Восем каманд змагаліся за званне лепшых спартсменаў-турыстаў-артыстаў
Што атрымаецца, калі ўзяць маладзёжны запал і няўрымслівасць, дадаць спартыўны спрыт і актыўнасць ды “прыправіць” гэта ўсё харызмай і крэатыўнасцю? Правільна – відовішчнае і захапляльнае дзейства пад назвай турыстычны злёт. Сёлета ён зноў гасцінна сабраў сваіх прыхільнікаў у маляўнічым месцы непадалёк Альхоўкі і быў прысвечаны Году народнага адзінства.
Паяднацца з прыродай, зарадзіцца станоўчай энергіяй і, канешне ж, пазмагацца за званне лепшых турыстаў Астравеччыны прыехала 8 каманд: Астравецкі доследны лясгас, раённы аддзел унутраных спраў, жыллёва-камунальная гаспадарка, КСУПы “Гервяты” і “Міхалішкі”, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, цэнтральная раённая клінічная бальніца і раённы аддзел адукацыі. Было бачна, што аматары актыўнага адпачынку засумавалі па гэтым цікавым мерапрыемстве. Аб гэтым сведчылі баявы настрой удзельнікаў, странныя рэпетыцыі і арыгінальнае аздабленне палатак-падвор’яў, некаторыя з якіх нагадвалі тэатральныя дэкарацыі. Словам, ужо на стадыі падрыхтоўкі турзлёт абяцаў быць цікавым – так і сталася.
Пасля прывітальных слоў намесніка старшыні райвыканкама Генадзя Бычко, старшыні раённай арганізацыі “Белая Русь” Ірыны Раткевіч і загадчыка сектара спорту і турызму Аляксея Дварэцкага ўдзельнікі выйшлі на старт. Дарэчы, усе выпрабаванні можна было ўмоўна падзяліць на 2 віды – творчыя, да якіх каманды рыхтаваліся загадзя, і спартыўныя, дзе яны дэманстравалі свае сілы ў “прамым эфіры”.
Распачаліся спаборніцтвы з турыстычнай паласы перашкод – што называецца, з месца ды адразу ў кар’ер. Устанавіць палатку, прайсці “балота” па купінах, пераправіцца праз “багну”, перакідваючы бярвенні, праляцець над “прорвай” на канаце, прапаўзці пад перакладзінамі і пры тым зрабіць усё гэта як мага хутчэй і пажадана без штрафных балаў – вось гэта сапраўды місія невыканальная. Ідэальна паласу перашкод не прайшоў ніхто – а найлепшы вынік прадэманстравалі выратавальнікі, крыху ад іх адсталі настаўнікі, у тройку прызёраў трапілі камунальнікі.
Далей спаборніцтвы працягнуў валейбол. Як і ва ўсіх гульнявых відах спорту, залог поспеху тут заключаўся не толькі ва ўменні добра падаваць і адбіваць, але і працаваць у камандзе. Гэта выдатна прадэманстравалі турысты аддзела адукацыі, 2-е месца занялі міліцыянеры, а 3-е – валейбалісты ЖКГ.
Пакуль адны прадстаўнікі каманды актыўна спальвалі калорыі падчас спаборніцтваў, другія ў гэты час чаравалі на палявых кухнях, ствараючы шэдэўры кулінарыі. Калі надышла чарга дэманстрацыі страў, слінкі глыталі не толькі члены журы, але, напэўна, і жыхары Альхоўкі – водар плыў далёка за межамі турыстычнага лагера. Да таго ж удзельнікі пастараліся зрабіць страву не толькі смачнай, але і арыгінальна аформленай – многія выбралі для гэтага колеры дзяржаўнай сімволікі. Безумоўна, усе гаспадары прэтэндавалі на перамогу, але стравы выратавальнікаў, гервятцаў і работнікаў адукацыі ўсё ж былі крыху смачнейшымі – 1-е, 2-е і 3-е месцы адпаведна.
Конкурс “Побыт турыста”, які сёлета праходзіў пад дэвізам “Беларусь – гэта мы!” быў відовішчным. Каманды павінны былі абсталяваць тэрыторыю ў адпаведнасці з санітарнымі нормамі і правіламі аховы навакольнага асяроддзя, арыгінальна і прыгожа яе аформіць, а таксама падрыхтаваць творчае прадстаўленне. У гэтым не было роўных гервятцам. Іх падвор’е нагадвала міні-музей, які перадаваў непаўторны каларыт малой радзімы і нават утрымліваў мясцовай прадукцыяй, а творчая абарона – канцэрт мастацкай самадзейнасці. Прыйшлася даспадобы журы і бусліная тэма каманды аддзела адукацыі –2-е месца. Трэцімі сталі медыкі, у біваку якіх госці ў жартаўлівай форме прайшлі ўсе кругі мер прафілактыкі ад злоснага віруса – ад дэзінфекцыі да вакцынацыі.
Эфектным завяршэннем першага дня стаў конкурс мастацкай самадзейнасці. Кожная каманда парадавала не толькі песнямі і танцамі, але таленавітай рэжысурай. Арыгінальна перакладзеныя тэксты песен, артыстызм і харызматычная манера выканання – астраўчанам можна смела ехаць на “Еўрабачанне”. Гэта трэба было чуць і бачыць. Нядзіўна, што ў гэтым конкурсе журы вызначыла не аднаго, а двух пераможцаў – імі сталі гервятцы і міліцыянеры. Трэцяе месца падзялілі каманды аддзела адукацыі і цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы.
Другі дзень турзлёту быў багатым на спаборніцтвы, якія пачаліся з экстрэмальнага віду – воднага турызму. Найлепшы вынік па хадзьбе на байдарцы прадэманстраваў дуэт выратавальнікаў у складзе Ірыны Герасім і Дзяніса Цяслоўскага. Другое месца занялі лясгасаўцы Анастасія Мялешка і Уладзімір Салавей, на 3-м – Алена Лотах і Эрнест Карэйва з КСУП “Гервяты”.
У дартсе таксама ўдзельнічала па двое прадстаўнікоў каманды, а вынік падводзілі па агульнай суме ачкоў. Найбольшую колькасць выбілі Яўгенія Емяльян і Аляксандр Тэльмак з КСУП “Міхалішкі”, на 2-м месцы – Ксенія Бялан і Андрэй Бароўка з ЦРКБ, на 3-м – Юлія Глазко і Уладзімір Александровіч з РАУС.
Час асілкаў, ці больш традыцыйная назва – гіравы спорт, сабраў на пляцоўцы аматараў “пацягацца” з 24-кілаграмовай жалезнай “дамай”. Пераможцам тут стаў Марэк Лаўрыновіч з РАНС, крыху саступіў яму лясгасавец Дзмітрый Волк-Леановіч, а 3-е месца заняў Дзмітрый Федасевіч з каманды аддзела адукацыі.
Апошнім спартыўным выпрабаваннем стала перацягванне каната. Дужэйшымі і спрытнейшымі ў камандным спаборніцтве былі міліцыянеры, якія ў фінальным паядынку перамаглі камунальнікаў. Трэцяе месца занялі выратавальнікі.
“Час выбраў нас” – так гучала тэма конкурсу сценгазет, якія каманды прадставілі яшчэ ў першы дзень турзлёта. Удзельнікі падышлі да афармлення крэатыўна, выкарыстаўшы не толькі фарбы і алоўкі, але і арыгінальныя здымкі. Самай інфармацыйна насычанай атрымалася газета каманды ЖКГ. Другое месца заняў КСУП “Гервяты”, 3-е – РАНС.
Тройка лідараў у агульным заліку вызначалася па суме балаў, набраных ва ўсіх спаборніцтвах. Лепшымі спартсменамі-турыстамі ў выніку сталі выратавальнікі, другую прыступку п’едэстала занялі міліцыянеры, а трэцюю – аддзел адукацыі. Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны дыпломамі і прызамі ад арганізатараў і спонсараў турзлёту.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.