Што было ў дэфіцыце раней, а што – цяпер

08:44 / 22.04.2021

Разные житейские истории – веселые и грустные, поучительные и «ни о чем» – вы можете присылать нам на обычную (Островец, ул. Энгельса, 2А) или электронную ostrov_red@tut.by почту, воспользовавшись баннером «Предложить новость» на главной странице сайта ostrovets.by в правом нижнем углу или оставив сообщение в группах «Островецкой правды» в социальных сетях.

Ваши истории будут опубликованы на сайте газеты и в социальных сетях, а лучше – напечатаны на страницах «Островецкой правды».

1.jpg



Узгадваючы СССР, многія найперш гавораць пра панаваўшы тады дэфіцыт.  Але ж была ў тых часах свая краса і радасць, былі мара, мэта, вялікая ці малая... 

Дэфіцыт, вядома ж, таксама быў – але і ў гэтай заганнай з’яве, як ні парадаксальна, знаходзіліся свае станоўчыя моманты. Тыя, хто сёння  не можа выбраць, які падарунак купіць, бо набыць можна літаральна ўсё, – ці можаце вы ўявіць, як прыемна было падарыць нешта супердэфіцытнае, набытае «з-пад палы»? Ці пачаставаць дарагога госця тым, што можна толькі «дастаць»?  

Нагодай для анекдотаў сталі гісторыі пра туалетную паперу, купіць якую было немагчыма. Успомніўся адзін з падобных: «Што такое дэфіцыт у дэфіцыце?» Туалетная папера ў доктарскай каўбасе». (Злыя языкі сцвярджалі, што ў каўбасны фарш падмешваюць паперу).

А вось у нашай сям’і гэтага дэфіцыту было ўволю: сваяк працаваў дырэктарам кардоннай фабрыкі ў Літве і прывозіў яе мяхамі. Аднойчы я ў якасці прэзенту паднесла высокапастаўленай асобе мех «туалеткі» – падарунак у мяне прынялі з радасцю і ўдзячнасцю! Паспрабаваў бы сёння нехта такім чынам задобрыць начальніка… 

Калі я вучылася ў інстытуце і жыла ў інтэрнаце, мы з дзяўчатамі часта абменьваліся адзеннем – гэта была звычайная справа. Я па тым часе лічылася модніцай: да нас прыязджалі родзічы з Польшчы і прывозілі загранічныя ўборы, ды і на вільнюскіх рынках выбар быў непараўнальна больш шырокім.
Але такія магчымасці мелі не ўсе. З намі жыла дзяўчына-сірата, апрануцца ёй не было дзе, а галоўнае – не было за што. Яе шкадавалі, дапамагалі, чым маглі. 

Неяк сабралася тая дзяўчына ехаць да хлопца  на прысягу. Збіралі яе на спатканне ўсім пакоем: хто кофтачку пазычыў, хто спаднічку, пацеркі, завушніцы. А ў мяне яна, стаіўшы дыханне, папрасіла яркі бліскучы пакет, на якім прыгажуня з яркімі вуснамі трымала ў белых зубах гузік з надпісам Wrangler (фірма джынсаў). 

Вярнуўшыся, наша каляжанка са смехам расказала, што кавалер не глянуў ні на яе «прыкід», ні на прычоску –  «заліп» на пакет: разглядаў, стараўся прачытаць надпіс… І раптам спытаў: «Чый?» Дзяўчына разгубілася і ад нечаканасці гатова была прызнацца, як яе збіралі на спатканне ўсім інтэрнатам… Ды схамянулася – змікіціла, што хлопца цікавіць краіна, і важна адказала: «Амерыканскі!»

…Цяпер хапае і туалетнай паперы, і цэлафанавых пакетаў. Дэфіцытам стала тое, што тады мы мелі ўдосталь: шчырасць, адкрытасць, сяброўства, узаемавыручка…

Іаланта ВАЛУЕВІЧ


Текст: