Паэтычныя лекі ад бібліятэкі
Літаратура – гэта лекі ад усіх хваробаў. Яна аздараўляе душу, узвышае, выхоўвае. Гэтую ісціну добра засвоілі Астравецкія літаратары.
Раённая бібліятэка арганізавала творчую сустрэчу “Стихи и музыка как дар” у гарадскім скверы. У імпрэзе прынялі ўдзел прадстаўнікі літаратурнага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы”: Людміла Кухарэвіч, Капіталіна Пятроўская, Аляксандар Марозаў і іншыя. Таленавітыя майстры слова не пабаяліся прадставіць на суд грамадскасці свае творы. У гэты дзень гучалі вершы, ліліся песні ў аўтарскім выкананні. Многія друкуюцца ў газеце “Астравецкая праўда” і рэспубліканскіх СМІ. Слухачы з задавальненнем падтрымлівалі таленавітых землякоў.
Кажуць, што паэзія не для маладых. Гэты стэрэатып абвергла моладзь, якая таксама ўдзельнічала ў мерапрыемстве. Не абышлося і без матуль з дзеткамі.
Аўтары падышлі творча да імпрэзы. Слухачам яны прадставілі розныя творы: любоўная лірыка, патрыятычныя творы, вершы пра прыроду – кожны з іх знайшоў свайго адрасата. Асабліва парадавалі прысутных гумарыстычныя вершы і байкі. Хтосьці пазнаў у героях сябе, сваіх суседзяў і блізкіх, і пасмяяўся ад душы. Патрыятычныя вершы ўнеслі сур’ёзнасць. З замілаваннем і шчырасцю паэты чыталі творы пра родны край, хараство яго прыроды. Не забыліся і пра родную Астравеччыну. Аўтары прыгадалі як важна захоўваць адзінства, заставацца моцным і нязломным народам, а таксама зберагчы тыя набыткі, якія ўжо ёсць.
Асобнае месца на мерапрыемстве было адведзена тэме здаровага ладу жыцця. Прысутныя гаварылі пра спорт, яго летнія віды, пагутарылі і пра актыўны адпачынак. Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі віктарыну, прысвечаную розным відам спорту, а таксама былі арганізаваны выставы “Олимпиада – праздник спорта!” і “Солнечное лето”. Удзельнікі актыўна адказвалі на пытанні, дзяліліся ўражаннямі .
Магутнай крыніцай лілася паэзія ў гэты дзень і напаўняла сэрцы гараджан радасцю і спакоем. Прысутныя былі ўдзячныя майстрам слова і раённай бібліятэцы, якія падаравалі ім свята.
Вольга Заянчкоўская,
бібліятэкар па сувязям з грамадскасцю
аддзела бібліятэчнага маркетынгу
ДУК “Астравецкая раённая бібліятэка”