Дынастыя арганістаў Тэрмёнаў бярэ пачатак з Астравеччыны

10:12 / 16.06.2021
У асяродку прафе­сія­налаў майстры звычайна доб­ра ведаюць адзін аднаго. І прозвішча Тэрмён сярод арганістаў ва ўсім свеце не проста добра вядома – гэта як знак якасці, прыкмета майстэрства, пропуск у свет  музыкі для абраных. 
І пры гэтым мала хто ведае, што пачатак разгалі­­на­ваная дынастыя арганіс­таў Тэрмёнаў бярэ з Клюш­­чанаў. Ды і арган у астра­вецкім касцёле Святых Космы і Даміяна ведаў дотык таленавітых рук не аднаго яе прадстаўніка. 

2.jpg

Хор парафіі Клюшчаны. Фэст да дня св. Яўхіма, 1936 г.

Стаяць: А. Аўлас, В. Валуевіч, С. Лосюўна, Владзя Бернардовічуўна, Л. Лосюўна, К. Трыбоцкая, Анця з Лакцян, Бронця з Лакцян, Тэрмён; сядзяць: Фр. Аўласова, арганіст В.Тэрмён, ксёндз-пробашч Іванчык, Субач – арганіст з Быстрыцы, К. Пілімон; дзеці: Бэрнась Тэрмён, Пётрусь Тэрмён.


Цяжка сказаць, адкуль па­хо­дзіць незвычайнае проз­вішча беларускіх арга­ніс­таў. Цалкам верагодна, што пачатак роду даў нехта з фран­цуз­скіх жаў­нераў, які застаўся ў Клюшчанах пасля вайны 1812 года. Але ні пацвер­дзіць, ні абвергнуць гэтую версію не бяруцца і самі нашчадкі.
Дакладна можна сказаць, што ў кнізе Клюшчанскага касцёла за 1909 год пазначаны Іосіф Фомавіч Тэрміон (запісана мена­віта так – хоць «пісар­чукі» часта незвычайнае прозвішча «трансфармавалі» ў адпавед­нас­ці са сваім веданнем правілаў граматыкі  і разуменнем таго, як правільна, – з-за гэтага цяпер многія блізкія родзічы носяць розныя прозвішчы). Касцёльныя запісы сведчаць, што ў 60-гадовага Іосіфа Фомавіча была жонка Марыяна, прыроджаная Варнело, 48 гадоў, сыны Вікенцій, 22 гадоў, і Леанард, 18 гадоў, 21-гадовая дачка Браніслава замужам за  ваенным Іванам Карэйвам  – яны мелі гадавалую дачку Марыяну.
Менавіта сыны далі пачатак дынастыі арганістаў Тэрмёнаў. 
Вікенцій, ці Вінцэнт, як сведчыць кніга «Арганы Беларусі», дзе астравецкаму касцёлу Святых Космы і Даміяна і дынастыі арганістаў Тэрмёнаў прысвечана некалькі старонак, скончыў перад вайной школу арга­ністаў у Вільні. Быў размер­каваны ў Навагрудак, але неўзабаве вярнуў­ся ў Клюшчаны. Там  працаваў арганістам падчас службы  легендарнага ксяндза Адама Вай­ця­хоўскага і вучыў вясковых дзяцей музыцы. Пасля вайны Він­цэнт пера­ехаў у Вільню, дзе шмат гадоў быў арганістам  у касцёле на Кальварыі. 
Сын Вінцэнта Пётр таксама стаў арганістам. Напачатку ён іграў у розных касцёлах Бела­русі, а з 1961 года працаваў арганістам у віленскай Вострай Браме. Расказваў, як цяж­ка і доўга вучыў літоўскую мову – усе словы здаваліся яму адной доўгай ніткай. Але адной­­чы цудоўным чынам усё пра­ясні­лася: чужая мова раптам стала простай і сваёй. Пётр жыў пры Вострай Браме ў вельмі сціплай кватэры, амаль што ў аскетычных умовах – але яго ўсё задавальняла!

Бярнард и Пётр Тэрмёны.jpg

Прадоўжыў бацькаву справу і сын Пятра Бярнард, толькі выб­раў крыху іншую дарогу. Ён таксама пачынаў як арганіст, але з цягам часу стаў таленавітым арганным майстрам, атрымаў адпаведную ліцэнзію – у Літве толькі 2 чалавекі маюць падобны дакумент.  Імя Бярнарда Тэр­мё­на сёння вядома ва ўсёй Еўропе, ён бывае паўсюль, дзе ёсць арганы і патрабуецца дапамога ў наладцы ці рамонце,  у тым ліку і ў Беларусі. 
Ад Леанарда пайшла другая га­ліна дынастыі арганістаў Тэр­мё­наў. Прычым браты па-рознаму ідэнтыфікавалі сваю нацыя­наль­ную прыналеж­насць: Пётр лічыў сябе палякам «ад крыві і косці», а Леанард, удзельнік «Хаў­русу свая­коў», ство­ранага ксяндзом Канстан­ці­нам Ста­по­вічам, быў шчырым беларусам.  
Леанард пэўны час іграў у Клю­ш­чанах, а затым яго сям’я пера­ехала ў Астравец. Тут ён пра­ца­ваў арганістам у касцёле Святых Кос­мы і Даміяна і жыў непадалёк –  яго дом захаваўся да гэтага часу.
З чатырох дзяцей Леанарда толькі дачка Люцыя не пайшла бацькавай сцежкай – стала настаўніцай. Другая дачка, Фер­міна, працавала арганісткай у літоўскім  Немянчыне. Брунон іграў на аргане ў гродзенскім Фар­ным касцёле, Зянон пачынаў у Клюшчанах, потым яго сям’я пэўны час жыла ў Астраўцы, а ў 1957 годзе пераехала ў Гродна, дзе Зянон Леанардавіч 40 гадоў працаваў арганістам Францысканскага касцёла. Да таго ж ён меў моцны голас – яго прыгожы тэнар ведалі ўсе вернікі горада. Арганіста гродзенцы вельмі паважалі: на вуліцы стрэчныя праз аднаго віталіся з ім і пачціва раскланьваліся. 
Зянон Леанардавіч марыў, каб сын Брунон не проста пра­доў­жыў яго справу жыцця, а стаў першым у дынастыі арга­ністаў Тэрмёнаў музыкантам з прафесійнай адукацыяй. І Брунон Зянонавіч не проста апраўдаў бацькавы надзеі, а ўзняў сямейную справу на новую вышыню.
Нарадзіўся Брунон у Аст­раў­цы. І хоць яшчэ малым пераехаў з баць­камі ў Гродна, з нашым горадам у яго звязаны самыя цёплыя ўспаміны. Тут у доме Коўзанаў – першым і доўгі час адзіным цагляным жылым будынку райцэнтра, дзе цяпер знаходзіцца магазін «Ліра»,  – жыла яго бабуля, а на вуліцы Зарэчнай – цётка, маміна сястра. Тут са стрыечным братам Іванам Карпіцкім, для сяброў – проста Янушам, яны ладзілі свае дзіцячыя гульні і планавалі будучыню. Іх сяброўства працягвалася ўсё жыццё, хоць  Іван – дарэчы, таксама музыкант, валтарніст, ён іграў у лепшых аркестрах Санкт-Пецярбурга – жыў у расійскай паў­ночнай сталіцы, а Брунон – на мяжы з Польшчай. У Астравец арга­ніст з Тэрмёнаў час ад часу прыязджаў – і тады ажываў інст­румент у касцёле Святых Космы і Даміяна. Апошні раз ён спяваў і плакаў пад рукамі Брунона, на жаль, з сумнай нагоды, право­дзячы ў апошні шлях брата і сябра Януша…

Брунон Тэрмён.jpg

Брунон закончыў у Гродна адзі­ную на той час музычную школу, затым музычнае вучы­лішча, паступіў у кансерваторыю на фартэпіяннае аддзяленне. Там сустрэў жонку Валянці­ну, іх накіравалі на працу ў Ліду. А праз 9 гадоў сям’я вярнулася ў Гродна. 
Брунон Зянонавіч ужо больш за 20 гадоў працуе загадчыкам фартэпіяннага аддзялення Гро­дзенскага музычнага каледжа. Але ўвесь гэты час жыццё яго  непарыўна звязана з арганам. У спадчыну ад дзядзькі яму дасталася не толькі імя Брунон, але і гродзенскі Фарны касцёл, дзе арганіст 20 гадоў працягваў сямейную справу Тэрмёнаў. І хоць інструмент перажыў вялікія выпрабаванні і патрабуе рамонту, удалося арганізаваць між­народны фестываль «Званы Фар­нага касцёла» і запрасіць вядомых арганістаў з многіх краін свету.
Але расклад службаў у храме вельмі шчыльны, работа ў каледжы таксама вымагала часу і сіл – давялося выбіраць. Брунон Зянонавіч пакінуў Фару. Цяпер час ад часу ў нядзелю, калі гэты дзень выдаецца свабодным, ён выязджае ў адзін з прыгарадных касцёлаў, каб дакрануцца да клавішаў аргана – і адвесці душу…
Быў у біяграфіі Брунона неза­быўны эпізод, калі цудоў­ным чынам пашчасціла іграць на аргане ў касцёле Святога Пятра ў Ватыкане. Тады дэлегацыя паломнікаў з Гродна адпра­вілася ў Італію, каб паў­дзельнічаць у святочных мерапрыемствах з нагоды юбілею Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. 
– Мы наведалі многія гарады Італіі – у Венецыі, да прыкладу, іграў на аргане ў храме на плошчы Сан-Марка, – расказвае Брунон Зянонавіч. – А галоўныя падзеі адбываліся ў Ватыкане ў касцёле Святога Пятра. Служба была ўрачыстая, поўны храм людзей, біскупы, вышэйшае духавенства… Мяне ж, вядома, найбольш цікавіў арган – і  я бачком-бачком праціснуўся да яго, ахова чамусьці не звярнула на мяне ўвагі ці палічыла за свайго. Гля­джу: ля інструмента дзве манахіні, адна гаворыць па-польску: «Тут столькі біскупаў, я так хвалююся…» Другая адказвае нешта па-англійску. Я набраўся смеласці і прапанаваў: «Можна, я паіграю? Я ўмею…» І ады­граў усю імшу. Задавальненне і ўражанне атрымаў неверагоднае! 
…А фестываль арганнай музыкі ў Гродне не заглух – стараннямі яго арганізатара Брунона Тэрмёна ён перамясціўся пад дах музычнага каледжа. А пачалося ўсё з таго, што загадчык фартэпіяннага аддзялення высветліў, што ў якасці дадатковага інструмента яго навучэнцы могуць выбраць сінтэзатар, клавесін ці арган. Дакладней, маглі б… Але дзе ўзяць інструмент?  «Цацка» гэтая не тан­ная і ў магазіне музычных ін­струментаў не прадаецца… 
Тым не менш, дзякуючы яшчэ аднаму ўраджэнцу Астравеччыны, старшыні абласнога Савета дэпутатаў Ігару Жуку ўдалося знайсці немалыя грошы, а дзякуючы знаёмствам Брунона Тэрмёна з элітай сусветных арганістаў, набыць для каледжа ўнікальны інструмент, які спалучае ў сабе 8 арганаў з розных краін і гарадоў Еўропы – Германіі, Галандыі, Італіі, Польшчы – з усімі іх адметнасцямі і нават недасканаласцямі. 
І фестываль  набыў новае жыццё і новае гучанне! Ужо 5 гадоў на працягу кастрычніка-лістапада ў Гродзенскім каледжы адбываюцца музычныя чацвяргі, на якія прыязджаюць сусветна вядомыя арганісты – і прыходзяць слухачы, якія разумеюць і цэняць сапраўдную музыку. 
…Агонь знішчыў касцёл Свя­тога Яўхіма ў Клюшчанах. Маў­чыць арган у касцёле Святых Космы і Даміяна ў Астраўцы. Але гучаць арганы ў іншых гарадах і краінах, падуладныя таленту музыкантаў Тэрмёнаў, адрамантава­ныя майстрамі з гэтага слыннага роду; выходзяць у свет маладыя спецыялісты, падрыхтаваныя загадчыкам фар­тэпіяннага аддзялення Гро­дзен­скага музычнага каледжа, – 24 арганісты налічвае дынастыя Тэрмёнаў.  
Верыцца, што сямейная справа арганістаў Тэрмёнаў прадоў­жыцца ў наступных пакаленнях. І будзе гучаць непаўторны голас аргана!



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: Нина Рыбик