль да ночы. 

3.jpg

Новы камбайн даверылі Вітольду Ромашу


6.jpgКампетэнтна

Колькі зарабляе камбайнер?

Галоўны эканаміст КСУП “Гудагай” Ірына Юцкевіч:

– Асноўны паказчык, ад якога залежыць зарплата хлебаробаў, – гэта намалочная тона збожжа ў залежнасці ад выканання нормы выпрацоўкі і якасці. Акрамя гэтага, улічваецца класнасць (надбаўка 20%) і стаж работы ў галіне. Калі няма заўваг і парушэнняў працоўнай і вытворчай дысцыпліны, налічваецца прэмія ў памеры 30%. Практыкуецца ў нас і натураплата: дадаткова да ўсіх выплат камбайнер за намалочаную тону атрымае кілаграм збожжа. За кожных 100 тон дадаткова камбайнеру выплачваецца 10 рублёў, яго памочніку – 8.

Вынік: калі камбайнер за змену намалоціць 50 тон, то атрымае ў сярэднім (з улікам надбавак, даплат і т.д.) 100 рублёў. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Алёна Ганулич