Як праходзіла калектывізацыя ў Астравецкім раёне

11:07 / 04.05.2021
Працягваем узгадваць гісторыю Астравеччыны, гартаючы старыя падшыўкі раённай газеты, на той час – «Сталінскай праўды». 
На гэты раз аналізуем публікацыі і падзеі 1950 года. 
У 1950 годзе калектывізацыя ў Астравецкім раёне завяршалася. Яшчэ з’яўляліся публікацыі аб новаствораных калгасах, але калі раней гэта былі вялікія артыкулы, то цяпер – часцей за ўсё інфармацыі ў 2-3 радкі. 

2.jpg

Так, у №8 за 21 студзеня газета піша, што пасля таго, як «19 студзеня сяляне вёскі Лоша аб’ядналіся ў сельскагаспадарчую арцель імя Энгельса, старшынёй якой быў абраны Янушкевіч Кароль», у Байканскім сельсавеце завяршылася калектывізацыя – тут створана 5 калгасаў. Паведамляецца, што гэта другі сельсавет суцэльнай калектывізацыі (невядома, які быў першым). А напрыканцы года, у № 100 за 14 снежня, газета інфармуе аб аб’яднанні ўсіх гаспадарак Байканскага сельсавета – калгасаў імя Энгельса, імя Пушкіна, «Чырвоная зара», імя Свердлава і імя Ракасоўскага – у адзін узбуйнены калгас. У заметцы не паведамляецца, якую назву яму прысвоілі, але, мяркуючы па ўсім, – «Чырвоная зара», бо гаспадарка з такой назвай і цэнтральнай сядзібай у Лошы існавала даволі доўга.
У №17 за 23 лютага змешчана інфармацыя аб тым, што Гервяцкі сельсавет заканчвае суцэльную калектывізацыю – тут створана 8 калгасаў. «За апошні тыдзень арганізавана два буйных калгасы – імя Мічурына ў вёсцы Гальчуны і «Першае мая» ў вёсцы Мацкі».
Паралельна з утварэннем новых калгасаў ішло аб’яднанне існуючых ці далучэнне дробных да буйнейшых. Так, у №42 за 25 мая газета паведамляе, што арцель «Новае жыццё» Астравецкага сельсавета (вёска Ізабеліна) аб’ядналася з арцеллю «Слава» Якентанскага сельсавета. Новы калгас з назвай «Новае жыццё» налічвае 115 гаспадарак. «Аб’яднанне арцелей дало магчымасць ліквідаваць затраты працадзён на кіруючы апарат».
У №53, прысвечаным Дню вызвалення Беларусі, прыво­дзілася лічба, што ў раёне створана 90 (!) калгасаў, у якія аб’яднана 70% сялян (нагадаю: у той час у склад раёна не ўваходзіла сённяшняя «завілейская» яго частка). Дзіўна, як раённыя начальнікі  не блыталіся ў такой колькасці гаспадарак? Тым больш, што назвы многіх паўтараліся: было 3 калгасы «1 мая», 2 – імя Сталіна… 
На нарадзе перадавікоў сельскай гаспадаркі раёна (ужо не з’езд сялян, як было ў першыя пасляваенныя гады, у якім удзельнічалі і аднаасобнікі), прынялі абавязацельствы на 1950 год: сабраць жыта 14 цэнтнераў з гектара, ячменю і пшаніцы – па 15, ва ўсіх калгасах стварыць па 4  жывёлагадоўчыя фермы, надаіць ад кожнай фуражнай каровы па 1 900 кілаграмаў малака – пра гэта паведамляла «Сталінскай праўда» ў №20 за 5 лютага. Аб тым, што абавязацельствы рэальныя, сведчыць подпіс да здымка даяркі калгаса імя Сталіна Гені Сташкевіч, якая ад кожнай дойнай каровы атрымала па 1 800 літраў малака, а ад асобных кароў – Маліна, Смарода, Малютка, Рыжуня – па 2 200.
У створаных «з-пад палкі» калгасах справы ішлі цераз пень-калоду: прызначаныя пад прымусам кіраўнікі працаваць не хацелі, калгаснікі па-ранейшаму засявалі свае надзелы, стараліся запрэгчы свайго коніка і падаіць сваю кароўку. Ускосна пра гэта пісала і раённая газета – вядома, калі чытаць паміж радкамі. Так, у №40 за 18 мая ў артыкуле «У адрыве ад калгасных мас», падпісаным вельмі красамоўна – «Група калгаснікаў», крытыкуецца старшыня калгаса «Шлях Леніна» Гудагайскага сельсавета Іосіф Замара. «Група калгаснікаў» паведамляе, што тут зрываюць план веснавой сяўбы, а галоўнае – не право­дзяць сходы і... не выпускаюць насценную газету! А літаральна праз некалькі дзён, у №42 за 25 мая змешчана інфармацыя, што Іосіф Замара зняты з работы, у калгасе «Шлях Леніна» выбрана новае праўленне і старшыня.

1.jpg

Паказальная заметка У. Царэ­віча «Маладыя калгасы Астравецкага сельсовета не выкон­ваюць план развіцця жывёлагадоўлі», змешчаная ў №69 за 27 жніўня. У ёй паведамляецца, што ў калгасе «Чырвоны Кастрычнік» (стар­шыня Анімуцкі) толькі дзве каровы, якія знаходзяцца ў хляве самога старшыні. А ў калгасе «Сталінская праўда» закуплена для калгаснай фермы толькі 3 цёлкі.
Працавалі ў новаствораных кал­гасах таксама па-рознаму. Да прыкладу, у №62 за 3 жніўня расказваецца, што 67-гадовая Адэля Шлыковіч з калгаса «Перамога» Гудагайскага сельсавета зжала за дзень 0,25 гектара жыта і выпрацавала разам з вязкай і вывазкай снапоў 5,56 працадня. «Калі ўзяць па выдачы на працадзень за мінулы год, дык за дзень зарабіла 18 кг аднаго толькі хлеба», – падлічыла газета. А вось у калгасе імя Жданава Гервяцкага сельсавета «Разбазарваюць працадні» – заметка пад такой назвай змешчана ў раённай газеце 30 ліпеня. Яе аўтар Б. Іпановіч расказвае, што «Аўгуль Пётр толькі з’ездзіў на сенакос, нічога там не зрабіў, а брыгадзір Сцефановіч запісаў яму адзін працадзень. Кладаўшчык Сцефановіч Адольф – кладаўшчык ёсць, а кладовай няма. І ходзіць сабе Адольф усё лета рукі ў брукі, а працадзень атрымоўвае».
Хоць былі прыклады іншай работы.  Пра тое, што ў калгасе «Рассвет» Рымдзюнскага сельсавета заканчваюць будаўніцтва цагельнага завода, «Сталінская праўда» паведамляла ў №54 за 6 ліпеня. Старшыня Тарасевіч і майстар Сячынскі расказвалі, што «ў гэтым годзе плануюць нафармаваць і абпаліць не менш 40 тысяч штук цэглы, якая пойдзе на абкладку шулляў канюшні, на будаўніцтва тыпавой цаглянай кузні». 
У №56 «Сталінскай праўды» за 13 ліпеня распавядаецца пра калгас імя Варашылава, які быў створаны ў Варнянах яшчэ да вайны і адноўлены пасля вызвалення. У 1950 годзе ў ім ужо 137 гаспадарак, 976 гектараў зямлі, з іх  449 – ворыва, 120 – сенакосу. На фермах утрымлівалася 85 галоў буйной рагатай жывёлы, 100 свіней, 151 авечка, 100 коней, з іх 65 – рабочых. Арцель мела ўласны грузавы аўтамабіль, 3 сенакасілкі, ільноцерабілку, 4 малацілкі, 3 культыватары, 2 веялкі. Пра тагачаснага старшыню гэтага калгаса Шыманца, які ў 1949 годзе быў узнагаро­джаны ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга, мы расказвалі ў №27 «Астравецкай праўды» за 9 красавіка 2021 г.
Пакрысе паляпшалася матэ­ры­яль­­­на-тэхнічная база машынна-трактарных станцый, якія дапа­ма­га­лі калгасам апра­цоў­ваць зямлю. У №48 за 15 чэрвеня раённая газета паведамляе, што «нядаўна МТС папоўніла свой парк чатырма трактарамі ДТ54 і двума КД-35, а таксама атрымала новыя самаходныя зернавыя камбайны, малацілкі мк1100, балотныя плугі і другі прычапны інвентар».
З’яўляюцца і кадры меха­нізатараў. У №33 надрукавана заметка пра маладога трактарыста Яўгенія Ёча  са Свіршчызны, які, скончыўшы курсы пры МТС, той вясной упершыню сеў за руль трактара ХТЗ.
Хоць на работу МТС было нямала нараканняў. Так, у заметцы «За  шэсць дзён – 2,2 гектара», якая суправаджаецца карыкатурай, расказваецца, што за 6 дзён, што працаваў у калгасе «Перамога» Гуда­гайскага сельсавета трактар з раёна, узарана крыху больш за 2 гектары, ды і якасць работы дрэнная. 
Дасягненні калектыўнай сельскай гаспадаркі павінна была прадэманстраваць першая сельскагаспадарчая выстаўка, якая прайшла ў Астраўцы з 15 па 18  кастрычніка – пра яе У. Царэвіч расказваў у №84 за 19 лістапада. Калгас імя Сталіна прывёз на выстаўку свінаматку Белку, ад якой за 2 гады атрымана 56 дзелавых парасят, а за апошні апарос – 17, борава вагой 17 пудоў, быка Грознага, жарабца Нагая. Калгас імя Варашылава «выставіў» бараноў Белага і Грознага вагой 59 і 45 кг – ад  іх атрымлівалі па 3,5 кг воўны даўжынёй у 9 см. Калгас імя Молатава – капусту, кожны качан якой важыў не менш за 8 кг. Дэманстраваліся збожжа, лён, бульба, буракі – гэтыя дасягненні павінны былі пераканаць нямногіх застаўшыхся аднаасобнікаў у перавагах калгаснага ладу жыцця. Але больш, чым выстаўка, іх пераконвалі ў гэтым непад’ёмныя падаткі, якімі абкладвалі адна­асобныя гаспадаркі, і перспектыва ехаць валіць лес у Сібір…
Каб разабрацца ў шматлікіх калгасах, што былі створаны ў Астравецкім раёне ў 1949-1950-х, мы паспрабавалі скласці адпаведную табліцу. Звесткі ў ёй з архіўных падшывак «Сталінскай праўды», у якіх, на жаль, не ўсе выпускі – за 1950 год, да прыкладу, не захавалася 20 нумароў са 104, што выйшлі ў свет, – таму там не ўсе 90 калгасаў. Але і гэтыя звесткі для людзей, што цікавяцца гісторыяй роднага краю, думаю, будуць карыснымі – тым больш, што сёння няма ўжо не толькі тых калгасаў, але і некаторых вёсак, у якіх дзейнічалі сельгасарцелі. 

Вёска

Назва калгаса

 Старшыня

1

Астравец

Імя Сталіна (створаны да вайны)

Радзішэўскі Іван Адамавіч

2

Варняны

Імя Варашылава (створаны да вайны)

Уладзіслаў Антонавіч Шыманец

3

Гервяты

Імя Молатава (створаны да вайны)

 

4.

Ізабеліна

“Новае жыццё”

Іваніцкі Іосіф Сцяпанавіч

5.

Жарнэлі, хутары Ракішкі, Півені

Імя Калініна

Сідаровіч Казімір

6.

Міжаны Якентанскага с/с

“17 верасня”

 

7.

Новая вёска Варнянскага с/с

“Чырвоны сцяг”

 

8.

М. Міхалішкі

Імя Кірава

Бразевіч Іван

9.

Санова

Быстрыцкі с/с

“Барацьбіт”

Наменткевіч Вікенцій Казіміравіч

10.

Навасады

Быстрыцкі с/с

“1 мая”

Янкун Мар’ян

11.

Байканы 

“Чырвоная зорка”

Дарашкевіч

12.

Палушы

“Перамога”

Грышкін Васіль Міхайлавіч

13.

Бабраўнікі

“Звязда”

Петрык Станіслаў

14.

Слабада

Далучыліся да калгаса імя Варашылава

 

15.

Слабодка

Дзягенеўскага с/с

“Маладая гвардыя”

Шаблавінскі Уладыслаў Іосіфавіч

16.

Дайлідкі

“Іскра”

Сташкевіч Юльян Паўлавіч

17.

Тартак

Імя Чырвонай Арміі

Лаўрыновіч Іосіф

18.

Сакалойці

Імя Леніна

Саўко Станіслаў

19.

Варона-Сыманэлі

Імя Карла Маркса

Праўленне: Сенюць Мелання, Свіла Зянон, Ромаш Фелікс, Гасцевіч Зянон, Дакутовіч Феня

20.

Рукшаны,

Рымуні

Імя Пушкіна

Пыж Баляслаў

21.

Рымдзюны

“Рассвет”

Пукшта

22.

Чэхі

Імя Чапаева

Янецкі

23.

Хутары Рымдзюны

Імя Малянкова

Сячынскі

24

Міцюны

Імя Жданава

Равойць Уладзімір

25.

Букелішкі Астравецкага с/с

“Сталінская праўда”

Прыстаўка Браніслаў

26.

Кавалі

“Чырвоны сцяг”

Мілешка Станіслаў

27.

Грэбалы і Карлаўшчызна

“Сцяг”

28

Сяло Гудагай

Імя Сталіна

Ковель Казімір

29

Бадзівалы

“Чырвоная паляна”

 

30

Гайголі

“Зорка”

 

31

Кеждуны

Імя Ракасоўскага

 

32

Індрубка

Імя Суворава

 

33

Нідзяны

“Большэвік”

 

34

Расолы

Дравяніцкі с/с

Імя Кастрычніка

Фірда

35

Баяры

Якентанскага с/с

Імя Сталінскай Канстытуцыі

 

36

Гелюны

Рымдзюнскага с/с

“Залаты колас”

 

37

Дрэвянікі

“Савецкая Беларусь”

 

38

Мікшаны

“Чырвоны партызан”

 

39

Малыя Яцыны

Імя Будзёнага

 

40

Лоша

Імя Энгельса

Янушкевіч Кароль

41.

Віктасіна

“Шлях да камунізму”

 

42.

Гальчуны

Імя Мічурына

 

43.

Мацкі

“Першае мая”

 

44.

Пранюны

Імя Чарняхоўскага

Стралкоўскі

Антон Герасімавіч

45

Малі

“Чырвоны Кастрычнік”

 

46.

Смілгі

“1 мая”

Анімуцкі Іосіф

47

Едаклані

“Светлы шлях”

Букель Вацлаў

48

Стаўбуры

“Слава”

 

49

Карвелі

Імя Чкалава

Даўляш Франц

50

Гаспараліна

“Маяк”

 

51

Вялікія Яцыны

“Улада Советаў”

Рук

52

Фальваркі

“Новы шлях”

 

53

Філіпаны

“Стаханавец”

 





Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: Нина Рыбик