Са Смілгоў – у манастыр: праз сумненні, перажыванні, з малітвай
13:12 / 18.04.2021
Падчас няспешных размоў з сястрой Тэрэсінай у Гудагайскім кляштары сясцёр кармелітак Дзіцяткі Езуса я спрабавала знайсці адказы на гэтыя пытанні.
Пакліканне
Над ложкам малой Тэрэскі Стэх вісеў абраз. Маладая прыгожая жанчына ў манаскім адзенні глядзела на дзяўчынку добрымі ласкавымі вачыма – і малой здавалася, што яна ўсё пра яе ведае і абароніць ад любой бяды.
– Хто гэта? – спытала неяк Тэрэса ў бабулі.
– Твая нябесная апякунка, святая Тэрэза, – растлумачыла тая. – Яна была манахіняй ордэна кармелітаў. Жыла мала, але зрабіла шмат.
– Хачу быць, як яна! – з прыдыханнем прамовіла дзяўчынка.
– Не выдумляй, – адмахнулася бабуля. – Цяпер такіх няма.
Тэрэска расстроілася, што спазнілася нарадзіцца. Яна закрывала вочы – і бачыла сябе ў карычневай сукенцы, як у святой Тэрэзы, у вялізным мураваным замку – слова «кляштар» яшчэ не ведала…
Аднойчы – дзяўчынка тады вучылася ў пятым класе – бабуля ўзяла яе ў Вільнюс, у Вострую Браму. І там малая ўбачыла сёстраў-кармелітак, якія прыехалі з Польшчы. Дзяўчынка аслупянела: выходзіць, яны існуюць, бабця яе падманвала?! Тэрэса гатова была тут жа падысці да незнаёмых, але такіх родных жанчын і папрасіць іх забраць яе з сабой.
– Ты што, з глузду з’ехала? – тузанула бабуля. – Што я маці тваёй скажу? І ўвогуле – школу закончы спачатку, а потым ужо пра манастыр думай.
Панурыўшы галаву, Тэрэса вярнулася дахаты, у Смілгі…
Скончыўшы Алясінскую васьмігодку, яна паступіла ў Ашмянскае птв – не таму, што марыла стаць хімікам-лабарантам – паслухалася маці. Хімію дзяўчына любіла, а будучую прафесію – не. Яна марыла зусім пра іншае. Пасля вучылішча работу па спецыяльнасці не вельмі шукала, пайшла туды, дзе было месца, – санітаркай у раённую бальніцу.
Аднойчы бабулі трэба было заказаць імшу, і яна паклікала з сабою ўнучку. Каляжанка, даведаўшыся, што дзяўчына збіраецца ў Гудагайскі касцёл, расказала, што там нядаўна з’явіліся манахіні-кармеліткі.
…Ноччу Тэрэса не магла заснуць: толькі б бабуля дазволіла з імі сустрэцца! Але ўсё выйшла само сабой: ксяндзоў на той момант не было, бабулю з унучкай адправілі з іх патрэбай да манахінь.
– Не паспела сястра Тамаша адчыніць дзверы, як я з парога, не сказаўшы ні «пахвалёнку», ні «Дзень добры», выпаліла: «Сёстры, я хачу быць з вамі!». «Не звяртайце на яе ўвагі», – махнула рукой бабуля. Але мяне ўжо было не спыніць, – успамінае сястра Тэрэсіна.
Кожную вольную хвіліну яна імчала ў мястэчка Гудагай. І мудрая сястра Наэмі ўрэшце прапанавала:
– Калі ты сапраўды хочаш стаць адной з нас, то давай напішам у кляштар, спытаем, ці возьмуць цябе…
Адказ прыйшоў вельмі хутка: яе прынялі!
Але ж, каб паехаць у Лодзь на навучанне, трэба было зрабіць замежны пашпарт, звольніцца з работы і спытаць бацькоўскага благаславення – без гэтага, сказала сястра Наэмі, не варта рабіць такі важны крок у жыцці.
Галоўны ўрач бальніцы Валянцін Тачоны адгаворваў дзяўчыну ад легкадумнага, як яму здавалася, рашэння, прапаноўваў ехаць вучыцца на медсястру ў Слонім. А яна стаяла на сваім. Тады кіраўнік заявіў: працаваць няма каму, знойдзеш сабе замену – адпушчу. Тэрэса зразумела, што мара разбілася…
– Мусіць, гэта быў Божы промысел: калі я, уся ў слязах, выйшла з кабінета, то ўбачыла пад дзвярыма знаёмую, якая прыйшла прасіцца на работу. У Валянціна Ігнатавіча больш аргументаў не засталося, – успамінае сястра Тэрэсіна.
Больш за ўсё яна баялася сказаць пра сваё рашэнне бацькам. Так, у іх трое дзяцей, але ж яна – адзіная дачка…
…Яны ішлі з мамай у магазін, калі дзяўчына набрала поўныя грудзі паветра і прамовіла – як скокнула з абрыву:
– Мама, я пайду ў манастыр.
Маці маўчала ўсю дарогу туды і назад. Дома Тэрэса не вытрымала:
– Дык што ты мне скажаш, мама?
– Ідзі – і не вяртайся, – пачула ў адказ.
Дачка разгубілася, нават пакрыўдзілася – не ведала, як разумець гэтыя словы. Пакуль іх шмат пазней не растлумачыў выпадковы знаёмы: калі выбрала дарогу, то трэба ісці па ёй і не азірацца на тое, што засталося, не вяртацца назад…
У 1993 годзе, 16 сакавіка, Тэрэса выехала ў Польшчу. Гэта быў яе першы самастойны крок да ажыццяўлення дзіцячай мары.
Манаскія шлюбы
Яна прыехала ў Лодзь, дрэнна ведаючы польскую мову, слаба ўяўляючы, што яе чакае. На хвілінку застыла перад мурамі кляштара: «Тут будзе праходзіць маё далейшае жыццё…» Пра тое, што можа быць інакш, што можна вярнуцца і зноў стаць, «як усе», яна нават не задумвалася.
Дома ўсім, у тым ліку і бацьку, сказалі, што Тэрэса едзе ў Беласток вучыцца на медсястру. Але старэйшы брат хутка зразумеў, што да чаго, слаў лісты, у якіх лейтматывам гучала: што ты нарабіла? Вяртайся, пакуль не позна! Яна перажывала: можа, брат мае рацыю? Ці вартая яна таго вялікага паклікання, за якім пайшла? Усе сумненні, трывогі аддавала ў малітве Богу – і Ён вёў яе далей па абраным шляху.
Праз год жыцця і навучання ў кляштары Тэрэса прыехала на месяц дахаты. Каб было прасцей паўстаць перад роднымі ў новым абліччы, яе суправаджала новая сям’я – сёстры-кармеліткі.
– Тата толькі глянуў – і ўсё зразумеў. Не сказаў ні слова. Увогуле не размаўляў са мной. Было вельмі крыўдна. Я разумела, што яго благаславення не атрымала і наўрад ці атрымаю, – з затоеным, застарэлым болем расказвае сястра Тэрэсіна. – Але я выбрала свой жыццёвы шлях, прыняла рашэнне – упершыню ў жыцці самастойна, раней за мяне гэта заўсёды рабілі іншыя. І не збіралася яго мяняць.
Яна вярнулася ў кляштар. Праз нейкі час памёр бацька – і потым сніўся ёй кожную ноч цэлы месяц. На трыццаты дзень тата прыйшоў у сне з іх памерлым суседам і сказаў: «Яна мяне адмаліла – цяпер будзе маліцца за цябе». Ксёндз патлумачыў: напэўна, бацька ўрэшце благаславіў дачку… З таго часу сніцца рэдка – толькі калі хоча папярэдзіць яе пра блізкую хваробу.
Хутка пасля пахавання бацькі Тэрэса складала першыя манаскія шлюбы. Паслала запрашэнне на радзіму – але не спадзявалася, што прыедзе нехта з родных: далёка, сям’я ў жалобе, ніхто толкам не ведае, дзе шукаць яе кляштар. Але маці, простая вясковая жанчына, прадала карову, свіней – і прыехала ў далёкую Лодзь, каб быць з дачкой у такі важны для яе дзень, удзяліць ёй мацярынскае благаславенне…
Адбылося гэта 25 гадоў таму: Тэрэса Стэх стала адвечнай Божай нявестай, сястрой-кармеліткай Тэрэсінай. Збылася яе дзіцячая мара!
Але жыццё толькі пачыналася. Адразу пасля складання першых манаскіх шлюбаў яна па просьбе сястры Наэмі вярнулася ў Гудагайскі кляштар. Жыла тут да 2000 года.
– Гэты кляштар, былая школа, для мяне як родны дом: у кожным пакоі праца маіх рук: гэтыя сцены я тынкавала, тыя – фарбавала…
Тут, сярод родных людзей, сястра Тэрэсіна склала і вечныя манаскія шлюбы.
Пасля таго яе накіравалі ў Брэст, затым – у Гродна. І вось ужо другі год сястра Тэрэсіна зноў служыць у Гудагаі. Тут летась яна адзначыла юбілей – 25-годдзе свайго новага жыцця.
Маліся, сястра!
– Неаднойчы думала: за што мне гэта?! Я такога шчасця не заслужыла! – гаворыць сястра Тэрэсіна. – Хоць былі ў жыцці і цяжкія моманты, сумненні, страхі. Шмат і цяжка хварэла – анкалогія, ковід… І заўсёды ўсе праблемы вырашала малітвай.
А праблем на яе долю выпала шмат. Дзесяць гадоў назад трагічна загінуў малодшы брат. Праз 4 гады не стала маці. Старэйшы брат, які застаўся адзін у хаце, стаў беспрабудна піць, апусціўся да ніжэйшай мяжы чалавечай годнасці. Яна перажывала. Плакала. Малілася.
– Аднойчы мне прыслалі навэну – ёсць такая спецыяльная малітва: на працягу дзевяці дзён трэба прасіць Езуса, каб дапамог вырашыць нейкую праблему. Стала чытаць яе, маліць Бога, каб вярнуў брата да нармальнага жыцця. Дзень малюся, другі… На чацвёрты нібы нечый голас чую: не аб тым просіш. Не аб навяртанні трэба маліць – аб выратаванні яго душы. Паслухала, – змяніла просьбу. Як толькі закончыла навэну, на дзясяты дзень патэлефанавалі з вёскі: брат памёр – ціха, спакойна, у адзіноце… У дзень нараджэння мамы, праз 4 гады, як яе не стала...
– Я дзякую Богу ў малітве за тыя гады, што мае родныя былі побач, за тое, што яны мне далі, чаму навучылі… Яны і цяпер са мной – глядзяць з фотаздымкаў. Я часта размаўляю з імі, уяўляю нашу сустрэчу… Не баюся гэтай хвіліны – ведаю, што ўсё будзе так і тады, як захоча Пан Езус.
Сястра Тэрэсіна пераканана: калі Бог пасылае ёй на жыццёвым шляху чалавека – значыць, той мае патрэбу ў яе асаблівай малітве. І тады яна ідзе ў каплічку «на размову з шэфам».
Для сябе яна просіць аднаго: быць вартай Божых ласкаў, што атрымала, у любой сітуацыі заставацца вернай свайму пакліканню і чалавечай годнасці.
…Сястра Тэрэсіна, пазітыўная, усмешлівая, простая, шчыра расказвае пра свае радасці, страхі, сумненні, перажыванні.
І я зноў, як і заўсёды, калі размаўляю з манахінямі, заўважаю незвычайнае, асаблівае святло, што льецца з яе вачэй…
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.