Гісторыя газетным радком: Астравецкія выбары і бандытызм
11:08 / 14.04.2021
Выбары – са студзеня да снежня
Год пачаўся з паведамлення аб выбарах у Вярхоўны Савет СССР – адпаведны Указ быў змешчаны ў № 4 «Сталінскай праўды» за 12 студзеня. Дзеля гэтай падзеі былі адтэрмінаваны выбары ў мясцовыя – абласныя, раённыя, гарадскія, сельскія і пасялковыя – Саветы дэпутатаў працоўных. Яны таксама адбыліся – але напрыканцы года, 17 снежня. А ў №№ 10-11 за 30 студзеня ў раённай газеце надрукавалі склад выбарчых камісій, дзе, як і сёння, перш за ўсё шукаеш знаёмыя прозвішчы. Іх нямала: Рафаіл Адамавіч Лянкевіч, Мікалай Пятровіч Кажамякін, Мікалай Канстанцінавіч Алейнік…
Дарэчы, нямногія ведаюць, што Мікалай Кажамякін, заслужаны лесавод, у гонар якога на Астравеччыне пасаджаны лес, у свой час з’яўляўся раённым камсамольскім важаком: у студзені 1950 года яго абралі першым сакратаром РК ЛКСМБ – аб гэтым «Сталінская праўда» паведамляла ў № 9 за 23 студзеня.
Кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР па Пастаўскай выбарчай акрузе, у склад якой уваходзіў і Астравецкі раён, быў вылучаны – а затым абраны! – Якаў Калінавіч Будзько, старшыня Мядзельскага райсавета дэпутатаў працоўных, у Савет Нацыянальнасцей – Платон Васільевіч Саевіч, міністр асветы БССР.
А восенню пачалася кампанія па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў. У раённы Савет павінны былі абраць 32 дэпутаты – сярод зарэгістраваных кандыдатаў прозвішчы сакратароў райкама партыі Максіма Язычэнкі, Васіля Волкава, Пятра Лук’янава, старшыні Варонскага сельсавета Маланні Сянюць, старшыні калгаса імя Варашылава Уладзіміра Шыманца, першага сакратара РК ЛКСМБ Мікалая Кажамякіна, старшыні Байканскага сельсавета Івана Лянкевіча і іншыя. Пасля выбараў быў сфарміраваны раённы Савет дэпутатаў і яго выканкам, які ўзначаліў Васіль Асененка. Намеснікам абралі Вікенція Падаліса, сакратаром выканкама – Мікалая Смірнова. У склад выканаўчага камітэта ўвайшлі таксама Фёдар Петракоўскі, які змяніў забітага Мікалая Калгушкіна на пасадзе старшыні планавай камісіі, Уладзімір Разанаў, землеўпарадкавальнік, Аляксей Лысенка, загадчык райфінаддзела, Максім Язычэнка, першы сакратар райкама партыі, Сямён Харытонаў, райваенком.
…А на 21 лютага 1951 года былі прызначаны новыя выбары – у Вярхоўны Савет БССР.
Стралялі…
Пра тое, што пасля вайны на Астравеччыне, як і ў іншых раёнах Заходняй Беларусі, было неспакойна, «Сталінская праўда» ў той час не пісала. Але ад гэтага бандыты, што хаваліся ў лясах, запалохвалі актывістаў, забаранялі мясцовым жыхарам ісці ў калгасы, пагражаючы пусціць «чырвонага пеўня», не знікалі.
Дзясятага лютага 1950 года падчас сходу ў Дайлідках, на якім арганізоўвалі калгас, бандыты забілі начальніка планавай камісіі райвыканкама Мікалая Калгушкіна і старшыню Дайлідскага сельсавета Івана Ушакевіча. Тады ўпершыню на старонках раённай газеты ў № 14 за 12 лютага з’явіўся некралог, хоць і без паведамлення прычыны трагічнай смерці. Ды гэта было і неабавязкова – яе і без таго ўсе ведалі, такія навіны распаўсюджваюцца не праз газету.
З некралога можна даведацца, што ў 30-гадовага Мікалая Калгушкіна была жонка, а Іван Ушакевіч сям’і не меў. Але ў маладога старшыні Дайлідскага сельсавета была нявеста, настаўніца з мястэчка Гудагай Дуся, якая міжволі адыграла ракавую ролю ў гібелі актывістаў. У той дзень, Іван, адпраўляючыся ў Дайлідкі, сказаў дзяўчыне, што сход пройдзе ў Тракелях, каб, у выпадку чаго, збіць бандытаў са следу. Дуся ж, калі спыталі, куды паехаў Ушакевіч, вырашыла падмануць бандытаў, сказала, што ў Дайлідкі, – а на самой справе адправіла іх па следу жаніха.
Але гэта не ўся праўда пра асабістае жыццё Івана Ушакевіча. Мясцовыя жыхары расказваюць, што ў Дайлідках і цяпер жыве яго дачка. Справа ў тым, што да Дусі была ў маладога старшыні сельсавета іншая каханая, з мясцовых. Зараз ніхто не зможа сказаць дакладна, што сталася, але яны рассталіся, дзяўчына засталася цяжарнай. Яна нарадзіла дачушку ўжо пасля смерці Ушакевіча, у маі 1950 года. Неўзабаве выйшла замуж, у сям’і з’явілася яшчэ двое дзяцей. Дачка доўга не ведала праўды пра свайго бацьку, пакуль нехта з родзічаў не расказаў ёй і не паказаў партрэт Івана Ушакевіча. Гэта, вядома, нічога не змяніла ў жыцці дзяўчынкі, а затым і дарослай жанчыны – гэтую праўду ведае толькі яна ды старэйшыя жыхары Дайлідак.
Пра Мікалая Калгушкіна і Івана Ушакевіча, у гонар якіх названы вуліцы ў Астраўцы, «Астравецкая праўда» пісала неаднойчы. А жыхар Дайлідак Казімір Варановіч, абапіраючыся на расповеды старажылаў, больш падрабязна расказаў не толькі пра трагедыю ў Дайлідках, а і ўвогуле пра бандытызм на Астравеччыне.
– У ваколіцах Дайлідак яшчэ падчас вайны дзейнічала некалькі банд – са Снігян, Свіршчызны, Баяроў. Людзі расказвалі, што асаблівай жорсткасцю вызначаліся снігянскія бандыты. Успамінаюць, як яны заявіліся на вяселле ў Солах і забілі бацьку маладой – каб не весяліліся, а плакалі. Маглі прыйсці ў любую хату і забраць тое, што ім спадабалася – людзі аддавалі, бо баяліся. А родзічы тых бандытаў не саромеліся потым фарсіць у нарабаваных уборах!
Пахаванне Мікалая Калгушкіна і Івана Ушакевіча
Толькі жыхары Гальчун здолелі пастаяць за сябе: пакуль бандыты хадзілі з хаты ў хату, збіраючы дань, мужчыны, узяўшы дубальтоўкі – паляўнічая зброя была амаль у кожнага, – выйшлі за ваколіцу і сустрэлі няпрошаных гасцей, калі тыя вярталіся назад, ружэйным агнём. Дабро сваё вярнулі – і больш «лясныя браты» ў гэтую вёску не сунуліся.
Каля станцыі Ашмяны ў вайну разбамбілі эшалон са зброяй і прадуктамі. Мясцовыя жыхары цягнулі адтуль харчы, а жыхары Баяроў Вікенцій Карвэцкі, Юзаф Субач і Амброша Карвэцкі вазілі вазамі зброю, адзенне, ваенную форму. Яны стварылі банду, якой кіраваў Вікенцій Карвэцкі і якую ўсе празывалі Вінцулі. Паміж Ажуройсцямі, Баярамі, Якентанамі, Тракелямі і Дайлідкамі ў той час было вялікае балота, дзе яны зрабілі бункер – знайсці іх логава недасведчанаму чалавеку было немагчыма. Бандыты не прызнавалі ніякай улады, лічылі сябе гаспадарамі на гэтай тэрыторыі, якім усе павінны былі падпарадкоўвацца.
Асабліва лютавалі супраць прадстаўнікоў савецкай улады і актывістаў з мясцовых. Расказвалі, як Вінцуль Карвэцкі пераняў фінагента Сяргея Радзько з вёскі Мілайшуны, які збіраў падаткі, забраў усё да капейкі і напісаў распіску «Грошы забраў Вінцуля». Пасля таго фінагентам сталі даваць узброеную ахову. Адным з такіх ахоўнікаў стаў Часлаў Алёхна з засценка Ажуройсці, родзіч Карвэцкага. Але гэта не перашкодзіла Вінцулю стрэліць у Часлава, калі той прыйшоў у Баяры з фінагентам збіраць падаткі – ён смяротна параніў родзіча, да бальніцы яго не давезлі, памёр у дарозе.
Жорсткасць Вінцулёў была невытлумачальнай і неабгрунтаванай. Аднойчы бандыты прастрэлілі ногі маладой фельчарцы Олі з Ажуройсцяў – на жаль, прозвішча яе ніхто не ўспомніў, расказвалі толькі, што прыехала яна з Віцебшчыны. На шчасце, дзяўчына вылечылася і пазней выехала ў Маладзечна.
Вінцулёў усе баяліся і таму вельмі неахвотна супрацоўнічалі з савецкай уладай. Да актывістаў маглі прыйсці ўночы, надзёрці ягадзіцы таркай і пасыпаць соллю – і гэта было яшчэ мяккае пакаранне. Абрэвіятуру ВЛКСМ расшыфроўвалі так: «Вазьмі лапату, капай сабе магілу». Светлай памяці Генавефа Бурштыновіч успамінала, як выбіралі дэпутата ад іх вёскі. Ніхто не згаджаўся, і тады выбралі яе. Сказалі: «Ты маладая, ні сям’і, ні дзяцей не маеш, калі і заб’юць, то нічога страшнага». Колькі дзяўчына ні плакала, ні прасілася – нічога не дапамагло. Але маці супакоіла дачку: «Будзем маліцца – пан Бог дапаможа, усё будзе добра». Так і сталася. Колькі разоў у хаце дэпутаткі начавала раённае начальства – ніхто ніколі не напаў, хоць кожную ноч пад вокнамі бачылі мноства слядоў.
Калі ж бандыты забілі Мікалая Калгушкіна і Івана Ушакевіча і паранілі каваля Мар’яна Страцэўскага, тады за Вінцулёў узяліся ўсур’ёз. Расказваюць, што Вікенція і Аброшу Карвэцкіх забіў удзельнік іх банды Юзаф Субель, якому за гэта савецкія ўлады паабяцалі захаваць жыццё. Хоць афіцыйна ліквідавалі банду ваенныя – целы главароў потым вазілі па вёсках, каб людзі пабачылі, што Вінцулі, якія столькі гадоў наводзілі страх на ўсё наваколле, мёртвыя. Пасля таго забітых бандытаў утапілі ў балоце насупраць сённяшняга будынка аўтастанцыі. А Юзаф Субель выехаў у Літву.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.