Праверана на сабе: як у мяне спрабавалі ўкрасці грошы з картачкі

15:08 / 08.06.2021
Ну вось, нарэшце! А то я ўжо пачала сумнявацца ў сваёй паўнацэннасці: ці то занадта разумная, ці наадварот… Усім час ад часу паступаюць трывожныя званкі з паведамленнямі кшталту «З вашай картачкі спісваюць грошы, трэба тэрмінова прымаць меры! Паведаміце нумар карты…» і гэтак далей па неаднойчы апісанаму супрацоўнікамі міліцыі сцэнарыю. А я чакаю-чакаю – і ўсё дарэмна! Хоць карціць на сабе праверыць, як нас дураць, каб потым у падрабязнасцях расказаць чытачам. Ды жулікі нібыта ведаюць, што я журналістка і маю намер не «закапаць свае грошыкі на полі цудаў у краіне дурняў», а папярэдзіць іншых, на чым нас «купляюць»! І таму ў лю­дзей спісваюць з картачак сотні і тысячы – а мне ні разу ніводнага званочка! Нават крыўдна…

654.jpg

І вось у той самы момант, калі менш за ўсё чакала «разводу» (ды хто ж яго калі чакае?!) зацілілінькаў Вайбер. Справа была надвячоркам, я вярталася з чарговай рэпетыцыі спектакля «Калядны вечар» і ўсё яшчэ знаходзілася ў вобразе Міхайлаўны, перажывала яе драму сваёй гераіні і думала, наколькі пераканаўча даношу яе да гледача… Трубку зняла, не зважаючы на нумар – адзначыла толькі, што незнаёмы.
Мужчынскі прыемны голас ветліва, але крыху ўстрывожана паведаміў:
– Вам тэлефануюць з сэрвіснага цэнтра Беларусбанка.
І спытаў без паўзы:
– Вы пераводзілі толькі што 100 рублёў… (далей называліся незнаёмыя прозвішча і імя, якіх я, вядома ж, ад нечаканасці не запомніла).
…Цяпер разумею, на што нас «чапляюць»: на эфект нечаканасці.  А яшчэ – на  страх страціць свае кроўныя. Калі б у той жа момант гэты прыемны заклапочаны голас спытаў нумар картачкі – не ўпэўнена, што цалкам машынальна я не назвала б яго. 
Але голас працягваў распытваць: ці карыстаюся я інтэрнэт-банкінгам, як даўно разлічвалася картачкай і дзе, колькі ў мяне на рахунку грошай… Пакуль адказвала на пытанні, што сыпаліся, як гарох, успомніла шматлікія папярэджанні міліцыянераў і супрацоўнікаў Беларусбанка аб тым, што з банка на Вайбер ніколі не тэлефануюць, паглядзела на код уваходзячага нумара – ён пачынаўся не з беларускіх лічбаў 375… Усё зразумела! Цікава, што ж будзе далей?
– Дык вы пацвярджаеце гэты плацёж? — дапытваўся малады чалавек.
– Вядома ж, не, – уключылася я ў гульню.
– Тады мы, з вашага дазволу, правядзём… (далей ішло слова, якое, пачуўшы яго ў іншых абставінах, магла б палічыць нецэнзурным, – а тут зразумела, што размова ідзе аб прыпыненні таго плацяжу, які я не праводзіла).
– Праводзьце, – усміхнулася сама сабе, чакаючы, што будзе далей.
– Для гэтага нам патрэбны вашы…
Я глыбей засунула кашалёк у сумачку, нібы тэлефонны суразмоўца мог падгледзець нумар маёй карты. Але яму, аказваецца, патрэбна было іншае!
– …Нумар фінансавага дагавору альбо нумар падаткаплацельшчыка. Што вам зручней паведаміць?
Так, цікава – гэта нешта новенькае, пра такі спосаб крадзяжоў яшчэ не чула… Не стаяць на месцы махляры, удасканальваюць формы і метады работы!
Можа, калі б працягвала гуляць у жмуркі з віртуальным злодзеем – а што мой тэлефонны суразмоўца менавіта з гэтай кагорты, сумненняў не засталося, – то даведалася б больш пра невядомую схему крадзяжоў з банкаўскіх карт. Але я ні разу не разведчыца і таму адказала:
– Нічога я вам не буду паведамляць.
– Чаму? – здзівіўся суразмоўца.
– Мне здаецца, што вы спрабуеце мяне развесці на грошы, – я старалася быць максімальна карэктнай.
– Што вы такое кажаце! – абурыўся малады чалавек. – Я ж не прашу ў вас нумар банкаўскай карты ці іншых дадзеных! Толькі нумары фінансавага дагавора ці падаткаплацельшчыка – іх і так можна даведацца. 
– Дык даведайцеся, чаму ж у мяне пытаеце…
– Як хочаце, – на гэты раз злосна кінуў суразмоўца. – Толькі ведайце: вашы грошы будуць спісаны, а вам давя­дзецца вырашаць справу ў судзе.
– Ну паспрабуйце спісаць, – нахабна дазволіла я.
Вярнуўшыся дахаты, на ўсякі выпадак праверыла баланс: грошы былі на месцы. Спытала ў «дзядзькі Гугла», дзе знаходзіцца той «сэрвісны цэнтр Беларусбанка», адкуль мне паступіў званок, – тэлефонны код указваў на Нідэрланды. Даводзілася там бываць. Прыгожая краіна. Вясёлая… 
Але і мы жартаваць умеем! 
Галоўная выснова, якую я зрабіла пасля гэтай спробы «астравецка-нідэрландскага разводу»: не варта ўпадаць у паніку ў выпадку падобных званкоў (хоць паніка дрэнны памочнік у любых выпадках) і трэба ўключаць мазгі, нават калі яны ў гэтую хвіліну адпачываюць ці заняты больш важнай справай.
Ды і пачуццё гумару не зашкодзіць…



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик