У любым узросце можна заставацца каралевай

11:27 / 07.03.2021
547
Хай прабачаць мяне мужчыны – размова сёння пойдзе пра жанчын…

_MG_4135.jpg

Навіна з апошніх: 57-гадо­вая беларуска перамагла ў міжнародным конкурсе прыгажосці для тых, каму за 40 (уяўляеце, колькі маладзейшых прыгажунь з розных краін свету пакінула «за бортам» наша зямлячка?!) І карону надзелі не субтыльнай бабулі-падлетку, якая капіруе стыль адзення і паводзіны сваіх унучак, наіўна спадзеючыся, што такім чынам здолее памала­дзець, а сапраўднай славянскай прыгажуні, у якой ёсць усё, што трэба, там, дзе трэба і якіх трэба памераў. У эксклюзіўнай сукенцы Барбары Радзівіл яна была проста шыкоўнай!
Гэтая навіна, па-першае, дазволіла ў чарговы раз парадавацца за нашу краіну і яе жанчын, якія зноў і зноў  пацвярджаюць, што яны – самыя прыгожыя ў свеце. А па-другое, з задавальненнем адзначыць, што беларускія пенсіянеркі застаюцца сапраўднымі жанчынамі – прывабнымі, разумнымі, таленавітымі – незалежна ад таго, які год нараджэння запісаны ў пашпарце. 
І тычыцца гэта не толькі розных там міс і місіс любога ўзросту і «сталічных штучак». Нашы астравецкія жанчыны без усялякіх тытулаў, карон і сукенак Барбары Радзівіл – каралевы! І жаночае свята дае нагоду ў гэтым упэўніцца.. Вы згоды са мной, шаноўныя мужчыны?
 (Хоць, да слова, і нам не пашкодзіла  б правесці які-небудзь падобны конкурс на званне міс ці місіс, мадоны, бабулі Астравеччыны, бо даўно ўжо нічым падобным нас не радавала культура – засумавалі… Так, пандэмія – але жыццё ж не спынілася!)
А галоўнае – нашы жанчыны ў большасці сваёй актыўныя і самадастатковыя. Ковід для іх – не нагода замуроўвацца ў чатырох сценах, прыкаваўшы сябе да канапы пультам ад тэлевізара. 
…Калі выдалася нагода ў звычайныя будзённыя дні пагуляць у нашым лесапарку, была прыемна здзіўлена тым, што тут у любое надвор’е і любы час не бязлюдна. І прагульваюцца па сцежках-дарожках не толькі маладыя мамы з каляскамі і парачкі закаханых – «наразаюць кругі» са скандынаўскімі палкамі ці без іх шматлікія прадстаўніцы «элегантнага ўзросту», у адзіночку ці ў прыемнай кампаніі. 
А многія спяшаюцца ў басейн – там па буднях для пенсіянераў зніжкі. Ці запісваюцца ў групы здароўя, што вельмі актуальна ў сённяшні час – зрэшты, як і ў любы іншы.
Я ўжо не кажу пра тых, хто асвойвае з дапамогай інтэрнэту новыя захапленні ці піша для ўнукаў радавод сям’і, ці… Ой, ды ці ж пералічыш усё, чым любяць займацца нашы актыўныя прыгожыя жанчыны «трэцяга ўзросту»? І хай сабе іх любімыя калектыўныя формы баўлення часу – спатканні ў клубе «Актыўнае даўгалецце», пасяджэнні ў літаратурнай гасцёўні, заняткі ў гуртках Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – часова прыпыніліся. Галоўнае, што яны знаходзяць жаданне і магчымасць займацца сваім развіццём – фізічным, інтэлектуальным, эмацыянальным.
А значыць, яны – каралевы! Хоць і не прымалі ўдзел у адпаведных конкурсах і не  ўсе ўмеюць хадзіць па подыуме…
Зрэшты, магчыма, усё гэта – толькі справа часу…




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений