На пяць пытанняў аб галоўным адказваюць астравецкія меліяратары

10:30 / 06.06.2021
Гісторыю прадпрыемства ствараюць людзі. Калі ў 70-я гады ў раённай меліярацыі было занята каля тысячы працаўнікоў, то цяпер калектыў значна меншы – але людзі працуюць не менш шчыра і адказна, чым папярэднікі. Работнікам прадпрыемства наш карэспандэнт задаў 5 пытанняў аб галоўным:

1. Якія сцежкі прывялі вас у меліярацыю і Астравец?
2. Раскажыце пра свой рабочы дзень: ці залежыць фронт работы ад сезону?
3. Што радуе вас як чалавека і работніка?
4. Уявіце, што вы селі ў дырэктарскае крэсла. Што зменіце?
5. Што пажадаеце калегам?

Рыгор Багатка, галоўны інжынер:

1. Нарадзіўся я на Палессі ў вёсцы Грыў­кавічы Пінскага раёна, таму, відаць, мне спецыяльнасць прадвызначыў лёс – пра­фесія меліяратара на той час была самай папулярнай і запатрабаванай. Пасля заканчэння Пінскага гідрамеліярацый­нага тэхнікума ў 1972 годзе мяне накіравалі на Астравеччыну. Гэта цяпер наш горад прыгожы, з новымі будынкамі і магазінамі, а раней казалі: Астравец – свету канец. Але я не баяўся ехаць у невядомы для сябе раён. Пачынаў майстрам у будаўніча-мантажным упраўленні меліярацыі, потым быў прарабам. Да 1991 года мелія­рацыйныя арганізацыі працвіталі: вял­ікія аб’ёмы работ, добрае фінансаванне… Пра­цаваў прарабам у дарожна-рамонтным будаўнічым упраўленні  №159, га­лоў­ным спецыялістам па тэхнаглядзе дзяр­жаўнага аб’яднання па меліярацыі зямель, воднай і рыбнай гаспадарцы «Бел­вадгас» – адтуль пайшоў на пенсію. Вадзім Станіслававіч прапанаваў у яго папрацаваць – так усё вярнулася на кругі свае: прыйшоў да таго, з чаго пачынаў. 
2. Сфера маёй адказнасці – вытворчасць мелія­рацыйных работ. Планёрка, размеркаванне задач на дзень, аналіз работы падначаленых і вядзенне дакументацыі, кантроль якасці і выкананне вытворчых норм – так і дзень праходзіць.
3. У Астраўцы сустрэў другую пала­вінку. Са Станіславай, якая ўсё жыццё адпрацавала ў статыстыцы, разам 47 гадоў. Дачка падарыла нам двух унукаў – Дзіму і Сашу. Старэйшы вучыцца ва ўніверсітэце грамадзянскай абароны МНС, а малодшы закончыў 9 клас. Родныя і блізкія робяць мяне шчаслівым.
У рабоце самае прыемнае, напэўна, – прызнанне: я выдатнік Мінвадгаса СССР, ганаровы меліяратар Рэспублікі Беларусь, маю бронзавы медаль ВДНГ за дасягнутыя поспехі ў вытворчасці.
4. Пра лепшага дырэктара, чым наш, марыць не варта. Адзінае, чаго не хапае, – прагрэсіўнай высокапрадукцыйнай тэх­нікі.
5. Усім калегам і ветэранам меліярацыі жадаю здароўя, дабрабыту і дастатку.

Валерый Касперовіч, трактарыст:

Валерый Касперовіч.jpg

1. Нарадзіўся я на Ашмяншчыне ў вёсцы Гродзі – да Астраўца рукой падаць. У нас была самая звычайная вясковая сям’я, бацькі, як і большасць тагачасных лю­дзей, працавалі ў калгасе. Маё дзяцінства прайшло ў кабіне таткавага трактара. (Усміхаецца.) Пасля 9 класа паступіў у Ашмянскае прафесійнае вучылішча – цяпер гэта каледж: блізка дадому, некалькі спецыяльнасцей можна атрымаць. За 3 гады асвоіў прафесію электрагазазваршчыка, трактарыста, атрымаў вадзіцельскія катэгорыі «В» і «С». Пасля вучобы ўлад­каваўся ў калгас, потым адслужыў у арміі і вярнуўся ў родную гаспадарку. Вядома, трактарыст у полі працуе да позняга вечара з вясны да восені. Мне, маладому, хацелася выхадных. Доўга перабіраў: ашмянскі «Будаўнік», гудагайскі калгас, астравецкая сельгастэхніка… Знаёмыя хлопцы падказалі прадпрыемства мелія­рацыйных сістэм. Прыйшоў да Вадзіма Станіслававіча, пагутарылі – ён і ўзяў мяне, было гэта 13 мая 2013 года. З таго часу і працую – работа па душы!
2. Летась атрымаў новы трактар айчыннай вытворчасці МТЗ-82, які працуе ў счэпцы з навясной касілкай К-78. Калі далёка аб’ект, тэхніка застаецца там – для працаўнікоў арганізаваны падвоз. Фронт работы залежыць ад сезону. Найбольш напружана летам: абкошваем ме­ліярацыйныя каналы, дапамагаем КСУП­ам і жыллёва-камунальнай гаспадарцы рабіць пракосы ўздоўж дарог. Зімой лягчэй: у асноўным транспартныя работы, рамонт тэхнікі, расчыстка снегу. 
3. Працаваць на ўлонні прыроды – найвялікшае задавальненне! Не гарадскі я чалавек. А колькі звяроў бачыў за гэты час: ласёў, касуляў, зайцаў, лісаў і нават баброў! Асабліва за Міхалішкамі – у бок Сарачанскіх азёр прыгожа. Душой адпачываю, а ў абедзенны перапынак можна грыбоў назбіраць на суп. 
Як і кожнага чалавека, шчаслівым мяне робіць сям’я. Жывём у Шунэлішках. Дом да толку даводзіў сам: тынкаваў, ма­ля­ваў, фундамент падліваў. З жонкай гадуем дзвюх цудоўных дачушак Паліну і Аліну, старэйшай 5 чэрвеня споўніцца 11. Хто ведае, можа, і сыночка яшчэ зной­дзем! (Усміхаецца.)
4. З вясны па восень працоўны дзень у нас да 18.00, а зімой – да 16.00. Зрабіў бы вызначаны графік работы, але гэта наўрад ці магчыма, улічваючы сезоннасць работы. А так наш Вадзім Станіслававіч з усім выдатна спраўляецца!
5. Апошні год стаў вельмі паказальным: каронавірус змяніў жыццё людзей. Перахварэў і я, праўда, у бальніцы не ляжаў, але наступствы віруса адчуваў яшчэ на працягу паўгода. Самае галоўнае – не грошы і дабрабыт, а здароўе. Гэтага і жадаю калегам!

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: