У Варнянах успомнілі Казіміра Сваяка

16:35 / 02.03.2021

Нітачку памяці пра Казіміра Сваяка ў камайцаў перахапілі варнянцы: у мясцовым аддзеле культуры і вольнага часу адбыліся чытанні з нагоды 131-х угодкаў паэта-святара.

2.jpg

Дарэчы сказаць, у Варнянах, дзякуючы намаганням Людмілы Кухарэвіч, сваякоўскія сустрэчы прайшлі ў другі раз. Падчас першай сустрэчы таленавітая мастачка Астравеччыны Тарэса Варановіч прэзентавала сваю работу, зробленую на творчы конкурс “Астравецкай праўды” да юбілею земляка. Карціна з выявай задуменнага і прасветленага Казіміра Сваяка з пяром у руках на фоне загінулага ў агні клюшчанскага касцёла Святога Яўхіма ўпрыгожвае варнянскі клуб. Неўзабаве палатно з выявай Канстанціна Стэповіча пераедзе на радзіму Сваяка, у клюшчанскую капліцу, – так пастанавілі ўдзельнікі сустрэчы. Яна па традыцыі пачалася з запальвання свечкі і бласлаўлення ксяндзом варнянскай парафіі Святога Юрыя Віктара Захарэўскага прысутных.

3.jpg

– У кожным народзе ёсць вялікія духоўныя сілы, якія не даюць яму знікнуць з твару зямлі, нягледзячы на войны, эпідэміі ці іншыя скрухі, – з першых імгненняў філасофска-лірычны тон задала імпрэзе Людміла Іванаўна. – Гэта лепшыя яго сыны і дочкі, якія не шкадуючы сябе, самааддана служылі зямлі, Айчыне, народу. У іх ліку і Казімір Сваяк.

За духмяным кубачкам гарбаты палілася жывая гарачая, як і сэрца Канстанціна Стэповіча, размова.

Заўсёдніца сваякоўскіх сустрэч у Камаях Таццяна Кучэўская пранікнёна прачытала верш-малітву, а таксама падзялілася ўражаннямі ад сустрэч з ксядзом Яцэкам Хутманам, які ў сваёй парафіі шмат зрабіў для захавання памяці пра пакутніка паэта-святара.

Узгадалі біяграфію Сваяка, прачыталі яго вершы, урыўкі з дзённікавых запісаў і п’ес Марына Садоўская, Алена Багдановіч, Святлана Еўтушэнка, Эвеліна Садоўская, Таццяна Радкевіч, Часлаў Юркойць, Каця Рогач, Надзя Аўгуль і іншыя.

1.jpg

На літаратурнай гасцёўні прысутнічала і ўраджэнка Варнян, урач-генэтык Святлана Голубева, якая падзяліся ўражаннямі ад сустрэчы:

– Творчасць Казіміра Сваяка нясе яскравы напамін нашчадкам пра тое, што варта берагчы спадчыну. Хочацца, каб і наш унікальны куток – вежа-альтанка, ставы, млын, унікальная архітэктурная забудова – былі дагледжанымі і надалей радавалі варняўцаў і гасцей Астравеччыны.

…Кажуць, чалавек жывы, пакуль пра яго помняць. Творы Казіміра Сваяка гучаць у Камаях, Баранях, Клюшчанах, Варнянах, штогод папаўняюцца рады яго духоўных дачок і сынок – верыцца, што зорка паэта-святара не згасне ніколі.

Фота Таццяны КУЧЭЎСКАЙ.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: