Што будуць сеяць аграрыі і колькі, расказалі ў райсельгасхарчы

08:13 / 17.03.2021
Крыху больш за стагоддзе назад класік беларускай літаратуры Янка Купала пісаў: «Ляжыце, зярняты, у парадак, у рад, усходзьце багата, каб сейбіт быў рад». Хоць з таго часу змяніліся тэхналогіі апрацоўкі глебы, а на змену ручной працы прыйшла энерганасычаная тэхніка, жыццё і дабрабыт вяскоўца па-ранейшаму падпарадкаваны ўраджаю. А ён шмат у чым залежыць ад паспяховага правядзення пасяўной кампаніі: нездарма кажуць, што пасееш, тое і пажнеш. 

Ацаніць падрыхтоўку сельскагас­падарчых прадпрыемстваў да вясенне-палявых работ і раска­заць, што сёлета будуць сеяць хлебаробы, карэспандэнт папрасіў загадчыка сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіла Шлыковіча. 

2.jpg


– Які задзел пад ура­джай-2021 зроб­лены з восені?

– Пад яравую сяўбу заарана  13 700 гектараў, ці 97% ад пла­на, – гэта крыху больш,  чым у 2019 годзе. Гліфа­са­ту­трымліваючыя прэпараты, якія на палях знішчаюць пустазелле, унесены на плошчы амаль 11 600 гекта­раў – гэта 129% да плана. Акрамя гэтага, па традыцыі позняй восенню прайшоў конкурс прафесійнага майстэрства сярод механізатараў. Па-першае, гэта да­зволіла выявіць і матэрыяльна заахво­ціць лепшых аратых раёна, па-другое, да­па­маглі варнянцам падняць больш зябліва.

– Як у цэлым і ў разрэзе гаспадарак  у прыватнасці ацэньваеце гатоўнасць да пасяўной кампаніі. І калі яна пачнецца ў раёне? 

– Нягледзячы на багатую на ападкі зіму, лішкаў вільгаці ў глебе няма –  значыць, палявыя работы не за гарамі. Як толькі глеба прагрэецца да аптымальнай тэмпературы, пачнецца масавая сяўба – сёлета выйдзем у поле пазней, чым у мінулым годзе. Калі не памыляюся, летась на 15 сакавіка раннімі збожжавымі і зернебабовымі ў раёне было засеяна каля 200 гектараў.

Усе машыны, якія будуць задзей­ні­ча­ны на пасяўной, праходзяць тэхнічны агляд, які павінен завяршыцца 17 сакавіка. 

Гатоўнасць гаспадарак да вясенне-палявых работ у цэлым станоўчая, хоць і былі праблемы з набыццём запчастак і камплектуючых, асабліва да замежных энерганасычаных трактараў. 

– Раскажыце пра структуру пасяўных плошчаў. 

– Пры вызначэнні аптымальных пло­ш­чаў у першую чаргу адштур­хоў­валіся ад патрэб жывёлагадоўлі і плана выканання дзяржзаказу на збожжа, насенне рапсу і цукровыя буракі. 

Пад збожжавыя і зернебабовыя культуры будзе адведзена 17 613 гекта­раў, ці 53,7% ад плошчы ворыва. У тым ліку азімы клін займае звыш 10 тысяч гектараў – 57,6% збожжавага кліну: КСУП «Гервяты» – 66,2%, «Гудагай» – 61,7%, РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» – 56,6%, «Міхалішкі» – амаль 51% і «Варняны» 47,5%. 

1.jpg


Для забеспячэння жывёлы зернефуражом пад ячмень будзе адве­дзена 4 266 гектары, у тым ліку пад піваварны – 760. Азімы трыцікале пасеяны на 5 140 гектарах. Пасевы азімага жыта ў параўнанні з мінулым годам павялічыліся на 166 і складаюць амаль 1 250 гектараў. 

З восені насенне пшаніцы пры­крыта ў глебу на плошчы 3 577 гектараў. З-за нізкай прадукцыйнай кусцістасці гэтай культуры і вялікіх затрат на яе вырошчванне плошча пад яравымі пасевамі паменшыцца на 392 гектары і складзе 850. Авёс плануем пасеяць на 850 гектарах, грэчку – на 210. Кукуруза зойме 5 715 гектараў, з іх на 530 яна будзе вырошчвацца не зерне. 

Пасяўныя плошчы пад цукровымі буракамі застануцца на ўзроўні мінулага года – гэта 1 620 гектараў.

Пад рапс будзе адвядзём на 173 гектары больш, чым летась, – усяго 2 900, а бульба размесціцца на 130 гектарах.

Усяго яравы клін складзе крыху больш за 15 тысяч гектараў. 

Асноўную выручку гаспа­дар­кі ат­рым­­ліваюць ад рэалізацыі мяса і малака, а іх аб’ёмы не павялічыць без тра­вяністых кармоў. У планах нарыхтаваць на зімне-стойлавы перыяд больш за 3 300 тон сена, 114 тысяч тон сенажу, 2 тысячы тон зернесенажу і амаль 163 тысячы тоны сіласу – 32,7 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Для дасягнення гэтых мэт, а таксама каб забяспечыць грамадскі статак бялком і ўзбагаціць глебу азотам, плануем пасеяць кармавыя зернебабовыя культуры на 797 гектарах – гэта каля 5% ад плошчы збожжавых культур. 

Для паляпшэння структуры шматгадовых траў плануецца падсеяць іх на  2 280 гектарах, з іх 520 – люцэрны, а таксама перазалужыць 3 091 гектар лугапашавых угоддзяў. 

– Якая сітуацыя з насеннем? 

– Усе гаспадаркі раёна будуць сеяць серты­фі­каваным насеннем. Ёсць 2 808 тон кандыцыйнага – гэта 160% ад патрэбы. У глебу будзе трапляць насенне не ніжэй першай рэпрадукцыі. Для сорта­змены і сортаабнаўлення выдзелена 128 тон эліты. Яшчэ неабходна набыць 174 тоны кукурузы. Тры гаспадаркі раёна – КСУП «Гудагай», «Гервяты» і РУП «Астравецкі саўгас  «Па­дольскі» – самастойна пра­водзяць за­купку пасяўнога матэрыялу, а КСУП «Варняны» і «Міха­лішкі» плануюць набываць кукурузу праз ААТ «Гродна­аблсельгастэхніка». 

З бульбай пытанняў няма: у засеках гаспадарак ёсць 560 тон сяўбяных клубняў. Плануецца набыць яшчэ 15 тон эліты.

– Ці хопіць мінеральных угнаенняў пад яравую сяўбу?

– На 10 сакавіка забяспечанасць гаспа­дарак тукамі складае 42%: найбольш ёсць азоту (54%), найменш – фосфару (20%). Назапашванне міне­раль­­ных угнаенняў працягваецца. Найлеп­шая сітуацыя ў КСУП «Гудагай», дзе да па­сяўной нарыхтавана 74% мінеральных угнаенняў ад патрэбы. 

– Дзякуй за гутарку!




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: