З першым укосам аграрыі КСУП “Гудагай” справіліся амаль напалову
Пра гэта добра ведаюць аграрыі КСУП «Гудагай», які некалькі гадоў запар з’яўляецца лідарам малочнай вытворчасці ў раёне. І задача нарыхтаваць як мага больш якасных кармоў у гэтай гаспадарцы з разраду стратэгічных.
Напрыканцы мінулага тыдня карэспандэнт «раёнкі» паглядзеў, як адбываецца першы ўкос у «Гудагаі» – лідара раённай корманарыхтоўкі.
З першых вуснаў
За працэс нарыхтоўкі кармоў у гаспадарцы адказвае намеснік дырэктара па вытворчасці Андрэй Вінча:
– Прынцыпы нарыхтоўкі травяністых кармоў засталіся ранейшымі: трава скошваецца, падвяльваецца, потым падымаецца і здрабняецца камбайнамі і трапляе ў тэхналагічныя ёмістасці для захоўвання кармоў. Сянаж нарыхтоўваем з выкарыстаннем кансерванта «Бэстсіл». Да слова сказаць, штогод у нашай гаспадарцы побач з малочна-таварнымі комплексамі і фермамі будуюцца па 2 новыя бетаніраваныя кормасховішчы – летась, напрыклад, сянажна-сіласныя траншэі з’явіліся ля МТК «Германішкі» і МТФ «Лоша».
Пасля скошвання ўносім мінеральныя ўгнаенні. На ўчастках, дзе травы патэнцыйна добрыя і чакаецца не горшы за першы другі ўкос, – трапляе азот. На пашы прымяняем метад сустрэчнага скошвання: у залежнасці ад травасумесі «зялёнку» замотваем у стрэйч-плёнку, а злакавыя ідуць на сена.
За якасцю закладваемай масы сочыць ветэрынарная служба: пастаянна вымяраюцца тэмпература і вільготнасць. Па рэгламенце «зялёнка» не павінна награвацца да 37 градусаў, а вільготнасць – не перавышаць 60%. Тэхнічны рэгламент нарыхтоўкі травяністых кармоў у КСУП «Гудагай» выконваецца.
Па стане на 7 чэрвеня, дзве сянажныя ямы заклалі побач з МТК «Германішкі», па адной – ля МТК «Малі» і МТФ «Кялёйці», пачалі напаўняць «зялёнкай» кормасховішчы побач з МТФ «Індрубка» і «Рукшаны».
У цэлым корманарыхтоўку ацэньваю станоўча. Думаю, праз тыдзень-другі завяршым першы ўкос.
Пётр Сяргей – адзін з лепшых вадзіцеляў і аратых у раёне
Сяргей Семянцоў на граблях робіць валкі
Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы пастаянна нарошчваюць – цяпер яно складае больш за 9 300 галоў, з якіх 2 460 – дойны статак. Да прыкладу, у мінулым годзе ад каровы надаілі ў сярэднім амаль 8 900 кілаграмаў малака, таварнасць якога давялі да 91%. Высокі рубеж плануюць утрымаць і ў 2021-м. Малочныя паказчыкі напрамую залежаць ад трывалай кармавой базы. У разліку на адну ўмоўную галаву ў новым сезоне ўжо нарыхтавалі 4,17 цэнтнера кармавых адзінак (+1,2 да 2020-га). Усяго гудагайцы плануюць нарыхтаваць 47 тысяч тон сіласу, крыху больш за 33 тысячы тон сенажу і 700 тон сена.
На корманарыхтоўцы занята больш за 25 адзінак тэхнікі, якая разбіта на 3 звяны. Намаганнямі касілак з шырынёй захопу больш за 8 метраў травы кладуцца ў пракосах на 150 гектарах – гэта крыху больш за 5% ад плана.
Генрых Млынскі на энерганасычаным трактары «Беларус» у счэпцы з модульнай ратацыйнай касілкай скошвае травы з укладкай зялёнай масы ў пракосы. Механізатар ведае тэхналогію на зубок.
– На гэтым агрэгаце працую чацвёрты сезон, на касавіцы – шосты, – расказвае касец. – У сярэднім за дзень скошваю каля 60 гектараў. Неаспрэчны плюс гэтай машыны ў тым, што яна сумяшчае некалькі аперацый за адзін праход.
Травы ўбіраюць маладыя і адказныя механізатары: Сяргей Урлік, Віктар Грымбоўскі і Міхаіл Лашчонак, якога некалькі гадоў запар прызнавалі лепшым корманарыхтоўшчыкам вобласці.
На корманарыхтоўчым камбайне травы падбірае Віктар Грымбоўскі
Падшыпнік мяняе Сяргей Лабастаў
«Зялёнку» трамбуе Ігар Алёкса
Віктар Алёкса возіць зялёную масу
Вадзіцель Валерый Змітровіч
– Свой камбайн атрымаў пазалетась. У сярэднім за дзень падымаю ад 200 да 400 тон «зялёнкі» – травы сёлета добрыя выраслі, – расказвае касец Віктар Грымбоўскі. – Калі дазваляе надвор’е, працуем да 10 вечара. Вільгаці хапае – атава не прымусіць сябе чакаць, галоўнае, каб ночы былі цёплымі.З поля да траншэй зялёную масу адвозяць каля 15 трактараў і аўтамабіляў. За дзень 12 рэйсаў робіць Пётр Сяргей, які, дарэчы, пазалетась стаў пераможцам працоўнага спаборніцтва на корманарыхтоўцы сярод вадзіцеляў, якое штогод праводзіць райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Пакуль адны косяць і возяць, другія старанна трамбуюць падвяленую траву ў траншэях. Гэта, да слова, адзін з паказчыкаў сумленнасці работы трамбоўшчыкаў – тэмпература масы не павінна павышацца. У дзень майго прыезду закладвалі другое кормасховішча побач з МТК «Германішкі», дзе ўтрымліваецца каля двух тысяч галоў. Трактары нібы спаборнічалі з МАЗамі – адна за адной машыны пад’язджалі да траншэй з інтэрвалам у 3-5 хвілін… Сапраўдны зялёны канвеер, які, верыцца, стане для «гудагайцаў» малочным.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.