80 гадоў назад быў закатаваны Канстанцін Гімбіцкі

14:09 / 23.07.2021
326

Не так даўно, 22 чэрвеня, мы адзначалі сумны юбілей – 80-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Усяго праз месяц пасля таго, як фашысты акупіравалі Беларусі, на тэрыторыі сённяшняй Астравеччыны адбылася трагедыя, якая не ўвайшла ў падручнікі гісторыі – але ад таго не стала менш горкай і балючай.

20 ліпеня 1941 года разам з немцамі вярнуўся ў свае былыя ўладанні пан Рамінскі. Землі і маёнтак яго забралі ў 1940 годзе, калі прыйшлі Саветы. Пан Рамінскі хацеў адпомсціць тым, хто пазбавіў яго маёмасці. Вінаваты знайшоўся хутка – Канстанцін Гімбіцкі, сціплы працавіты чалавек, татарын, які прыехаў у Жукойні з сям’ёй з Лынтупаў. Ён жыў са сваёй працы, нікому не рабіў зла, сябраваў з суседзямі і аднавяскоўцамі – і тыя ў 1940 годзе абралі яго старшынёй сельсавета. Гімбіцкаму давялося дзяліць паміж беднякамі панскую зямлю – Рамінскі гэтага не забыў.

156.jpg

Аднавяскоўцы папярэдзілі Канстанціна Аляксандравіча, што ў вёсцы з’явіліся немцы, – трэба ўцякаць. Але ён, пэўна, палічыў, што нікому нічога не зрабіў дрэннага. А можа, проста не паспеў схавацца…

Гімбіцкага схапілі, доўга, да страты прытомнасці, білі. Затым прывязалі да аглобляў і пагналі каня – праз вёску, лес. Знясілены, ён падаў, падымаўся, зноў падаў… Калі ўжо не мог ісці, яму загадалі выкапаць сабе магілу – і забілі.

Доўгі час аб гэтай трагедыі памяталі толькі мясцовыя жыхары ды сям’я Канстанціна Гімбіцкага. У 1965 годзе чырвоныя следапыты Міхалішкаўскай школы са сваім настаўнікам, актыўным краязнаўцам светлай памяці Міхаілам Андрэевічам Кляцоўскім знайшлі ў лесе магілу і паспрабавалі высветліць, хто ж там пахаваны. У “Астравецкай праўдзе” 12 жніўня 1965 года з’явілася публікацыя Міхаіла Кляцоўскага “Ля магілы героя”, дзе аўтар расказвае пра Гімбіцкага і яго смерць. І хоць там шмат недакладнасцей, нават імя названа няправільна, ды і сам факт гібелі неапраўдана гераізаваны – аднекуль узяліся партызаны, у якіх Гімбіцкі нібыта быў сувязным, але тым першым крокам было зроблена галоўнае: названа прозвішча і знойдзена месца пахавання.

Пазней закатаванага старшыню сельсавета перазахавалі ў цэнтры Жукойняў, каля будынкаў школы, клуба, сельсавета. На яго магіле быў устаноўлены сціплы помнік. Імем Канстанціна Гімбіцкага назвалі мясцовы калгас, вуліцы ў Міхалішках і Астраўцы.

Хоць у Жукойнях даўно ўжо няма ні клуба, ні школы, ні сельсавета і адзінокая магіла апынулася ў лесе – яна не закінутая і не забытая. У мінулым годзе стараннямі Міхалішкаўскага сельвыканкама яе добраўпарадкавалі, устанавілі гранітны помнік. Прыглядваюць за гэтым месцам работнікі лясніцтва, вучні мясцовай школы

У дзень 80-годдзя смерці Канстанціна Гімбіцкага каля яго магілы адбыўся мітынг. У ім прынялі ўдзел вучні і настаўнікі Міхалішкаўскай школы, а таксама прадстаўнікі раённай і мясцовай улады – намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко, старшыні Міхалішкаўскага і Падольскага сельскіх Саветаў Віталь Івашкевіч і Рыгор Цэйка, старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун, дэпутат парламента Віктар Свіла.

158.jpg

Ветэран працы Генрых Часнойць расказаў пра жыццё і смерць Канстанціна Гімбіцкага.

–Хочацца, каб школьнікі, якія прысутнічаюць на мітынгу, правільна ацэньвалі гістарычныя падзеі, – сказаў Генадзь Бычко. – Сёння часта імкнуцца перапісаць гісторыю, Знаходзяцца нават тыя, хто спрабуе выставіць фашыстаў вызваліцелямі. Гэтая магіла – яшчэ адно сведчанне таго, якімі яны былі вызваліцелямі: мірнага бяззбройнага чалавека, не злачынцу, закатавалі. Хочацца, каб усе ведалі цану міру і імкнуліся гэты мір захаваць.

Да дзяцей звярнуўся і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Свіла:

– Спадзяюся, што гэты мітынг стане для вас пэўным арыенцірам у жыцці. Вельмі важна, каб гістарычная памяць захоўвалася – і тут асаблівая надзея на вас, дзеці. Хочацца, каб мы ўсе жылі ў мірнай, прыгожай, суверэннай краіне, дзеля якой загінуў Канстанцін Гімбіцкі.

Да магілы забітага 80 гадоў назад старшыні Жукойненскага сельсавета дзеці і дарослыя ўсклалі кветкі, яго памяць ушанавалі хвілінай маўчання.

…Святло запаленых свечак, адбіваючыся ў люстры граніту, раздрабляючыся на мноства агеньчыкаў, пранікала ў душу кожнаму, хто стаяў, схіліўшы галаву, ля акружанай лесам магілы, каб запаліць там непагаснае святло памяці.

Бо гэта трэба не мёртвым – гэта трэба жывым.

157.jpg


Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений