Больш як паўвека на сцэне Данута Папеня

10:15 / 30.05.2021
Гартаючы падшыўку «Астравецкай праўды» за 1969 год я, шчыра кажучы, не вельмі спадзявалася сустрэць прозвішчы тых, з кім сёння вітаюся на вуліцах горада і вёсак Астравеччыны: час бяжыць, пакаленні мяняюцца… Але ў №12 знайшла артыкул Яўгена Кулакова «Некалькі гадзін для сябе», дзе аўтар распавядаў, як работнікі культуры раёна адзін з вечароў прысвяцілі свайму адпачынку. Між іншым узгадвалася, што за ўдзел у днях Гродзенскай вобласці ў Мінску адзначылі граматай абласнога ўпраўлення культуры Дануту Стаціна. І хоць на здымку дрэннай якасці пазнаць спявачку амаль немагчыма, стала зразумела, што гэта Данута Папеня, якая сёння кіруе хорам ветэранаў. Я папрасіла жанчыну расказаць пра тую абласную ўзнагароду і жыццё пасля яе.

46465.jpg

– У 1968 годзе ў Мінску па чарзе праходзілі дні ўсіх абласцей рэспублікі – яны былі прысвечаны 50-годдзю ўтварэння БССР. Позняй восенню, здаецца, у лістападзе, адбыліся дні Гродзеншчыны, – узгадала Данута Адольфаўна. – Для ўдзелу ў іх праводзілі сур’ёзны адбор лепшых творчых сіл з усіх раёнаў. Я тады дапамагала брату, Генадзю Адольфавічу, арганізоўваць работу ў новастворанай Астравецкай музычнай школе: выкладала фартэпіяна і тэарэтычныя дысцыпліны. І вядома ж, спявала. Для ўдзелу ў днях Гродзенскай вобласці ад Астравецкага раёна былі адабраны дзве песні ў маім выкананні, адна на рускай мове, другая – на польскай. Яны гучалі ў суправаджэнні інструментальнага ансамблю, у склад якога ўваходзілі астравецкія музыканты.
– Дні Гродзеншчыны доўжыліся цэлы тыдзень, – расказвае су­раз­моўца. – Планавалася, што я буду спяваць толькі на адкрыцці, у філармоніі. Але наша выступленне гледачы так горача віталі, што арганізатары ўключылі маё выступленне і ў заключны канцэрт, які адбыўся ў тэатры оперы і балета. На ім прысутнічаў Генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў – адказнасць была неймаверная.
– А паміж адкрыццём і закрыццём мы выступалі на прадпрыемствах, у клубах і Дамах культуры – нас цёпла прымалі, усюды ладзілі экскурсіі. Пасля тых дзён культуры мне нават прапанавалі работу ў Мінскай філармоніі. Але на той час ужо была сям’я, я чакала першынца, жылля ў Мінску не абяцалі… Словам, адмовілася. А за ўдзел у днях Гродзенскай вобласці мяне адзначылі граматай абласнога ўпраўлення культуры, праўда, уручылі яе толькі напачатку 1969 года – аб гэтым і пісала раённая газета ва ўзгаданым вамі артыкуле, – расказвае Данута Адольфаўна.
З таго часу і да сённяшняга дня жыццё жанчыны непарыўна звязана з музыкай. Да выхаду на пенсію яна працавала ў дзіцячай музычнай школе, выкладала сальфеджыа. Каб мець спецыяльную адукацыю, нават у другі раз закончыла завочна музычнае вучылішча. Кіравала хорам, і не адным – вакальныя калектывы дзейнічалі раней амаль у кожнай арганізацыі, а людзей са спецыяльнай музычнай адукацыяй не хапала.
І па-ранейшаму спя­вала. З калегамі-адна­думцамі Надзеяй Харытонавай (Ківенка), Валянцінай Волчэк (Грыка) і Зінаідай Кляпцовай яны стварылі вакальны квартэт, выступленні якога прыводзілі ў захапленне гледачоў не толькі Астравеччыны: ім апладзіравалі ў Гродна і ў Мінску, у многіх раённых цэнтрах, іх здымалі для тэлебачання – і зноў прапаноўвалі работу ў Мінскай філармоніі, на гэты раз усім чацвярым. Астравецкія артысткі адмовіліся – па той жа прычыне, што некалі і Данута Адольфаўна: жыллёвае пытанне… 

566465.jpg

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Данута Папеня пэўны час дапамагала брату працаваць з раённым хорам, які паступова трансфармаваўся ў хор ветэранаў. А ў 2006 годзе стала кіраваць гэтым калектывам. 
Выступленні хору ветэранаў на любой сцэне – гэта заўсёды ўзор майстэрства, бо кіруе ім сапраўдны прафесіянал: Данута Адольфаўна проста не можа – не ўмее! – працаваць дрэнна. 
Праўда, цяпер гэты калектыў перажывае не лепшыя часы: гады і хваробы выбіваюць з яго шэрагаў апантаных аматараў песні. Але верыцца, што прыйдуць іншыя – ветэраны нашы актыўныя і вядомы шматлікімі цікавымі справамі. І хор будзе спяваць гэтак жа зладжана і ўзнёсла.
 А на месцы дырыжора ўсё гэтак жа будзе стаяць стройная, вытанчаная, інтэлігентная Данута Адольфаўна Папеня.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Главный администратор