Рэанімацыйнае аддзяленне ў асобах і справах

09:21 / 20.06.2021
Аказваецца, не толькі злачынцы маюць звычку вяртацца на месца злачынства. Напэўна, кожнаму хочацца зноў пабываць там, дзе перажыты найбольш яркія эмоцыі – няважна, прыемныя ці не. 
Менавіта гэтым я растлумачыла сабе неадольнае жаданне вярнуцца ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы, дзе ў снежні мінулага года на працягу дзесяці дзён кожную ноч развітвалася з жыццём (чамусьці змрочныя думкі прыходзяць менавіта ноччу) і са страхам думала, што не дажыву да ранку. 
Вядома ж, менш за ўсё хацела вярнуцца сюды ў якасці пацыенткі. Але ж я журналістка – і магу даведацца і расказаць чытачам, што адбываецца за межамі бальнічнага ложка, які на нейкі час для хворага становіцца цэлым сусветам, які з іншым светам злучае тоненькая нітачка, гатовая ў любы момант перарвацца. І ад «касманаўтаў», якія з’яўляліся ў гэтым сусвеце, нібы зоркі з іншых Галактык, запакаваныя, як у скафандры, у касцюмы індывідуальнай аховы, – урачоў, медсясцёр, санітарак – у многім залежала, утрымаешся ты за гэтую нітачку ці зрабіць наступны ўздых ужо не хопіць сілы… 

IMG_8998.jpg

Ля ложка хворага медсястра Вікторыя Лучынская


Загадчык рэанімацыйнага аддзялення Генадзь Руновіч доўга не згаджаўся пускаць мяне ў святая святых бальніцы, спрабаваў пераканаць, што няма ў іх нічога вартага журналісцкай увагі – толькі пакуты, боль, кроў, часам – смерць. Нарэшце, дзякуючы пасрэдніцтву галоўнага ўрача, мы дамовіліся на сустрэчу.
Хоць у сваю палату я, вядома ж, не трапіла: у «чырвоную» зону простых смяротных прывозяць толькі на каталцы, а медперсанал заходзіць сюды праз спецыяльны шлюз, апрануўшы тыя самыя «скафандры» – індывідуальныя сродкі аховы, якія ператвараюць людзей са знаёмымі галасамі ў іншапланецян. 

IMG_9016.jpg

На змену заступаюць рэаніматолагі Раман Бабуль і Антон Страчынскі


Затое «чыстую» зону Генадзь Іосіфавіч, які працуе ў аддзяленні з 2000 года, чацвёрты год – загадчыкам, паказаў у дэталях і асобах.
– Ранейшая рэанімацыя і сённяшняя адрозніваюцца, як неба і зямля, і гэта не перабольшванне, – расказваў ён па ходу знаёмства. – Вы ж памятаеце тое, што лічылася рэанімацыйным аддзяленнем у старой бальніцы? Дзве невялічкія палаты і ізалятар на 1 ложак. Сёння ж у аддзяленні дзве палаты інтэнсіўнай тэрапіі на 7 ложкаў кожная ў так званай чыстай і бруднай зонах і асобны ізалятар. 
– Але нават не ў плошчах галоўнае адрозненне, – працягваў Генадзь Іосі­фа­віч. – Пра такую апаратуру, якая сёння ёсць у аддзяленні, нашы калегі з іншых раённых бальніц не могуць і марыць. І мы раней не маглі…
Заходзім у ардынатарскую, дзе дзяжурыць Антон Страчынскі. Перад ім – манітор, на якім рознакаляровыя літары і лічбы, якія недасведчанаму ні аб чым не скажуць.
– Урач у любую хвіліну бачыць па­казчыкі жыццядзейнасці кожнага пацыента: тэмпературу, сатурацыю, ціск, пульс, частату дыхання, – тлумачыць карцінку на маніторы Генадзь Іосіфавіч. – І пры найменшым збоі гатовы аказаць экстраную дапамогу. 

IMG_9085.jpg

Загадчык аддзялення Генадзь Руновіч


…Такі ж экран ёсць  і каля кожнага ложка ў палаце. Вісеў ён і над маім «сусветам». Лежачы на жываце, апутаная датчыкамі, часам спрабавала  разгледзець  тыя літары і лічбы, каб высветліць, што ж там не так, чаму мне дрэнна – нібыта магла што-небудзь зразумець! І перажывала, што ўрачы падыходзяць да майго ложка не так часта, як мне хацелася б, – а яны, аказваецца, без лішніх пытанняў ведаюць, як адчувае сябе пацыент.
Каля кожнага ложка – інвазійны апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, якімі напачатку эпідэміі каронавіруснай інфекцыі cоvid-19 «мерыліся» бальніцы, гарады, вобласці і краіны і наяўнасцю якіх часта вызначалі падрыхтаванасць да нашэсця пандэміі. Ды хутка стала зразумела не толькі ўрачам: яны – не панацэя. Ва ўсім свеце пераканаліся, што зняць пацыента «з трубы» нашмат цяжэй, чым «пасадзіць» на яе, і ўдаецца гэта далёка не заўсёды. А ў нашай рэанімацыі былі і такія перамогі – інакш не скажаш. Бо за кожнай – уратаванае чалавечае жыццё…
А вось партатыўны неінвазійны апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх нямецкай вытворчасці з прыгожай назвай Carina нашмат больш эфектыўны – і маецца далёка не ў кожнай бальніцы. У нас іх 8. 
Цяжка падлічыць, колькіх пацыентаў ён зноў навучыў дыхаць. Хоць тады, калі яго падключылі, гэтая «Карына» (што апарат носіць такое мілагучнае імя, даведалася шмат пазней), здавалася мне страшным монстрам: мы ніяк не маглі знайсці з ёй агульную мову, дакладней – рытм дыхання, і здавалася, што менавіта яна не дае мне ўздыхнуць на поўныя грудзі... А калі пры пасрэдніцтве ўрачоў і медсясцёр мы ўсё ж пасябравалі, сталі дыхаць у такт – справы пайшлі на лад… 
Але, што называецца, не «ковідам» адзіным… І не толькі ў «чырвонай» зоне ратуюць жыццё рэаніматолагі.
– Практычна ніводнае аддзяленне бальніцы не можа абысціся без нашай дапамогі, – гаворыць Генадзь Іосіфавіч. – Тым больш, што многія цяпер набылі статус міжраённых – як, да прыкладу, траў­маталагічнае. Нядаўна яго ўзначаліў таленавіты ўрач, фанат сваёй справы Аляксандр Міхалькевіч. Але самыя лепшыя спецыялісты – траўматолагі, хірургі, кардыёлагі, гінеколагі, неўролагі – не могуць зрабіць сваю справу без нас, без рэанімацыі і анестэзіялогіі. Сёння ў нашай бальніцы 7 аперацыйных блокаў – і кожную аперацыю суправаджае рэа­ні­матолаг-анестэзіёлаг. І, паверце, зусім не проста абязболіць пацыента, выключыць яму свядомасць – а потым зноў вярнуць да рэчаіснасці. Гэта толькі недасведчанаму можа падацца: што там складанага – зрабіў укол, пацыент заснуў – і прачнуўся, калі ўсё закончылася… У нашым аддзяленні працуе 12 урачоў, некаму, магчыма, здаецца, што шмат – а яны паабедаць не маюць часу. Нагрузка каласальная!
Сваёй камандай загадчык аддзялення задаволены: у рэанімацыі пануе сплаў вопыту і маладога імпэту. З першых – сам Генадзь Руновіч, Тадэвуш Зубель, Юрый Каранькоў, які не так даўно прый­шоў да нас з Ашмян. Падстрахоўвае ў выпадку неабходнасці калег і намеснік галоўнага ўрача Андрэй Севасцьян, які доўга працаваў загадчыкам аддзялення. Маладыя, але ўжо досыць вопытныя Аляксандр Матыяшкойць і Віялета Алек­сандровіч. А Павел Лісоўскі, Раман Бабуль, Антон Страчынскі, Уладзімір Кар­­пік, Дзіяна Бярдоўская, Ірына Рама­ноў­­ская, Кацярына Рудая, Марыя Місюля – ма­ла­дыя спецыялісты, поўныя жадання набы­тыя ва ўніверсітэце веды падмацаваць доб­рай практыкай.
Сапраўдныя памочнікі доктара – медыцынскія сёстры. 
– Знаёмцеся: анестэзіст Тарэса Феда­ровіч, – прадстаўляе Генадзь Іосіфавіч сваю падапечную. – Толькі не пераблытайце, а то ведаю я вас, журналістаў… Запомніце: анестэзіёлаг – урач, анестэ­зіст – медсястра.

IMG_9036.jpg

Анестэзіст Тарэса Федаровіч


Тарэса Вікенцьеўна 23 гады праца­ва­ла ў аддзяленні рэаніматалогіі і анестэ­зіялогіі паставой медсястрой. Апошнія 2 гады яна – анестэзіст. Задача Тарэсы – весці пацыента падчас аперацыі: увесці той самы «чароўны» ўкол, ад якога ён не будзе адчуваць болю, сачыць за яго станам: ціскам, сатурацыяй, пульсам, дапамагчы вярнуцца да свядомасці. Словам, яна і яе калегі знаходзяцца на пярэднім краі барацьбы за жыццё чалавека – у літаральным сэнсе гэтага слова.
І ў паставых медсёстраў задача не менш адказная: яны і днём, і ноччу побач з пацыентамі. 
– Я вас памятаю, – усміхнулася пры сустрэчы Вікторыя Лучынская. – Вы ляжалі ў нас у «ковіднай» зоне…
…А я вось не памятаю. Пры сустрэчы не пазнала б і іншых сваіх ратавальніц. Аднойчы раніцай,  асмеліўшыся задаць урачу пытанне, што не давала спаць не адну ноч: «Док­тар, я памру?», пачула ў адказ: «Ды хто ж вам дазволіць памерці!» –  і паверыла, што з дапамогай шматгалосай малітвы, Божай дапамогі, «Карыны», урачоў, медыцынскіх сясцёр, санітарак, магчыма, змагу выкараскацца з таго бальнічнага сусвету. І захацела даведацца пра іх больш, каб пры нагодзе сказаць дзякуй. Але маладзенькі голас строга прыпыніў роспыты:
– Навошта вам ведаць маё прозвішча? Я проста Яна…
Толькі Паліну Кіселіс і запомніла.  Яна карміла мяне з лыжачкі, дапамагала дамовіцца з незгаворлівай «Карынай», перадавала навіны «з волі»…
А цяпер вось буду ведаць і Вікторыю Лучынскую… 
Вікторыя ў дзяцінстве самаўпэўнена лічыла, што нізавошта не стане ні настаў­нікам, ні медыкам. Ды так атрымалася, што пасля заканчэння школы падала дакументы ў педагагічны ўніверсітэт, а калі не прайшла па конкурсе – паступіла ў медыцынскі каледж. Пасля яго заканчэння працавала ў хірургічным аддзяленні, потым папрасілася ў рэанімацыю:
– Тут складана, але цікава, – гаворыць дзяўчына. – Непрадказальна. Здаецца, стан пацыента стабільны – але ў адзін момант можа змяніцца, трэба ўсё рабіць вельмі хутка… На вялікі жаль, не заўсёды атрым­­­ліваецца ўратаваць чалавека. Гэта вель­мі цяжка… Затое якая радасць, калі нашых падапечных пераводзяць далечвацца ў аддзяленне, а потым выпісваюць! Прыемна ўсведамляць, што ёсць у гэтым невялікая часцінка і маёй працы…

IMG_9073.jpg

Санітаркі аддзялення рэанімацыі Вольга Садоўская і Алена Чартовіч

 
…Пакідаючы ў снежні рэанімацыю, я не сказала дзякуй. Таму хачу падзякаваць сёння ўсім, каго ведаю і хто так і застаўся для мяне безыменным «касманаўтам», за тое, што сёлета зноў мерыла снежныя гурбы, адчувала, як шчыпле за шчокі мароз, бачыла, як набухаюць вясной пупышкі і любавалася майскай квеценню. Мне цяпер падабаецца любое надвор’е, бо я ўвесь час памятаю, што магла б гэтага больш не зведаць, не ўбачыць, не адчуць.
Дзякуй вам, ратавальнікі, за вашу працу, душу, прафесіяналізм. За тое, што вы ёсць – і дзякуючы вам, ёсць і мы…




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик