Меркаванне астраўчан: што яднае беларусаў

16:27 / 22.01.2021
589

У нашай краіне 2021-шы аб’яўлены Годам народнага адзінства. Гараджане і жыхары Астравеччыны выказаліся, што аб’ядноўвае беларусаў.

Эдуард Мілэйша, механізатар:

Мілэйша.jpg

Зямля. Галоўнае багацце нашай краіны – людзі і зямля. У Беларусі няма нафты, газу, таму сельская гаспадарка, думаю, доўга будзе заставацца флагманам народнай вытворчасці. Шмат гадоў працую механізатарам у КСУП «Гервяты». Наша сельгаспрадпрыемства адно з самых паспяховых у раёне. Ведаю па сабе, што, працуючы на зямлі, можна добра зарабляць і быць шчаслівым. 


Ірына Юцкевіч, эканаміст:

Юцкевіч Ірына.jpg

Працавітасць. Менавіта гэта якасць адрознівае беларусаў ад іншых. Напэўна, гэта нам перадалося на генетычным узроўні. Складана паверыць, што некалькі дзесяцігоддзяў назад продкі, не шкадуючы сябе, жалі, касілі і рабілі іншыя работы ўручную. КСУП «Гудагай», дзе я пра­цую, штогод нарошчвае вытвор­часць сельгаспрадукцыі. Мы маем такія вынікі дзякуючы спланаванай і мэта­накіраванай рабоце кожнага члена калектыву. Хоць на ўз­браен­ні ў аграрыяў ёсць сучасная тэх­ніка, перадавыя навуковыя распрацоўкі і дасягненні ў рас­лі­наводстве і жывёлагадоўлі, па-ранейшаму галоўную ролю іграе чалавек.  


Дзіяна Аляксандрава, маладая маці:

Дзіяна Аляксандава.jpg

Мова і гісторыя – гэта пачатак уся­го. Як жа без іх са­праў­днаму бе­ла­русу? Яшчэ Фран­ці­шак Багу­шэвіч за­клікаў памятаць мову, каб не ўмёр­лі. Некато­рыя саромеюцца, што не ведаюць род­най мовы. Але нічога немагчымага не існуе: вучыце слоўца за слоўцам – і ўсё атрымаецца. Лічу, што ведаць бе­ларускую мову павінен кожны беларус. 

Мастацтва аб’ядноўвае нас, робіць людзей больш шчырымі і ветлівымі, вучыць бачыць прыгожае. 

Нішто нас так не аб’ядноўвае, як бяда. Бывае, каб расплюшчыць вочы, людзям патрэбна сустрэцца з агульным горам. 


Рэгіна Дрэма, пенсіянерка:

Дремо Регина.jpg

Мір. Краіна – гэта, як адна сям’я. Трэба адзін аднаго падтрымліваць, дапамагаць, любіць і захоўваць тое, дзеля чаго падчас Вялікай Айчыннай вайны нашы дзяды і прадзеды ахвя­ра­валі сваё жыццё. Толькі ў любові нараджаюцца добрыя думкі, намеры і ўчынкі. Згадзіцеся, якім бы ні нарадзілася дзіця, мы ўсё адно яго будзем любіць, бо яно наша. Так і з Радзімай: яе не выбіраюць, яна наканавана нам лёсам і адна ў нас. Наіўна думаць, што прыйдзе нейкі доб­ры дзядзечка і дасць нам усё. Такога не будзе. Давайце і надалей будаваць нашу краіну і паляпшаць жыццё. Нездарма кажуць, што маем – не шануем, а страціўшы – плачам. 


Раіса Мароз, арганістка:

Раіса Мароз.jpg

Вера, надзея, любоў. У гэтым была наша  нацыянальная ментальнасць ва ўсе часы. Можна разглядаць розныя гістарычныя перыяды, падзеі, абставіны і акалічнасці... Але ў выніку прыходзім да высновы, што адзінства базіруецца на духоўнасці – гэта тое, што перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Калі я кажу слова «вера», то ўяўляю Беларусь з мноствам святыняў, узведзеных нашымі продкамі ў знак пашаны да Бога, з вялікай  любоўю, з пэўнай на­дзеяй на тое, што мы, нашчадкі, будзем шанаваць і зберагаць гэты каштоўны скарб, перадаваць яго дзецям і ўнукам. Хіба не цуд – еднасць беларусаў розных нацыянальнасцей і веравызнання, якая ўласціва і для нашага краю? У Астраўцы побач з касцёлам пабудавана царква, як родныя брат і сястра, – тварам да твару! 

Маё жыццё, як і жыццё кожнага чалавека, часовае, але яго вартасць адкрыла для нас менавіта пандэмія. Жыццё мае працяг у веры, любові, адкрытых сэрцах.

Нас, жыхароў Астравеччыны, аб’ядноўвае і раённая газета: дзякуючы «Астравецкай праўдзе», мы згуртоўваемся. Важна зразумець, што кожная добрая справа, распачатая з любоўю і малітвай  у сэрцы, мае божае благаславенне і добры зыход.

Беларусы – дзеці божыя. Нас пазнаюць па тым, як мы ставімся да жыцця... Толькі з верай, надзеяй і любоўю адзін да аднаго мы павінны жыць, як гэта рабілі нашы продкі. 


Дзмітрый Ендза, ахоўнік:

Ендза.jpg

Будучыня – краіны, маёй сям’і і блізкіх. Ад кожнага з нас залежыць, як будзе складвацца жыццё беларусаў і кожнага асобнага чалавека ў наступныя гады. Мы з жонкай гадуем цудоўных дачушак. Старэйшая Сафія пайшла ў Дзіяну: любіць маляваць і рабіць падзелкі. Малодшая Оля стараецца ёй дапамагаць.

Лічу, што ад намаганняў, прыкладзеных чалавекам сёння, залежыць яго заўтра. Нездарма кажуць, Масква не адразу будавалася! Мы жывём у Гудагаі ў прыватным доме – сваімі сіламі абшылі яго; добраўпарадкавалі тэрыторыю, у планах – дарабіць сцяжынкі. 

Хочацца, каб дачушкі выраслі добрымі і спагадлівымі, а мы з жонкай ва ўсім ім дапаможам. 


Патрыцыя Камчыцкая, выхаванка дзіцячага садка:

Любоў. Я люблю сваю маму Рэнату і тату Вадзіма – ён ратуе людзей! А таксама сваю малодшую сястрычку Эрыку. А яшчэ ў нас ёсць сабака Оскар! Праўда, бацькі выгульваюць яго самі. 


Дамір Замара, выхаванец дзіцячага садка:

Камчыцкая і замара.jpg

Патрыцыя Камчыцкая і Дамір Замара


Сяброўства. У мяне шмат сяброў: Ульяна, Вадзім, Патрыцыя, Цёмка… З сябрамі весела і здорава бавіць вольны час!  





Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич, Дмитрий Домарад и из архива героев
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений