Пра Вялікадні свайго жыцця ўспамінае айцец Леанід Чарняеў
09:12 / 02.05.2021
– Я нарадзіўся і вырас у Бярозаўцы Лідскага раёна, дзе знаходзіцца знакаміты шклозавод. У свой час тут выпускалі ўнікальныя вырабы са шкла і крышталю, якія ёсць практычна ў кожнай беларускай сям’і.
Велікодныя ўспаміны майго дзяцінства мала чым адрозніваюцца ад тых, што могуць прыгадаць мае равеснікі. Я рос у самай звычайнай сям’і, нас з малодшым братам выхоўвала мама, дапамагалі бабуля з дзядулем и прабабуля. Бабуля спявала ў царкоўным хоры і прывяла мяне ў храм. Пад яе ўплывам я прыйшоў да свядомай веры і выбару жыццёвага шляху.
Храмаў – ні каталіцкага, ні праваслаўнага – у Бярозаўцы не было, вернікі хадзілі за 6 кіламетраў у вёску Ганчары, дзе дзейнічала царква 1774 года пабудовы, – некаторыя, да слова сказаць, і цяпер засталіся ў гэтым прыходзе. Будаўніцтва царквы і касцёла пачалося толькі ў 90-я гады і ішло адначасова – абедзвюм канфесіям узвесці храмы ў роўнай меры дапамагалі рабочыя шклозавода.
Калі не лічыць момант хрышчэння, то ў царкву мяне прывялі ў 6 гадоў. Яна ў той час толькі пабудавалася. Амаль адначасова я вучыўся ў нядзельнай школе, якую наведвалі і дзеці, і дарослыя, і панамарыў – дапамагаў настаяцелю. А яшчэ спяваў на клірасе.
Успаміны пра Вялікдзень дзяцінства – гэта перш за ўсё водар. Пах свежых яек, якія толькі прынеслі з куратніка. Водар заваранага шалупіння цыбулі – бабуля яго збірала ўсю зіму ў асобную каробачку, прычым брала не з кожнай цыбуліны, а толькі з самых здаровых, прыгожых, яркіх. Пах свежага дражджавога цеста, якое падыходзіла ў вялікай місе і, здаралася, падросшы, «пералазіла» цераз край... Якія смачныя кулічы пякла перш прабабуля, а калі яе не стала – бабуля! Цяпер гэта ўжо мой клопат…
І, безумоўна, водар васковых свечак і ладану ў царкве: усю веліч гэтага свята, невытлумачальную радасць, душэўнае хваляванне можна адчуць толькі ў храме, калі разам з прыхаджанамі ў адзін голас у адказ на пасхальнае вітанне святара «Хрыстос уваскрос» адказваеш: «Сапраўды ўваскрос!» – і адчуваеш кожнай клетачкай, што сапраўды – уваскрос, дзеля нас, людзей, каб уратаваць ад духоўнай гібелі. Нездарма Пасху называюць святам святаў і ўрачыстасцю ўрачыстасцей. Толькі ў храме, у агульным чаканні цуду, падчас хрэснага ходу і малітвенных песнапенняў адчуваеш сябе часцінкай гэтай велічнай падзеі, якая адбылася амаль 2 тысячы гадоў таму...
Пасля ўсяночнага богаслужэння вярталіся дамоў і клаліся спаць – хоць разгаўляцца можна адразу пасля службы, але ж заканчвалася яна позна, як правіла, гадзіны ў 4 раніцы, і, акрамя душэўнай радасці, адчувалася і стомленасць цела.
А калі ўсе прачыналіся, пачыналі разгаўляцца. Да святочнага стала гатавалі ўсё самае смачнае – бабусіны цэпеліны для мяне і сёння ні з чым не параўнальная смаката. Дзед мой быў не асабліва веруючым – час ад часу заходзіў у храм, але доўга там не затрымліваўся. Але Вялікдзень любіў. Прапускаў сваю законную святочную чарачку і, калі прыносілі вялікае блюда фарбаваных яек, выбіраў па аднаму яму вядомых прыкметах «мацака» і прапаноўваў пагуляць у «біткі». Радаваўся, калі ўдавалася ўсіх пабіць. Дарэчы, шалупінне ад фарбаваных яек не выкідвалі, а закопвалі на агародзе – лічылася, што гэта паспрыяе добраму ўраджаю.
Пасля ў ціхай няспешнай гамонцы «наразаліся» агароды: бабуля планавала, дзе што сёлета пасадзіць, а мы пасміхаліся, успамінаючы, як зімой яна заракалася, што больш нічога садзіць не будзе, бо ўжо цяжка…
Затым збіраліся ў парк гуляць. Пазней, калі пры новым настаяцелі сталі ладзіць пасхальныя канцэрты, ішлі ў Дом культуры: я – спяваць, а мама з бабуляй – глядзець і апладзіраваць.
Тыя Вялікадні дзяцінства назаўсёды засталіся светлым прыгожым успамінам.
Але самай запамінальнай і хвалюючай для мяне была Пасха 2019 года – першая, якую я служыў у якасці настаяцеля ў Альхоўцы. Вялікай радасцю было, што нам даставілі Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга – матушка спецыяльна ездзіла за ім у Мінск. Але святарскага вопыту на той час у мяне не было, хваляваўся, стараўся ўсё зрабіць правільна… У выніку мы з матушкай прыехалі дахаты ў Варняны ў 6 гадзін раніцы – і, стомленыя, адразу ж заснулі. А ў 13 гадзін ужо трэба было служыць пасхальны малебен у Варнянах – нават разгавецца не паспелі.
У мінулым годзе Вялікдзень праходзіў у разгар пандэміі каронавіруса – да апошняга не ведаў, ці адбудзецца ўсяночнае богаслужэнне ў Варнянах. Збіраўся ўжо ехаць у Астравец, каб дапамагаць айцу Георгію, але ўсё ж прыйшлі 4 чалавекі – так мы, у цесным коле, і сустракалі разам Уваскрэсенне Хрыстова.
У службе сельскага святара, асабліва ў невялікіх прыходах, як нашы, ёсць свае асаблівасці – як у той, прыказцы: «Сам чытаю, сам пяю, сам кадзіла падаю». Я, напрыклад, сам пяку прасфоры, пасхальны артас – асаблівы хлеб, якія захоўваецца ў царкве да наступнага Вялікадня, раздаецца прыхаджанам як святыня ў наступную нядзелю пасля Пасхі і ўжываецца імі ў выпадку цяжкай хваробы ці душэўнага расстройства, калі няма магчымасці прыняць святое прычасце, бярэцца з сабой у вандроўку.
Але ўсё гэта – у славу Божую, які ўваскрос – і падарыў тым самым людзям надзею на збавенне.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.