Фотарэпартаж з гудагайскага фэсту

10:42 / 21.07.2021

Жыхарам Астравеччыны пашчасціла: мы маем унікальнае духоўнае месца – цэнтр прыцягнення шматлікіх паломнікаў – касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў мястэчку Гудагай, які вядомы ў Беларусі і далёка за яе межамі, дзякуючы цудадзейнаму абразу Маці Божай. З-за шматлікіх аздараўленняў і цудаў, якія старанна занатоўваюцца манахамі-кармелітамі больш як стагоддзе, храм лічыцца санктуарыем – асабліва намоленым месцам… І сапраўды тут лягчэй дыхаецца, прасцей думаецца і шчыра верыцца…

13.jpg

Маці Божая Гудагайская сёлета ізноў сабрала сваіх духоўных сыноў і дачок на двухдзённыя ўрачыстасці, прысвечаныя 30-годдзю служэння ў Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Аляксандра Кашкевіча, 40-годдзю святарства арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і 100-гадоваму юбілею ордэну сясцёр-кармелітанак ад Дзіцяткі Езуса.

Восем святых абразоў

Нездарма кажуць, што Касцёл – гэта не столькі храм, колькі вернікі. Да свята ў мястэчку рыхтаваліся ўсе разам: айцы, сёстры законныя і парафіяне з Гудагая, Шунэлішак, Ліпак, Пушчавых і іншых вёсак. Хтосьці наводзіў парадак на могілках, іншыя шчыравалі на кветніках каля касцёла і ружанцовых сцяжынак, аднаўлялі абразы на стацыях, ахвяроўвалі грошы, кветкі, урэшце –свой час, каб гудагайская святыня годна сустрэла гасцей і пілігрымаў.

Можна сказаць, што сёлетняя ўрачыстасць расцягнулася на 3 дні. Сімвалічна, што ў пятніцу, 16 ліпеня, калі адзначаецца ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, у гудагайскім санктуарыі віталі 8 копій цудадзейных абразоў Маці Божай з беларускіх санктуарыяў Будслава, Браслава, Брэста, Бялыніч, Гродна, Гудагая, Лагішына і Тракеляў. Верыцца, што сотні іншых вернікаў змогуць разам убачыць адразу ўсе 8 копій цудадзейных беларускіх абразоў, у тым ліку Маці Божую Гудагайкую, памаліцца ля іх і папрасіць іхПанну Марыю пра самае запаветнае з упэўненасцю, што будзеш пачутым...

На гэтым прыемнасці не скончыліся: для айца Аркадзя Куляхі сёлетні фэст у якасці кусташа гэтага святога месца і пробашча парафіі – першы. На гэтай пасадзе ён змяніў айца Казіміра Мараўскага. 

10.jpg

12.jpg

Дарога да Бога і сябе

Па традыцыі адпустовая ўрачыстасць распачалася з вечаровай імшы на вуліцы. Мясцовыя казалі, што літаральна з паўгадзіны назад мястэчка накрылі ўраганны вецер і праліўны дождж – яны былі такой сілы, што нават з месца сарвала палатку. А з першымі малітвамі праз свінцовыя, набраклыя вільгаццю хмары, выглянула сонейка – і ніводная дажджынка не ўпала на працягу дня.

Жанчыны ў народных строях прынеслі цудадзейцы абраз на вулічны алтар. У казанні біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч засяродзіў увагу на тым, што на шляху да святасці ў кожнага чалавека ёсць надзейная правадніца і заступніца – Маці Божая.

– Шкаплер нагадвае, каб мы наследвалі Марыю, імкнуліся да святасці, пастаянна ўздымаліся на нашу духоўную гару праз нястомнае змаганне з грахом і праз узрастанне ў цнотах, – адзначыў іерарх. – Прыгожы народны выраз сцвярджае: шкаплер насі, на ружанцы прасі. Часта мы наракаем на цяжкасці жыцця, на слабасць і павярхоўнасць веры, асабліва маладога пакалення, на маральныя праблемы, крызісы сужэнскага і сямейнага жыцця і на іншыя хваробы грамадства. Адна з прычын гэтага – недахоп малітвы. Праз шкаплер Марыя нагадвае нам, каб памяталі, што Яна наша клапатлівая і поўная любові маці.

7.jpg

8.jpg

Праз гадзіну пачалася Крыжовая дарога па гудагайскай кальварыі. Яе 16 стацый-прыпынкаў раскіданы сярод хлебных палёў, узлескаў, усыпаных векавымі валунамі і крутымі пагоркамі. Гудагайская кальварыя… Колькі малітваў, колькі падзяк і колькі просьбаў адбылося падчас крыжовай дарогі – дарогі ачышчэння, прабачэння і адпушчэння грахоў. Шляхам Хрыста побач ішлі маладыя пары, людзі сталага ўзросту, гадавалыя дзеці з бацькамі – вірлівы жывы людскі ручаёк расцягнуўся не на адну сотню метраў. Несучы па чарзе крыж па гудагайскай кальварыі, людзі пакідалі тут уласныя грахі і крыўды і, верыцца, і хоць на крышачку станавіліся бліжэй да Хрыста.

Урачыстая працэсія рушыла апоўначы, калі запаленыя агеньчыкі свечак і лампад асвятляюць дарогу перад цудадзейным абразам Маці Божай – адзін з самых прыгожых і незвычайных момантаў святкавання. Перад гэтым адбылася прэзентацыя сясцёр-кармелітак ад дзіцяткі Езуса .

1.jpg

2.jpg


Гудагайскі храм запісаны ў гісторыю Касцёла: крыху больш за 30 гадоў назад тут было абвешчана аб прызначэнні першага пасля Другой сусветнай вайны біскупа – Тадэвуша Кандрусевіча.

У нядзелю на галоўнай урачыстай імшы іерарх меў казанне – шчырыя, глыбокія словы даляталі да кожнага – на вачах у многіх вернікаў блішчэлі слёзы.

– Калі ў дзіцяці здарыцца нешта благое, куды яно ідзе? Да маці, якая ніколі не адмовіць і дапаможа ў любой сітуацыі. Так і мы прыйшлі сёння да Найсвяцейшай Маці Божай, – сказаў арцыбіскуп. – Яна наша абаронца ў барацьбе са злом, што яскрава сімвалізуюць дзве часткі шкаплера – боскія шчыты для абароны ад бачных і нябачных пагроз. Мы звяртаемся да Маці Божай, каб у свайго Сына выпрасіла аб навяртанні нашага народа ў веры і аб адзінстве.

…Верыцца, што Маці Божая пачула просьбы, падзякі, малітвы кожнага са сваіх сыноў і дачок.

4.jpg

3.jpg

9.jpg

6.jpg

11.jpg


Фота аўтара і Ірэны АХРАМОВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: