“Без вайны вайна”. Чарнобыльскія ўспаміны

11:22 / 26.04.2021

Расказвае Тадэвуш Сцяфанчык, пенсіянер, ліквідатар наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

1.jpg

– На той час я працаваў у аўтапарку №4 на МАЗе з прычэпам. Чарнобыль ад нас далёка, але рэха той катастрофы і сюды дайшло. Адразу папярэдзілі, што, магчыма, аўтобусы пойдуць у Гомельскую вобласць вывозіць людзей. Потым гэтай камандзе далі адбой, паступіла іншая: адправіць на дапамогу велікагрузныя машыны.

У чэрвені мяне выклікаў дырэктар Віль Фёдаравіч Сінічкін.

– Паедзеш? – пытае.

Некаторыя адмаўляліся наадрэз, баяліся. А мне што ж? Раз трэба – значыць, трэба.

Шэсць чалавек паехала тады на Гомельшчыну з нашага аўтапарка. Нас з Іванам Бразінскім пасадзілі на МАЗ Эдзіка Танковіча – мая машына старэнькая была, яе “на гаспадарцы” пакінулі. Загрузіліся ў Солах шчэбенем – і пагналі на Хойнікі.

Спачатку накіраваліся ў штаб – там размяркоўвалі, хто дзе будзе працаваць. Нас замацавалі за асфальтавым заводам. Пасялілі ў інтэрнаце – ложак, душ, вада гарачая. Працавалі па 18 гадзін, з шасці раніцы да дванаццаці ночы. Прыедзеш, памыешся – і літаральна з ног валішся. На другі дзень напарнік за руль садзіцца. Спрабавалі па 2 дні запар працаваць – немагчыма, не вытрымліваеш.

Вазілі на завод шчэбень, гравій, у зону – асфальт. Ставілася задача максімальна заасфальтаваць усе дарогі, каб пылу было меней, а значыць, і апраменьвання.

Піць хочацца – а з калодзежа вады набраць не дазваляюць: забруджаная. А дзе ўзяць? Пілі, вядома ж… Тым больш, што спякота ў тое лета стаяла невыносная, 28-32 градусы штодня. А ў кабіне машыны і ўсе 50. Хто пра тую небяспеку думаў?

Не ведаю, праўда ці не, але тады казалі, што радыяцыю выганяе алкаголь. На першым часе, нават мы яшчэ засталі, на пастах вадзіцелям выдавалі па 100 грамаў гарэлкі, толькі прасілі не піць, у пляшку зліваць. Ды дзе там! Некаторыя адразу “лячыліся”, а самыя пранырлівыя ўмудраліся і па 2-3 разы на пост пад’ехаць. Хутка гэтае “лякарства” адмянілі – аварыйнасць на дарогах павялічылася, а там і без таго абстаноўка небяспечная была. Транспарту мора: з зоны калонамі ідзе сельскагаспадарчая тэхніка – не прападаць жа дабру. Туды няспынным патокам – машыны з гравіем і асфальтам. На абочыну выязджаць нельга, каб не падымаць пыл – небяспечна. Адзін недакладны рух – і сутыкненне.

Хімікаў нагналі з Урала, “партызанаў” – цэлы эшалон. Дэзактывацыю яны праводзілі – абочыны палівалі, дарогу. Машыны апырсквалі кожны раз, калі пост праязджалі. Хаты ў адселенай зоне дэзактывавалі. Памыюць, памераюць фон – і зноў мыюць. Неяк палкоўнік са злосці пілотку вобзем кінуў: “Ці я, – кажа, – здурнеў, ці прыборы гэтыя: чацвёрты раз памылі – а ніякага выніку, які фон быў, такі і застаўся”.

Калі трапляеш у зону адсялення, уражанні жудасныя. Мінаеш пост, праязджаеш адселеную вёску: дамы стаяць, фіранкі на вокнах калышуцца, яблыкі ў садзе спеюць… І – мёртвая цішыня! Нідзе ні душы.

Я амаль кожны дзень ездзіў да Прыпяці: па рацэ да прыстані ў Аравічах дастаўлялі на баржах гравій, мы там загружаліся і везлі на завод. Шлях ляжаў праз вёску Навасёлкі. Прыкмеціў там старога: туды едзеш – сядзіць на лавачцы, назад – тое самае, і глядзіць усё ў адзін бок. Неяк спыніўся, падышоў, пытаю, што здарылася, чаму ён такі засмучаны.

– Ой , сынок, не пытайся, – заплакаў дзядуля. – Я ж адтуль, з выселенай вёскі. Вывезлі нас, рассялілі вось тут па хатах. Гаспадары ў нас добрыя, слова не скажу, прынялі, як родных. Суцяшаюць: не гаруй, кажуць. Ды як жа не гараваць? Жыў усё жыццё, працаваў, хату пабудаваў, дзяцей выгадаваў, унукаў дачакаўся. І вось няма нічога: ні хаты, ні вёскі. І з-за чаго? Якая яна, тая радыяцыя? Я вайну перажыў. Тады ведалі: ляцяць самалёты з чорнымі крыжамі – трэба хавацца: будуць бамбіць. Праехала машына з немцамі – трэба ўцякаць: могуць забіць. А цяпер без вайны – вайна. І не страляюць, і не бамбяць, а хату сваю мусілі пакінуць з усім дабром, што гадамі нажываў…

Гаворыць – і плача. А ў мяне самога камяк у горле…

Хоць і не пускалі ў зону адселеных жыхароў, многія стараліся патрапіць у сваю вёску, у родную хату, каб забраць што-небудзь. Неяк мяне мужык папрасіў правезці цераз пост. Пашкадаваў яго, узяў. Загрузіўся, назад еду – а ён ідзе насустрач, дзве сумкі валачэ. Насцярожыўся, пытаю: “Што ў сумках?” “Не бойся, – смяецца, – не бомбы...” І дастае трохлітровы слоік. Я спачатку падумаў, што пусты – шкло празрыстае, незамутнёнае. А ён страсянуў – відаць, што з гарэлкай: бурбалкі па верху пайшлі. “У мяне, – кажа, – у садзе 6 гадоў гарэлка стаяла закапаная, не прападаць жа дабру!”

Месяц мы працавалі ў Хойніках. Можа, і даўжэй былі б, ды машына наша зламалася. Адправілі дахаты.

А ў чарнобыльскую зону на ліквідацыю наступстваў аварыі яшчэ дзве брыгады з нашага аўтапарка ездзіла – і тыя, хто пагаджаўся, і хто адмаўляўся.

Пазней, гады праз 3 ці болей, выдалі нам пасведчанні ліквідатараў. Доўга правяралі, у якія вёскі выязджалі, колькі там былі. Урэшце прызналі, што працавалі мы там, а не гарэлку пілі. (Усміхаецца.)




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик