Нюансы пасяўной у КСУП «Гервяты» раскрывае галоўны аграном
Пра спадзяванні на ўраджай, асаблівасці вясенне-палявых работ мы даведаліся ў КСУП «Гервяты».
Яравы клін у гаспадарцы складае ажно 4 тысячы гектараў, з якіх 1 763 – адведзена пад раннія збожжавыя і зернебабовыя. На 14 красавіка з іх сяўбой хлебаробы справіліся больш чым на 80%. Агульнымі намаганнямі трох камбінаваных пасяўных агрэгатаў і адной СПУшкі за дзень у сярэднім засяваецца больш за 110 гектараў. Акрамя гэтага, па адной сеялцы задзейнічана на сяўбе цукровых буракоў і падсеве траў.
Нядрэнныя тэмпы пасяўной кампаніі і лідзіруючыя пазіцыі ў раённым табелі сельгасработ сярод іншых гаспадарак усё ж не радуюць галоўнага агранома КСУП «Гервяты» Аляксандра Кавальку.
Галоўны аграном Аляксандр Кавалька
– У апошні час у раслінаводстве прынята адыходзіць ад тэрміна «зона рызыкоўнага земляробства», – расказвае па дарозе галоўны тэхнолаг гервяцкіх ніў. – Мы плённа папрацавалі з восені: упершыню ў гісторыі развіцця гаспадаркі пасеялі крыху больш за 3 тысячы азімых. Вясной планавалі дасеяць каля 1 200 гектараў ранніх збожжавых. Пры спрыяльным надвор’і і нашых магутнасцях з гэтай задачай справіліся б за тыдзень. Восенню пасевы, якія больш чым на 90% былі праполаты ад пустазелля, падавалі вялікія надзеі на добры ўраджай. Празмерна снежная зіма зрабіла сваю справу: загінула 487 гектараў, якія давядзецца перасяваць, – у асноўным трыцікале польскай селекцыі. На гэтых плошчах пасеем па 150 гектараў кукурузы і ячменю, астатняе адвядзём пад авёс.
Міхаіл Кавалеўскі, які працуе на агрэгаце «Раса», па спецыяльнасці будаўнік, па прызванні – механізатар
Збожжавая група ў КСУП «Гервяты» сёлета значна не змянілася ў параўнанні з мінулым годам: найбольш зойме ячмень – 1 048 гектараў, авёс – 308, пшаніца – 400, зернебабовыя – 407 гектараў. Затое плошчы рапсу павялічыліся з 650 да 850 гектараў.
Аграрыі працуюць адразу па некалькіх франтах: сеюць збожжа і цукровыя буракі (пад іх сёлета адвядуць каля 500 гектараў), падкормліваюць азімыя…
Не першы год карбамідна-аміячную сумесь уносіць Віталіюс Гудойціс.
На «Раптары» ўгнаенні ўносіць Віталіюс Гудойціс
– Аб’ёмы работ залежаць ад участка, надвор’я, – расказвае механізатар. – Найбольш за дзень падкормліваю азімыя на плошчы каля 150-200 гектараў. Хоць зіма была снежная, але вільгаці ў глебе не хапае.
Юрый Рэвака падвозіць на поле вадкія мінеральныя угнаенні. Хутка мужчына будзе сеяць кукурузу
– На вясенне-палявых работах без перабольшання задзейнічана ўся тэхніка: ніводны трактар не прастойвае ў механічных майстэрнях, – працягвае Аляксандр Кавалька.
Увогуле аўтапарк КСУП «Гервяты» пастаянна папаўняецца новай тэхнікай: сёлета, напрыклад, набылі 2 збожжаўборачныя камбайны айчыннай вытворчасці і 2 корманарыхтоўчыя комплексы. У планах на наступны год – сеялка дакладнага высеву кукурузы.
На поле КАС падвозіць Віктар Мажэйка
Віктар Кардзіс сее зернебабовыя
…Хоць пасяўная кампанія сёлета з няпростых, для гервятцаў няма невырашальных задач – вясенне-палявыя работы ў гаспадарцы адладжаны, як механізм гадзінніка: адны – культывуюць, другія – сеюць, трэція – падкормліваюць… Яшчэ б вясна ўсміхалася сонейкам, а не кідалася снегам – зусім шпарка справы пайшлі б!
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.