Акцыя «Наш жывёлавод» прайшла ў КСУП «Міхалішкі»

09:46 / 26.03.2021

Перадавыя работнікі фермаў і комплексаў КСУП «Міхалішкі» атрымалі Падзякі і ўзнагароды ў межах рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод», якую па традыцыі ў зімне-стойлавы перыяд праводзіць райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Да слова, мэта, якую ставяць перад сабой арганізатары акцыі, – не толькі адзначыць лепшых работнікаў, але і даведацца, што іх турбуе, па магчымасці, вырашыць праблемы і паглядзець, у якіх умовах працуюць вяскоўцы.

IMG_4062.jpg

Калектыў МТФ «Міхалішкі»


Першым аб’ектам, які наведалі старшыня прафсаюза аграрыяў Юрый Адула і лідар прафсаюзнай пярвічкі гаспадаркі Ірына Мацкела, стала малочна-таварная ферма «Супраненты».

У адрозненне ад мінулых гадоў, калі жывёлаводы ўзнімалі шмат пытанняў, сёлета цікавіла адно: калі выдадуць спецвопратку і абутак. Як патлумачыла Ірына Мацкела, халаты і медыцынскія аптэчкі закуплены і ў хуткім часе павінны паступіць на фермы.

Таксама работнікі падзяліліся радасцю: апошні месяц малако з МТФ «Супраненты» ідзе на перапрацоўку вышэйшым гатункам – а гэта значыць, зарплаты пацягнуцца ўверх. Паспрыялі такому прагрэсу, па словах даярак, скрупулёзная ветэрынарная работа – усіх хворых рагуль своечасова пралячылі, а таксама замена рэзіны на абсталяванні. За дапамогу жанчыны дзякавалі намесніку дырэктара па жывёлагадоўлі Андрэю Стаповічу, які ў студзені гэтага года перайшоў у КСУП «Міхалішкі» з КСУП «Варняны».

Сёлета лепшай на ферме прызнана аператар машыннага даення Валянціна Кавалеўская, дарэчы, яна і летась прымала віншаванні ад прафсаюзных лідараў.

IMG_4059.jpg

Валянціна Кавалеўская з фермы «Супраненты»


– Даяркай працую 17 гадоў. У маёй групе 53 каровы, з якіх 44 дойныя. За суткі надаіла 630 кілаграмаў малака – найбольш. Цешыць, што і якасць стала лепшай, – расказвае жанчына. – Жыву на месцы, у Супранентах. Дачушка вучыцца ў 9 класе, а сын, як і я, працуе ў КСУП «Міхалішкі». Трымаю свіней, ёсць куры.

Другі год запар на малочна-таварнай ферме «Міхалішкі» Падзяку і падарунак атрымала аператар машыннага даення Вольга Валэйка. У групе жанчыны 51 карова, акрамя гэтага даярка клапоціцца пра 9 цялят. Ад каровы жанчына ў сярэднім надойвае крыху больш за 16 кілаграмаў малака за суткі пры сярэднім надоі на ферме ў 14,3 кілаграмы.

IMG_4065.jpg

Вольгу Валэйка віншуе Юрый Адула 


Падчас прыезду прафсаюзных лідараў аператар машыннага даення МТК «Маркуны» Леакадзія Боўша, жывёлавод МТФ «Страчанка» Леанід Канопкін і аператар машыннага даення МТФ «Страча» Рыта Лаздоўская праходзілі медыцынскі агляд – нам паабяцалі перадаць жывёлаводам Падзякі і падарункі.


У тэму

Рабочы зернесклада КСУП «Міхалішкі» даслаў у рэдакцыю свой разліковы лісток за люты, адпрацаваўшы 27 дзён, у тым ліку звышурочна, малады мужчына атрымаў зарплату, якая яго не здавальняла. Па словах працаўніка, дысцыплінарных спагнанняў і парушэнняў у яго не было.

Гэтае пытанне ўзяў на кантроль райкам работнікаў аграпрамысловага комплексу. Пасля дэталёвага вывучэння сітуацыі кіраўніцтву гаспадаркі напраўлена рэкамендацыя па выпраўленні выяўленых парушэнняў актаў заканадаўства і калектыўнага дагавора. Пазней стала вядома, што сямі паляводам раслінаводчага ўчастка №1 зроблены пераразлік зарплаты, у тым ліку за звышурочную працу.






Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич