Пахам драўніны дыхае Павел Кучэўскі

08:18 / 28.03.2021

Прыемны пах драўніны даўно стаў для слесара па рамонце абсталявання кацельных і пылапрыгатаўляльных цэхаў Паўла Кучэўскага настолькі блізкім, што ён перастаў яго адчуваць – хоць, калі пераступаеш парог кацельнай ЖКГ у Варнянах, у ім, здаецца, проста патанаеш.

15 гадоў – і 5 месяцаў! – дапаўняе Павел Іванавіч – працуе Кучэўскі на варнянскай кацельні. Кожны дзень ён сочыць за тым, каб дроў для загрузкі катлоў хапала на сёння, для начной змены і на заўтра і як працуюць сеткавая і дымавая помпы і электрарухавікі. На абслугоўванні Кучэўскага два катлы, адзін з якіх «будзяць», калі тэмпература паветра апускаецца ніжэй за –10°С.

1.jpg

Калі закрылі інтэрнат для псіханеўралагічных хворых у Дубніках, дзе працаваў мужчына, ён на час ацяпляльнага сезону прыйшоў у кацельню аператарам – і застаўся, толькі ўжо слесарам.

Работы слесару Кучэўскаму хапае і зімой, і летам: з заканчэннем ацяпляльнага сезона Павел Іванавіч «на пастаянцы» застаецца адзін – чацвёра калег-аператараў вернуцца, калі прыйдзе час зноў запальваць дровы ў катлах.

Не паспеюць затухнуць катлы вясной, як пачынаецца падрыхтоўка кацельнай і сетак да новага сезона: афарбоўка, тынкоўка, рамонт, праверка цеплатрасы… Каб восенню атрымаць допуск на запуск абсталявання, нельга прапусціць ні адну стрэлачку на трубах. А варнянскія цепласеткі доўгімі падземнымі дарожкамі расходзяцца ад кацельнай да школы, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, «настаўніцкага» дома і Дома культуры.

– Пачынаў я працаваць са светлай памяці Раманам Сярпейкам, – успамінае слесар Кучэўскі. – Прыйшоў пад яго крыло без асаблівага разумення таго, што буду рабіць. Ён мне растлумачыў, паказаў, усяму навучыў. Як аказалася, нават у кацельнай ёсць свае сакрэты – так, «паліць» цвёрдапаліўныя катлы, устаноўленыя ў Варнянах, зусім не тое, што гарадскія, якія працуюць на дранцы: пыл і сажа забіваюць абсталяванне, таму яго неабходна чысціць кожныя 2 тыдні. Інакш кацёл будзе «дыміць».

Прамудрасці прафесіі Павел Іванавіч спасцігаў у працэсе работы, але на «корачкі» здаў: спецыяльнасць аператара кацельнай атрымаў у Варнянскім ВПК, пасведчанне слесара – у Астравецкай ЖКГ, дзе, да слова, кожны год для аператараў арганізоўваюцца курсы, а перад пачаткам ацяпляльнага сезона – абавязковы экзамен на допуск да работы з кацельным абсталяваннем.

– Пытанняў на экзамене шмат, – гаворыць слесар. – Таму кожны раз перад здачай «праганяю» ў галаве тое, што ведаю.

2.jpg

Слесар па рамонту абсталявання кацельных і ПЦ Павел Кучэўскі (справа) і машыніст кацельнай Іван Філіпчык (злева)



ПЫТАННІ – І ШЧЫРЫЯ АДКАЗЫ

– Кацельня сёння і 15 гадоў назад. Что-небудзь змянілася?

Рамонт цепласетак якраз і праходзіў у першы год маёй работы. Тады ж і катлы былі заменены на больш магутныя і сучасныя. Цяпер змяніўся выгляд кацельнай: адрамантаваны дах, пафарбаваны сцены, заменены вокны і дзверы, каля ўваходу з’явіўся газон. Дровы, каб від не псаваць, кладваем у дворыку. Прыгожа стала, акуратна: ідзеш на работу – і душа радуецца.

– За час вашай работы на кацельні здараліся экстраныя сітуацыі?

– Я жыву ў сотні метраў ад работы, таму падбегчы магу ў любы момант, нават ноччу. А збоі здараюцца: падчас штармавых вятроў можа адключыцца электрычнасць, а без яе не працуе сеткавая помпа, якая праганяе ваду па трубах. Кацёл даводзіцца тушыць, інакш вада можа закіпець. Могуць спрацаваць засцерагальныя клапаны – іх трэба паставіць на месца. Або неабходна па-новаму запітаць сістэму ацяплення і запусціць кацёл, прычым не дапусціць гідраўдару – калі халодная вада пацячэ па гарачых трубах, яны могуць трэснуць.

– Ніколі не хацелася сысці «за доўгім рублём»?

– Пра большую зарплату мараць многія – і я не выключэнне. Але лічу, што зарабляю адносна сваёй работы нармальна. Перад арміяй папрацаваў у калгасе – хоць і рабіць стараўся больш, грошы атрымліваў з усімі аднолькавыя. Прапанавалі на «атамку» – але там я нікога не ведаю, а тут у нас калектыў, добрая адміністрацыя.

Ды і тое, што да работы блізка, падабаецца.

– Ці ёсць для вас розніца, у які сезон працаваць – зімой ці летам?

– Летам мароз не кусаецца. (Смяецца.) І летам прыгожа. Уявіце: нарыхтоўваеш дровы ў дворыку, цеплыня, сонейка свеціць, лёгкі ветрык абвявае, птушкі спяваюць. Хоць і жыву ў вёсцы, не перастаю атрымліваць ад гэтага асалоду.

 Але і зіма падабаецца – тым, што шмат часу праводжу на свежым паветры: нарыхоўка дроў, распілоўка… Маразоў не баюся. Наадварот: прыемна потым прыйсці ў цёплае памяшканне, з’есці нешта гарачае, сагрэцца – і зноў на вуліцу. На жаль, паху дроў я ўжо не адчуваю – ён увесь час вакол мяне, у ім жыву, ім дыхаю.

– Як лічыце, у сучасным свеце высокіх тэхналогій ваша прафесія не згубіла актуальнасці?

– Калі бачыш, як марозным або зольным ранкам спяшаюцца ў цёплыя кабінеты настаўнікі і вучні, чуеш, з якім задавальненнем гавораць яны пра тое, што ў іх кватэрах і класах утульна і добра, як радасна і весела бавяць час у цёплых памяшканнях дзеткі ў садку, разумееш: твая работа патрэбна людзям. І гэта ў сваю чаргу сагравае мяне.






Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Ольга Хотянович