На Астравеччыне завяршылася акцыя «Наш жывёлавод»

13:09 / 06.04.2021

Ушанаваннем працаўнікоў КСУП «Гервяты» на Астравеччыне завяршылася рэспубліканская прафсаюзная акцыя «Наш жывёлавод». Нагадаю, некаторыя работнікі гэтай гаспадаркі атрымалі Падзякі і падарункі ў лютым.

Да старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрыя Адулы далучылася лідар прафсаюзнай пярвічкі КСУП «Гервяты» Марына Івашка.

Узнагароджанне пачалося з цэха па адкорме і дарошчванні буйной рагатай жывёлы, дзе, да слова, нядаўна абсталявалі тэхнікай санпрапускнік і пакой адпачынку.

Летась цялятніца Рэгіна Тотчык атрымала найбольшыя ў раёне прывагі: цяляты з яе групы ў сярэднім за суткі станавіліся цяжэйшымі на 964 грамы – а гэта +141 грамаў да 2019 года. Жанчына прызнана лепшым жывёлаводам раёна ў мінулым годзе.

Тотчык.jpg

Жывёлавод Рэгіна Тотчык


Данута Жукоўская ў сельскай гаспадарцы крыху больш за 20 гадоў і не адстае ад сваёй калегі: бычкі – каля 180 галоў – кожны за суткі прыбывае на 900 грамаў і больш.

Жукоўская.jpg

Данута Жукоўская даглядае быкоў


Падчас візіту на цэх прафсаюзных лідараў хварэла жывёлавод па адкорме Таццяна Кацяш, жанчыне паабяцалі перадаць падарунак.

Больш за 15 гадоў Святлана Бараноўская ўзначальвае МТФ «Малюта», хоць на аднайменным хутары даўно ўжо ніхто не жыве. Кожны дзень жанчына прыязджае сюды з Вялікіх Яцынаў.

– У жывёлагадоўлі крыху больш за 30 гадоў: пасля заканчэння Ільянскага заатэхнічнага каледжа прыйшла ў сельскую гаспадарку і засталася, – расказвае Святлана Бараноўская. – Увесь час была загадчыкам фермы: спачатку ў Яцынах, потым – у Міцюнах, а апошнія гады – у Малюце.

Янковіч і Бараноўская.jpg

Лепшая даярка фермы «Малюта» Алена Янковіч і загадчык Святлана Бараноўская


У 2017 годзе партрэт аператара машыннага даення МТФ «Малюта» Алены Янковіч заносіўся на раённую Дошку гонару, неаднаразова жанчына прызнавалася адной з лепшай у жывёлагадоўлі ў межах прафсаюзнай акцыі.

– Астравеччына стала для мне другой радзімай пасля замужжа. Я, хоць і гарадская, але да работы прывучана з маленства, – расказвае Алена Янковіч. – Даяркай на ферме «Малюта» працую крыху больш за 15 гадоў, да гэтага гатавала абеды ў калгаснай сталоўцы, сачыла за збожжам на складах.

Сярод работнікаў МТФ «Сакалойці» лепшымі прызнаны яе загадчык Марыя Лапуня і аператар машыннага даення Іна Рэвака.

Лапуня.jpg

Узнагароду прымае загадчык фермы «Сакалойці» Марыя Лапуня


Марыя Зянонаўна з мясцовых. Па словах жанчыны, яе дзяцінства прайшло на ферме: маці была даяркай, бацька – жывёлаводам. Некаторы час жанчына жыла і працавала ў Гродне, але вясковыя карані ўзялі сваё: у горадзе ёй не хапала паветра і прасторы.

– Не шкадую, што вярнулася на Астравеччыну. З большасцю людзей – цяпер у «Сакалойцях» працуе 12 чалавек – мы разам 20 гадоў, – падсумоўвае загадчык.

У групе Іны Рэвака каля 50 кароў і 7 цялят. Да слова, жанчына неаднойчы атрымлівала ўзнагароды ад прафсаюзнай арганізацыі, як лепшы жывёлавод.

Рэвака.jpg

Аператар машыннага даення МТФ «Сакалойці» Іна Рэвака


Каля 60 гадоў стажу ў сельскай гаспадарцы на дваіх у сямейнай пары Баравік. Усё жыццё муж і жонка Зянон і Тарэса жывуць у Чэхах і працуюць на аднайменнай ферме.

– У КСУП «Гервяты» працуюць і нашы дзеці: Юра – электрагазазваршчыкам, Вераніка – бухгалтарам, дарэчы пра яе, як пра адзіную жанчыну-памочніцу камбайнера, пісала «Астравецкая праўда». Сельскагаспадарчы хлеб нялёгкі, але некаму трэба гадаваць жывёлу і засяваць ніву, – падзялілася развагамі Тарэса Баравік.

Зянон і Тарэса Баравікі.jpg

 І дома, і на ферме разам Зянон і Тарэса Баравікі



ЛІЧБА

65 працаўнікоў пяці гаспадарак адзначаны сёлета падчас акцыі.


У тэму

Па традыцыі падчас вясенне-палявых работ райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу праводзіць працоўнае спаборніцтва сярод механізатараў у наступных відах работ: сяўба, ворыва, культывацыя, пагрузка і ўнясенне арганікі, унясенне мінеральных угнаенняў, падсеў траў.






Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич