У Варнянах адкрылася выстава маляванак Ніны Бохан
У аддзеле культуры і вольнага часу аграгарадка Варняны адкрылася выстава маляванак самадзейнай мастачкі Ніны Бохан, жыццё і творчасць якой цесна звязана з Астравеччынай.
Ніну Бохан, якую жыхары нашага краю па-просту называлі Боханіхай, можна лічыць чалавекам-фантомам – ніякіх пісьмовых звестак пра яе нараджэнне, жыццё і смерць, месца пахавання не захавалася. Тым не менш, людская памяць жывая, як і работы гэтай таленавітай жанчыны з няпростым лёсам. З сярэдзіны да пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя мастачка з невялікім чамаданчыкам у руках вандравала па вёсках Астравецкага, Смаргонскага, Маладзечненскага і іншых раёнаў: за дах над галавой і ежу яна размалёўвала сцены ў дамах, рэчы, пісала карціны і стварала дыванкі. Ледзь не ў кожнай хаце заставаўся рукатворны след таленавітай мастачкі, але, на вялікі жаль, да нашага часу захавалася няшмат яе работ. У творчасці Боханіхі пераважалі прыродныя матывы – яна малявала аленяў, лебедзяў, дрэвы, кветкі.
Наганнямі журналісткі смаргонскай раённай газеты “Светлы шлях” Галіны Антонавай з падачы краязнаўцы Аляксея Крукоўскага і стараннямі многіх іншых людзей імя Ніны Бохан вярнулася з забыцця: у сакавіку выстава маляванак прэзентавалася ў Смаргонскім краязнаўчым музеі, а праз месяц прыехала ў Варняны.
Галіна Францішкаўна расказала пра сваё асабістае знаёмства з творчасцю Ніны Бохан і пошукі яе работ. Па меркаванні журналісткі, астравецкі след мастачкі яшчэ слаба вывучаны. Падчас “палявання на карціны” Боханіхі ў жанчыны атрымалася ўратаваць некалькі работ, выкупіўшы іх у гаспадароў, якія не здагадваліся пра мастацкую вартасць маляванак.
Выхавальнік беларускамоўнай групы аднаго са смаргонскіх садкоў Эдзіта Бранцэвіч па матывах творчасці Ніны Бохан стварыла самаробную кнігу, у якую ўвайшлі не толькі копіі работ мастачкі, але і аўтарскія казкі, маляванкі, развіваючыя заданні для дзетак.
– Тэхніка, у якой працавала Ніна Бохан, лічыцца наіўным мастацтвам… Наіўнае, але не прымітыўнае. У кожнай рабоце ёсць душа, – лічыць Эдзіта Эдуардаўна.
Слова ад гасцей-суседзяў уўзяла і дырэктар Смаргонскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ларыса Татарынава.
Цудоўным музычным аздабленнем вечарыны памяці Ніны Бохан сталі песні, у тым ліку і запісаныя ў вёсках Варнянскага сельсавета, работнікаў дома культуры Людмілы Кухарэвіч і Марыны Садоўскай.
Прысутныя на імпрэзе варнянцы таксама падзяліліся ўспамінамі пра работы – хутчэй за ўсё той жа Боханіхі. Люцыя Адула расказала, што памятае маляваныя кветкі ў доме сваёй свекрыві ў Хралах, а Ірына Масейка бачыла такія роспісы ў хаце Ядзі Раўдановай ў Стаўбурах.
…Згадка да згадкі, успамін да ўспаміну – і, магчыма, намаганнямі нераўнадушных людзей з часам цалкам вымалюецца карціна жыцця і творчасці чалавека-фантома – мастачкі-самавучкі Ніны Бохан.
P.S. Выстава ў Варнянскім доме культуры будзе працаваць да 16 мая.
Пасляслоўе
Калі ў вас ці ў вашых знаёмых захаваліся работы мастачкі, вы маеце яе здымкі ці нешта ведаеце пра Ніну Бохан, завітайце ці тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 70-0-15 ці звяжыцеся з Г.Ф. Антонавай па тэлефоне 8(029)302-12-25.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.