Гісторыю малой радзімы збіраюць і захоўваюць у музейным пакоі Рытанскага НПК
12:28 / 26.03.2021
Пра кожны з іх мы расказваем у праекце «Астравецкай праўды» – «З экспазіцыі школьнага музея».
На гэты раз карэспандэнт «АП» завітаў у музейны пакой, створаны ў Рытанскім дзіцячым садзе – базавай школе.
Адлік музейны пакой этнаграфічна-краязнаўчай накіраванасці вядзе з 2009 года, калі быў падпісаны загад па школе аб яго стварэнні.
– Аднак гісторыю музейнай справы ў нашай установе трэба пачынаць з 1993 года, – расказвае Ангеліна Кураш. – Менавіта тады Рытанская школа пераехала ў сучасны будынак, а яе дырэктар, настаўнік гісторыі Часлаў Аляксандравіч Шаблінскі прапанаваў калектыву заняцца зборам экспанатаў.
Дарэчы, першыя з іх у школу прынёс менавіта дырэктар – гэта былі прадметы, якімі карысталіся яго родзічы.
А пасля ў Часлава Шаблінскага і настаўніка школы Эдуарда Свірыда ўзнікла ідэя стварыць невялікую музейную экспазіцыю.
– Вольных памяшканняў на той час не было, – расказвае сённяшні дырэктар школы Леанід Радзько. – І таму экспазіцыю вырашылі размясціць у кабінеце гісторыі.
Спецыяльна для гэтага зрабілі нішы і вітрыны для прадметаў побыту беларускай вёскі.
З часам экспанатаў станавілася больш – актыўным папаўненнем фонда займаўся ўвесь школьны калектыў. І ў 2009 годзе экспазіцыю пераўтварылі ў музейны пакой.
– Яго загадчыкам стаў Дзмітрый Арлоўскі, потым кіравала пакоем Аксана Пляўга, – расказвае Ангеліна. – Экспазіцыя складаецца з пяці раздзелаў. Першы расказвае пра гісторыю продкаў, другі распавядае пра Рытанскую школу, трэці – пра знакамітых людзей, чацвёрты называецца «Вайна ў сэрцы і гісторыі» і прысвечаны Вялікай Айчыннай. Пяты раздзел месціцца ў асобным пакойчыку – гэта свайго роду «Беларуская хатка».
Ён, дарэчы, самы вялікі. Тут размешчаны прылады працы сялян.
– Гэтыя рэчы збіралі па Рытані і бліжэйшых вёсках, – расказвае намеснік дырэктара Алена Масойць. – Раней людзі не вельмі хацелі дзяліцца сваім багаццем: тымі ж маслабойкамі, газавымі лямпамі карысталіся ў паўсядзённым жыцці. Пазней многія вырашылі аддаць іх у нашу экспазіцыю, каб сучасныя школьнікі маглі даведацца пра рэчы, якімі карысталіся іх бабулі і дзядулі.
А для вучняў гэты пакой – адзін з самых любімых.
– Школьнікі, асабліва пачатковых класаў, ужо нават не ведаюць, што такое лапці. А падчас экскурсій да кожнай рэчы хочуць дакрануцца і, зразумела, пытаюцца, дзе рэчы выкарыстоўвалі, – працягвае Алена Масойць.
Дарэчы, прадметы побыту тут падпісаны не толькі па-беларуску, але і па-англійску.
– Да нядаўняга часу музейным пакоем загадвала настаўнік англійскай мовы Вольга Жалудкевіч, якая адлічбавала ўсе экспанаты, – расказвае намеснік дырэктара. – Яна, малады спецыяліст, але вельмі зацікавілася нашым зборам.
Кожны экспанат, які знаходзіцца ў музейным пакоі, мае пэўную гісторыю. І кожны чымсьці каштоўны.
– У нас шмат дарагіх сэрцу любога беларуса рэчаў, – рассказвае намеснік дырэктара. – Ёсць незвычайны прас. Каштоўнасць маюць швейныя машынкі, калаўрот – ён, дарэчы, у рабочым стане, керагаз, некалькі бердаў, бразготка і многія іншыя.
Частка этнаграфічнага збору размешчана і на стэндах у кабінеце. Тут можна знайсці маслабойкі, збаночкі для кваса, малака – у дбайнай гаспадыні іх было некалькі. Ёсць розныя віды сярпоў – адной з самых папулярных прылад працы селяніна. І не дзіўна – стагоддзе назад рабілі ўсё ўручную.
Прыцягвае ўвагу і экспазіцыя, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне. Акрамя інфармацыі аб земляках – ветэранах вайны, тут захоўваецца ваенны дзённік, створаны вучнямі школы да адной з юбілейных дат Перамогі на розных мовах.
Захоўваюць і звесткі з гісторыі школы, пра яе выпускнікоў, якія дасягнулі пэўных вышынь.
– Сённяшні рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Алена Краткова, афіцэр дзяржаўнага пагранічнага камітэта Андрэй Семеж, начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязей Беларускай АЭС Эдуард Свірыд – гэтыя і многія іншыя былыя вучні нашай школы – наша найвялікшая гордасць, – гаворыць дырэктар Рытанскага НПК.
Асобная экспазіцыя адведзена сімволіцы часоў Савецкага Саюза.
– Адным з самых каштоўных экспанатаў гэтай часткі музейнага пакоя з’яўляюцца сцягі «Пролетарии все стран, соединяйтесь!», – расказвае экскурсавод Ангеліна Кураш. – Таксама ёсць у нас нагрудныя значкі, членскі білет ВЛКСМ, што прадстаўляе вялікую цікавасць для вучняў школы, якія пра Савецкі Саюз чулі толькі на ўроках гісторыі ды ад бацькоў.
У школе створаны савет музейнага пакоя, у склад якога ўваходзяць экскурсаводы, актывісты і настаўнікі, якія займаюцца папаўненнем фондаў музея, арганізацыяй экскурсій і правядзеннем музейных урокаў.
– Асноўная мэта работы ў музейным пакоі – грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў, – расказвае намеснік дырэктара Алена Масойць. – Мы таксама стараемся папаўняць фонды шляхам арганізацыі паходаў, экскурсій, вывучэння літаратурных і архіўных крыніц.
Усё гэта садзейнічае стварэнню новых выстаў, дапамагае настаўнікам у вучэбным і выхаваўчым працэсах пры арганізацыі пазакласных мерапрыемстваў і класных гадзін, віктарын, конкурсаў і гутарак. На экскурсіі ў музейны пакой прыходзяць не толькі вучні, але і іх бацькі.
– Я не раз была ў нашым музейным пакоі. Да таго ж у гэтым кабінеце ў нас праходзяць урокі гісторыі. Тут вельмі цікава. І зазіраць сюды падабаецца ўсім нашым школьнікам, – гаворыць вучаніца Караліна Заянчкоўская.
Пасля наведвання невялікага музейнага пакоя Рытанскага НПК, разумееш, што вялікі патрыятызм пачынаецца з малога – з таго месца, дзе жывеш і працуеш!
ЛІЧБА
104 экспанаты складаюць асноўны фонд. Усяго захоўваецца 163 прадметы.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.