У бібліятэках раёна ўзгадалі Чарнобыльскую трагедыю

16:49 / 27.04.2021

Дзень 26 красавіка 1986 года ўвайшоў у гісторыю Беларусі і ўсяго чалавецтва як адна з самых трагічных старонак XX стагоддзя – страшная Чарнобыльская трагедыя закранула жыцці многіх людзей. У бібліятэках Астравецкага раёна ўзгадалі гэтую сумную дату.

1.jpg

У Падольскім НПК адбылося пасяджэнне аматарскага аб’яднання «Лесавічок», на якім мясцовы бібліятэкар Вера Малахвей правяла гадзіну інфармацыі «Вечнае рэха Чарнобыля», адчас якой расказала сумныя жыццёвыя факты, успаміны жыхароў. Удзельнікі паглядзелі фільм аб падзеях у Чарнобылі.

У Міхалішкаўскай бібліятэцы прайшоў урок смутку «Имя той звезды – Полынь». Бібліятэкар Вольга Багдановіч прапанавала чытачам экскурс у гісторыю і «запрасіла» ў населеныя пункты, якія апусцелі пасля выбуху. Таксама прыгадалі творы беларускіх пісьменнікаў пра падзеі ў Чарнобылі.

2.jpg

Дзень памяці «Чорны боль» правялі для дарослых чытачоў Альхоўскай бібліятэкі. Многія памятаюць дзень трагедыі, які і зараз адгукаецца ў іх сэрцы трывожным рэхам. Да 35-гадавіны Чарнобыльскай трагедыі арганізавана выстава, у якую ўвайшлі артыкулы з газет і часопісаў, што асвятлялі сумныя падзеі. Чытачы пазнаёміліся з творамі выяўленчага мастацтва, прысвечанымі падзеям у Чарнобылі.

Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, Астравецкая раённая бібліятэка.

Текст: Главный администратор