Фотаздымак, зроблены 60 гадоў назад, прадвызначыў лёс Валерыя Блахіна і Яўгена Кулакова

10:08 / 27.07.2021

Гартаючы архіўныя падшыўкі раённай газеты за 1961 год, знайшла ў нумары за 31 мая геніяльны, не пабаюся гэтага слова, фотаздымак “Валерый Блахін бярэ вышыню”. Аўтар – Яўген Кулакоў, які працаваў у рэдакцыі “Астравецкай праўды” на розных пасадах больш як 40 гадоў.

На фота спартсмен зняты ў момант пераадолення планку ў скачках ў вышыню. У подпісе да здымка паведамляецца, што тым скачком быў устаноўлены новы рэкорд.

Але не рэкорд уразіў, а сам здымак: пры, мякка кажучы, не самай дасканалай фотатэхніцы, якая магла быць на ўзбраенні раённых журналістаў напачатку 60-х гадоў, зафіксаваць такі момант – рэдкая, проста немагчымая творчая ўдача!

Аўтара здымка, на жаль, даўно няма ў жывых. Дарэчы, знаёмячыся з архіўнымі газетамі, я зрабіла для сябе адкрыццё, што Яўген Мікалаевіч Кулакоў, якога я ведала як адказнага сакратара, з якім доўгі час працавала разам, не толькі пісаў таленавітыя тэксты, але і рабіў выдатныя фота.

1.jpg

Блохин В.С., Ширинский З.З., Дубицкий К.А. Гродно, 1967 год

А вось з героем здымка захацелася пагутарыць – узнікла падазрэнне, што гэта той самы Валерый Блахін, што цяпер займаецца ў “Імпульсе” з людзьмі сталага ўзросту. І падчас чарговага візіту Валерыя Сяргеевіча ў рэдакцыю паказала яму тое фота.

–Так, гэта я, у класе дзявятым ці дзясятым, падчас спаборніцтваў на старым стадыёне за сённяшняй СШ №2, – ледзь глянуўшы на копію газетнай старонкі, адказаў на маё пытанне Блахін. – Але лепш не ставіць яго ў газету: я тут выконваю скачок у вышыню няправільна, з парушэннем тэхнікі.

–Дык вы ж тады рэкорд устанавілі! – спрабую пярэчыць.

–Ды колькі тых рэкордаў было, -- адмахваецца Валерый Сяргеевіч.

“Колькі ж?” – разбірае мяне цікаўнасць. -- І як склалася жыццё героя здымка?

Аказваецца, яно, хоць і спрабавала выбіраць розныя накірункі, усё ж зноў і зноў вяртала Блахіна да спорту – занятку, любоў да якога хлопцу яшчэ ў школе прывіў настаўнік фізкультуры Здзіслаў Здзіслававіч Шырынскі. І тую любоў ніхто і нішто не змагло перасіліць.

У школе Валерый, як і ўсе хлапчукі, займаўся ўсім: футболам, валейболам, лёгкай атлетыкай, аддаючы перавагу “каралеве спорту”.

Каб паступіць у тыя гады ў інстытут, трэба было мець працоўны стаж – юнак пасля школы пайшоў працаваць слесарам на рамонтна-тэхнічную станцыю. І працягваў займацца спортам. А чым яшчэ было займацца ў тагачасным Астраўцы?

Не развітаўся з гэтым заняткам і тады, як паступіў у Гродзенскі педагагічны інстытут на гісторыка-філалагічны факультэт. Студэнтам пабыў нядоўга – прызвалі ў армію. Здольнасці юнака хутка выявіліся і там – яго перавялі ў спартыўную роту. Гэта азначала пастаянныя трэніроўкі, спаборніцтвы, у тым ліку і міжнародныя: Валерый Блахін 12 разоў выязджаў у Польшчу ў час, калі Савецкі Саюз яшчэ знаходзіўся за “жалезнай заслонай” і трапіць за мяжу можна было толькі па вельмі ўважлівых прычынах. Гэта не кажучы пра расійскія і беларускія гарады. Вяртаўся, як правіла, пераможцам, у крайнім выпадку – прызёрам. Абараніў нарматыў кандыдата ў майстры спорту па дзесяцібор’і – самым мужчынскім, на думку Валерыя Сяргеевіча, відзе спорту, які ўключае ў сябе бег на 100 метраў, скачкі ў даўжыню, скачкі ў вышыню, штурханне ядра, бег на 400 метраў, бег на 110 метраў з бар’ерамі, кіданне дыска, скачкі з шастом, кіданне кап’я і бег на 1 500 метраў.

Яго “сваталі” заставацца ў арміі, але не любіў Блахін строем хадзіць і бяздумна падпарадкоўвацца загадам -- дэмабілізаваўся і вярнуўся ў інстытут. Закончыў яго, стаў працаваць дырэктарам спартыўнай школы ў Іўі. Але Леанід Батура, тагачасны загадчык РайАНА, зманіў яго ў Астравец жыллём: у перспектыўнага спартсмена і трэнера на той час ужо былі жонка і дачка.

3.jpg

Чемпионка мира Петрович Каролина, III Всебелорусская спартакиада, 1963 год

Была яшчэ адна спроба “ажаніць” Валерыя з арміяй: прызвалі ўжо як афіцэра запасу, на гэты раз даручылі камандаваць спартыўнай падрыхтоўкай у адной з воінскіх часцей у Асіповічах. І хоць матэрыяльныя выгоды галасавалі на карысць армейскага жыцця, сэрца выбрала грамадзянскае. Валерый Сяргеевіч зноў вярнуўся ў Астравец. Працаваў дырэктарам спартыўнай школы, выкладаў фізкультуру ў СШ №2, пазней – у Гудагайскай сярэдняй і Альгінянскай васьмігадовай школах. Як некалі Здзіслаў Здзіслававіч, адкрываў і “выводзіў у людзі” спартыўныя таленты. Чэмпіёнамі вобласці, рэспублікі, рэкардсменамі ў розных дысцыплінах станавіліся Ірына Шыла (цяпер Бяндасава), Галіна Субель, Дзмітрый Козіч, Васіль Максімаў, Ірына Козіч, браты Алег і Валерый Паповы, Алег Дарашкевіч, нямала спартыўных перамог запісалі на свой рахунак іншыя выхаванкі Валерыя Блахіна.

У Валерыя Сяргеевіча – цэлы стос грамат і дыпломаў за спартыўныя перамогі. Сярод іх асабліва выдзяляецца Падзяка рэдакцыі газеты “Известия” і Федэрацыі лёгкай атлетыкі СССР за ўдзел у арганізацыі лёгкаатлетычных спаборніцтваў на кубак вядучай газеты Савецкага Саюза – у 1973 годзе ён, па сутнасці, быў там галоўным суддзёй.

…Шэсцьдзясят гадоў мінула з часу, калі быў зроблены не проста гістарычны, а прарочы здымак: ён у нечым прадугадаў лёс і яго аўтара, які ўсё жыццё звязаў з раённай газетай, і героя, які з юнацтва і да сённяшніх гадоў застаецца верным спорту.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик