Аляксандр Марозаў прэзентаваў дзве кнігі казак

14:36 / 29.04.2021

Пра поспехі і дасягненні на літаратурнай ніве паэта Аляксандра Марозава, які 6 гадоў назад пераехаў на Астравеччыну, наша газета паведамляла неаднойчы. І вось ізноў з’явілася нагода для радаснай навіны: нядаўна свет пабачылі 2 яго новыя кнігі: казкі для дарослых “Вельмі заблытаная гісторыя” і “Пра іголкі ў яйках, дурака і Васілісу”. Іх прэзентацыя прайшла ў Астравецкай раённай бібліятэцы.

IMG_6265.jpg

Дарэчы, прадстаўленне новых твораў Марозава адбылося якраз у Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права – і атрымалася яно лёгкім, месцамі гарэзлівым і па-хатняму ўтульным.

З біяграфіяй таленавітага ўраджэнца горада на чыгунцы – Дэбальцава – прысутных пазнаёміў фільм, які падрыхтавалі работнікі бібліятэкі, – і тым самым вельмі кранулі паэта, які прызнаўся, што Дэбальцава заўсёды жыве ў яго сэрцы , і ён застанецца патрыётам сваёй малой радзімы.

Напэўна, многія астраўчане ведаюць пра тое, што Аляксандр Марозаў – пераможца, прызёр, удзельнік шматлікіх літаратурных конкурсаў і фестываляў. На яго вершы пішуць музыку, яго творы друкуюць у газетах і часопісах. Адметна, што пасля некалькіх гадоў жыцця на Астравеччыне ў паэта з’явіліся вершы на беларускай мове. І тэматыка твораў у Марозава самая розная: патрыятычныя, лірычныя, філасофскія, гумарыстычныя. Дарэчы, да апошніх адносяцца і яго новыя кнігі.

IMG_6317.jpg

– Я люблю ламаць стэрэатыпы, – з усмешкай прызнаўся падчас прэзентацыі Аляксандр Іванавіч. – Магчыма, у прадстаўленні кагосьці пісьменнік – гэта сур’ёзны чалавек, які піша толькі глыбокія правільныя рэчы і выказвае разумныя думкі. Аднак я люблю пабыць гарэзай і пажартаваць у вершаванай форме – такімі атрымаліся і дзве новыя казкі для дарослых.

Дарэчы, гэта ўжо 30-я і 31-я кнігі Аляксандра Марозава. Праўда, паэт адзначыў, што лічба “29” была нейкай магічнай і ніяк не хацела адпускаць, аднак ён змог выблытацца з яе чар – і “размачыў” лік сваіх выданняў. Першую казку ён адправіў на Міжнародны фестываль “Славянскія традыцыі”, дзе твор заняў 2 месца. Другая казка таксама не прымусіла сябе доўга чакаць – Аляксандр Іванавіч напісаў яе ў канцы мінулага года.

– Некаторыя пытаюць, ці доўга я карпеў над напісаннем, – расказаў паэт. – Ды быццам можна сядзець і пакутаваць над творам? Звычайна вершы нараджаюцца самі сабой, без намаганняў і карпенняў – таму і казкі пісаліся шчыра і лёгка.

IMG_6341.jpg

У такім жа стылі прайшла і прэзентацыя. Павіншаваць аўтара з выхадам кніг прыйшлі яго калегі па літаратурным аб’яднанні “Астравецкай зямлі галасы”, добрыя знаёмыя і проста нераўнадушныя да паэзіі людзі. Яны чыталі вершы, спявалі песні – і атрымлівалі задавальненне ад творчай атмасферы.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Марина Мацкевич