Пра пачатак вайны ўспамінае Фаіна Дакутовіч

11:33 / 22.06.2021

001.jpg

Чым далей аддаляюцца ад нас гады вайны, тым больш падзеі тых часоў страчваюць эфект прысутнасці, прыдачынення: у агульных і правільных словах пра Перамогу, страты, подзвіг і гераізм губляецца жыццё і перажыванні канкрэтнага чалавека – яго боль, страх, радасць, нянавісць. І тым больш каштоўнымі становяцца ўспаміны нешматлікіх ужо сведкаў тых падзей, якія бачылі, чулі, памятаюць, могуць падзяліцца…
– Пакліч Ніначку – раскажу, пакуль жывая, як вайна пачыналася, – сказала нядаўна дачцэ Чаславе Рама­навай мая колішняя гераіня баба Феня – Фаіна Іванаўна Дакутовіч, пра жыццё якой можна пісаць не тое што нарыс – раман!
Жанчыне 93 гады, яна ўжо не ходзіць і амаль не бачыць. Але памяць мае – маладыя могуць пазайздросціць. 
Дый не забываецца такое…

– Вайну я добра памятаю – ужо ладная дзяўчынка была, 13 гадоў мела. Усё рабіла – і арала, і касіла, і баранавала. Пасля таго, як маці памерла, а бацька другі раз ажаніўся, бабуля мяне да сябе забрала, на сваё прозвішча запісала – Зянюк. Так і жыла я з цётачкай, дзядзькам і бабкай. І каму было дапамагаць па гаспадарцы? Бабуля старая, у цёткі трое дзяцей, адно пад адным, а ў вайну і чацвёртае нарадзілася. Я – асноўная памочніца.
Мы на Віцебшчыне тады жылі, ва Ушацкім раёне. Весніцкі сельсавет, вёска Рудня – гэта пры самай граніцы  з тагачаснай Польшчай. Калгас у нас моцны быў: коні, каровы, авечкі – усё трымалі. І школа свая, клуб вялікі. Перад вайной радыё правялі, рэпрадуктар на слуп каля сельсавета павесілі – о, якое дзіва: усё сяло збеглася паслухаць, як жалезная труба чалавечым голасам гаворыць. З яе мы і даведаліся, што немец на нас напаў.
  Непадалёк ад нас пагранічная застава знаходзілася. Як толькі аб’явілі, што вайна пачалася, камандзір па прозвішчы Кудраўцаў, сказаў усім мужчынам, што былі годныя да арміі, і хлопцам, якім па 18 гадоў споўнілася, збірацца. Голасу – на ўсю вёску: маткі сыноў праводзяць, жонкі – мужоў, дзеці – бацькоў. Усе плачуць. Сабраліся мужыкі, запрэглі калгасных коней, селі на падводы, паехалі ва Ушачы. А праз якіх пару гадзін назад вярнуліся: у райцэнтры ўжо немцы былі.
Кудраўцаў і яго салдаты ў лес падаліся. А мужыкі па хатах разышліся.
А праз які дзень ці два немцы ў вёску прыехалі. Сабралі ўсіх людзей і кажуць: «Выбірайце сабе старасту». Людзі і выбралі майго дзядзьку Дзяніса – не таго, у якога я жыла, той Андрэем зваўся, а мамінага брата.
Калгасных кароў па хатах раздалі, а драбнейшую жывёлу людзі самі паразбіралі – хто што. І магазін разрабавалі. А мае родныя нічога не ўзялі, ні парушынкі. Мне дзіўна: усе хапаюць, што пад рукі трапіцца, толькі нам нібыта нічога не трэба. Пабегла ў аўчарню, узлезла на самага вялікага барана – і на ім, як на кані, дахаты прыехала: здабытчыца! От бабуля на мяне сварылася: нашто табе чужое?! А хутка мы і авечак, і кароў, у каго лішняя была, партызанам аддалі.
Кудраўцаў, які ў лес пайшоў з гарнізонам, стаў па вёсках хадзіць, агітаваць маладых мужчын і хлопцаў ісці ў партызанскі атрад. Амаль усе пайшлі. І дзядзька мой Андрэй таксама. Толькі мала хто вярнуўся…
Але і зраднікі былі. Адзін такі ўсё хадзіў, цікаваў, немцам даносіў… Аднойчы Кудраўцаў знямогся – вядома, пешшу па вёсках хадзіў, замёрз і зайшоў у нейкую хату пагрэцца. Залез на печ і прыдрамаў. А той здраднік сына свайго пасадзіў на каня і адправіў немцам сказаць, дзе Кудраўцаў спіць. Тыя наляцелі, сталі страляць, камандзір – адстрэльвацца. Фашысты зразумелі, што так проста яго не ўзяць, – і хату падпалілі. Кудраўцаў выскачыў, спадзяваўся за дымам дапаўзці да лесу – да яго толькі пару метраў заставалася. Ды заўважылі яго, застрэлілі…
Вяскоўцы партызанам дапамагалі: жывёлу аддавалі, хлеб пяклі.  Вядома ж, у кожнага ў атрадзе ці брат, ці муж, ці сын. І дзядзька мой Дзяніс, стараста, таксама дапамагаў – але стараўся, каб меней хто пра тое ведаў. Неяк немцы прыехалі за харчамі, загадалі яму сабраць па хатах яек, масла, сыру, сала – усяго. Дзядзька шапнуў надзейным людзям, каб збіралі як мага больш і даўжэй. А сам тым часам сына ў лес адправіў – партызанам паведаміць. І калі немцы на гружаных падводах ва Ушачы вярталіся, на іх напалі. Усё забралі: і падводы, і коней, і харчы. Вось і добра!
Дзядзьку майго Дзяніса партызаны забілі. Не ўсе ж ведалі, што ён парты­занам дапамагае, прыйшлі з іншага атрада і расстралялі. І брата яго, Якава, – ён нямецкую мову ведаў, яго клікалі перакладаць, як немцы прыязджалі,– таксама застрэлілі. А  ён жа, наадварот, людзям дапамагаў, пера­кладаў, як трэба. 
А найбольш шкада сына дзядзькі Дзяніса: бацька яго адправіў падвезці партызан да чыгункі, не схацеў каго чужога прасіць, а яны па дарозе з іншым атрадам сустрэліся, не разабраўшыся, сталі страляць – загінуў хлапчук. Атрадаў жа розных у лясах было – і ўшацкія, і лепельскія, і чашніцкія.
Калі я ў няволю нямецкую трапіла, у нас немалады ахоўнік быў. Прыйдзе час абедаць – не ідзе да сваіх, каля нас садзіцца – і нам дазваляе адпачыць. І свой бутэрбродзік на дробныя кавалачкі парэжа, нам раздасць. Расказваў, што сын яго, лётчык, у першыя дні вайны загінуў – а ён не азвярэў, не ўзненавідзеў нас. Казаў: «І нам алес капут, і вам алес капут, а начальства – ж-жых…» – і паказвае на неба: паляціць, значыць, уцячэ. Гэта ад яго мы даведаліся, што Беларусь ужо свабодная, а хутка пасля таго ўцяклі з палону – ніхто нас не лавіў, не да нас немцам было, самім бы ўратавацца – Чырвоная армія імкліва наступала…
 А другі ахоўнік быў рускім, а з намі, нібы звер, абыходзіўся. Розныя людзі  сустракаліся…
Калі я ў палон трапіла, бабуля галасіла – думала, прападу ў няволі. А так атры­малася, што я адна з усяе радні жывой засталася. 
Калі нямецкая блакада пачалася, вяскоўцы ў лесе хаваліся. Але немцы хутка нас адтуль вытурылі, прывялі ў чужое сяло, зачынілі ў вялікай адрыне.  Думалі: паліць будуць. Аж не: назаўтра выпусцілі, толькі маладых ды дужых для работы ў Германіі адабралі – і мяне ў іх ліку, ніхто не паверыў, што яшчэ падлетак. Нас павезлі на захад, а вяскоўцаў, як потым расказвалі, адпусцілі па хатах. Можа, і ацалелі б людзі, ды нехта кінуў у дом, дзе немцы спыніліся, праз акно гранату. Пяць немцаў загінула. А яны за тое 5 вёсак з людзьмі спалілі! На гэты раз нікуды не зганялі: адчынялі дзверы ў хату, паласавалі аўтаматнымі чэргамі, а потым падпальвалі: каго куля не дастала, той жыўцом згарэў. З нашай вёскі толькі двое дзяцей уратаваліся: іх бацька сваім целам прыкрыў, як страляць пачалі, а як хату падпалілі, яны неяк за дымам выпаўзлі і ў лес уцяклі.
А мой дзядзька Андрэй, мусіць, загінуў, як партызаны на прарыў блакады пайшлі. Перад тым заскочыў у хату, усіх абняў, мяне ў галоўку пацалаваў: «На цябе, Фенечка, – сказаў, – уся надзея. За старэйшую застаешся. Не кідай іх…» І пайшоў. Больш яго ніхто не бачыў…
Аднойчы з нашага калгаса імя Карла Маркса паездку ў Хатынь ладзілі. І я паехала. Думала, сэрца разарвецца, усю дарогу назад праплакала… На могілках спаленых вёсак знайшла назву і сваёй, і суседніх… А колькі іх там! А колькі людцаў палажылі! Расказвалі, што косткі з папялішчаў 3 дні збіралі, каб пахаваць. Цяпер на месцы той магілы помнік стаіць, на пліце напісана, што 515 мірных жыхароў там пахавана. Ды хто іх там лічыў? Больш у Хатынь ніколі не ездзіла – не змагла. А да помніка таго, што на іх костачках паставілі, пакуль сілы мела, – кожны год. Хоць з душамі іхнімі нагаварыцца… 
Хутка, мусіць, ужо спаткаемся… Раскажу, якое цяпер жыццё настала – жыві ды радуйся. Толькі б помнілі нашы ўнукі, які гэта жах – вайна, не дапусцілі падобнага… 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: Нина Рыбик