За любую работу трэба брацца з настроем, лічыць Людміла Вянгроўская

10:33 / 03.07.2021
Неаднойчы, купляючы ў магазінах райспажыўтаварыства салёную кільку, лавіла сябе на думцы: гэта самая смачная кілька з усіх, якую каштавала ў жыцці. Рэцэпт яе прыгатавання для мяне самы дасканалы, а чалавек, які адказвае за смак, – нерэальны майстар сваёй справы…
Аднак вытворца харчовых паўфабрыкатаў Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Людміла Вянгроўская самы што ні ёсць рэальны і сапраўдны прафесіянал. І хоць сакрэт прыгатавання смачнейшай у свеце кількі яна мне не раскрыла, аднак заслону таямніцы сваёй прафесіі, пра якую, рызыкну выказаць здагадку, многія нават і не чулі, усё ж прыадчыніла.

IMG_7184.jpg


У пошуках свайго месца

«Лічу, што калі працаваць, дык ужо працаваць. А не тое што прыйшоў, паблытаўся да канца дня – і дахаты».

З 33 гадоў, што Людміла Ві­кен­­цьеўна ў Астравецкай спа­жыў­­кааперацыі, апошніх 16 яна пры­свя­ціла вытворчасці паў­­фаб­ры­катаў – каб на стале ў аст­раў­чан кожны дзень былі све­жыя кат­леты, мяса, рыба. Сап­раўдныя гас­падыні ведаюць, што смак пры­­гатаванай стравы ў вялі­кай сту­пені залежыць ад таго, ці былі інгрэ­дыенты ў замарозцы….
З 33 гадоў працы 15 першых Людміла Вікенцьеўна аддала прафесіі прадаўца, а дакладней – загадчыка магазіна, якім яе прызначылі адразу пасля заканчэння школы-магазіна, дзе паўгода вучылася ў прамым сэнсе не адыходзячы ад касы. 
– Была я загадчыцай магазіна на станцыі Гудагай – яго, праўда, ужо няма, згарэў; у астравецкіх «Івушцы» і «Цэнтральным», які астраўчане добра ведалі як «Гас­т­­раном», – успамінае гонар раёна. – Потым пайшла ў дэкрэт, а калі вярнулася, тагачасны дырэктар астравецкага агульнахарчу Лілія Цыбульская «пераманіла» мяне ў цэх перапрацоўкі.
Цікава, што Людміла, выбі­раючы прафесію, нават не ду­мала пра гандаль. Пасля закан­чэння школы марыла паехаць у Вільнюс – паступаць у меды­цынскі. Але, на бяду, захварэла маці – дзяўчына засталася ў Астраўцы.
На першым месцы працы – сак­ратар у аддзеле адукацыі – яна затрымалася ажно на 8 гадоў, аднак зразумела: не маё! Скончыла бухгалтарскія курсы і ўладкавалася ў Гудагайскі сель­савет. Аднак тут вытрымала толькі паўгода – звольнілася і стала памочнікам прадаўца.
– Калі прыйшла ў цэх, брыгада ў нас была вялікая – 7 чалавек, – расказвае вытворца харчовых паўфабрыкатаў. – Цяпер нас трое. А пачынала я як повар пятага разраду. 
– Можа, і згадзілася б на пра­панову новага дырэктара Міра­славы Блашкевіч узнача­ліць ка­лектыў «Гермеса», але графік работы не падыходзіў: дачку веча­рам з садка забіраць трэба – а муж у калгасе працуе, самі разу­мееце, што практычна без выхадных, – разважае жанчына.

Не рыбай адзінай

«Асноўны прынцып работы: нікога не падвесці. Колькі працую – скаргі ў свой адрас не чула…»

Але не толькі смачнейшую кільку і селядзец гатуе гонар Астравецкага раёна – у яе спрыт­ных і ўмелых руках зна­ходзіцца загатоўка мясных паўфабрыкатаў са свініны і птуш­кі. Роўна парэзаць, акуратна запакаваць курыныя наборы, крылы, сцягно, філе, фарш, каўбаскі, пасаліць і павэндзіць рыбу…  Да слова, за духмяныя кавалкі шашлыка на гарадскіх і раённых святах таксама адказвае Людміла Вянгроўская. 
Ужо з раніцы на прылаўках «Кулінарыі» можна знайсці свежую прадукцыю, якую, пакуль астраўчане яшчэ спяць, рыхтуе Людміла. Частку паўфабрыкатаў адразу адпраўляе ў замарозку – у такім выглядзе яны паступаюць у магазіны раёна.  
На работу жанчына прыязджае а шостай гадзіне раніцы – машыны трэба загрузіць, бо ў палавіне сёмай яны ўжо адпраўляюцца па «Родных кутах» Астравеччыны.
– Аб’ёмы, канешне, упалі. Па-першае, стала менш магазінаў райспажыў­та­ва­рыст­ва. Калі я прыйшла пра­цаваць, іх на раёне было 76, цяпер можна на пальцах пера­лічыць – 20, – гаворыць Люд­міла. – Канкурэнцыю складаюць і прыватнікі. Нават па шашлыку ў святы адчу­ваецца: раней паедзеш на выяздны гандаль на 9 Мая – 500 кілаграмаў прадасі, цяпер прыблізна 400. Адны былі: 3-4 кропкі стаялі – але ўсе нашы. 
Людміла Вянгроўская па-май­стэрску арудуе вялікім вострым нажом. Складана, прызнаецца, бо не адзін кілаграм мяса за дзень трэба апрацаваць, – і тут жа дадае, усміхаючыся: узрост уплывае. Не, Людміла Вікенцьеўна, не у гэтым прычына: перапрацоўка мяса – сап­раў­ды нялёгкая справа, якая пат­рабуе фізічнай сілы, выт­рым­кі і цярпення. Паспрабуйце за­чысціць кожную костачку, кожную скурку – і каб хутка ды  якасна было… 

Пра галоўнае

«Хочацца зрэдку і пра сваю работу прыемнае пачуць…»

– Памятаеце самы складаны дзень на працы?
– Як толькі прыйшла – прымала абавязкі. Гэта было 25 каст­рычніка. Снег замятае. А мне трэба на вуліцы ўсё пералічыць і перавесіць: мяса, рыбу, тару для іх… Думаю: і куды я прыйшла? У магазінах было нашмат лягчэй. Але нічога, прывыкла. Уздыхнула з палёгкай толькі праз паўгода, а можа, і больш. 
– Самы знамянальны ці прыемны дзень?
– Ой, кожны дзень у мяне прыемны: прыйшла на работу раненька, падрыхтавала прадукцыю, вынесла на прылавак «Кулінарыі», каб людзі маглі купіць свежанькае, – вось і настрой добры. План выконваеш, абарот ідзе – зарплату атрым­ліваеш. Што яшчэ трэба?!
Да любой справы стараюся падыходзіць у добрым настроі. А падтрымліваюць яго мне калегі – сустрэнеш у калідоры аднаго, другога, трэцяга, яны добрае слова скажуць – і цэлы дзень пройдзе на пазітыўнай хвалі. 
Ці ёсць у вас любімы абавязак?
– Больш за ўсё падабаецца, калі мая прадукцыя разы­ходзіцца на «ўра». Таму выкладкай яе на падносы займаюся з задавальненнем, можна сказаць, з душой: каб каўбаскі ляжалі роўненька, фарш – высокай горкай, мяса – радочкамі…
– Што змянілася за час вашай працы ў цэху?
– Хоць работнікаў стала менш і аб’ёмы ўжо не тыя, але мы працуем у адрамантаваных памяшканнях. Закуплена новае абсталяванне, да прыкладу, устаноўлена спліт-сістэма. Светла, прыгожа.
– Пра што марыце?
– У прафесійным плане – каб людзі, калі пайду на адпачынак, добрым словам успаміналі. У сям’і – каб дачушка Вікторыя атрымала адукацыю, якую хацела, і стала добрым спецыялістам. Каб у яе ўсё склалася.

Некалькі месяцаў засталося Людміле Вянгроўскай да заслужанага адпачынку. Але верыцца, што яна будзе мець жаданне працаваць далей. Бо інакш як жа мы без самай смачнай у свеце кількі?!




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст:
Фото: Ольга Хотянович