Знаёмцеся: калектыў фермы «Кялёйці»

10:03 / 24.01.2021
556
Да радасці дзятвы, ды і дарослых, сёлетняя зіма расшчодрылася на снег. Спраўдзіліся прагнозы сіноптыкаў: не пашкадавала яна і марозу. Як падрыхтаваліся на жывёлагадоўчых аб’ектах да значнага зніжэння тэмпературы паветра, вырашыў паглядзець наш карэспандэнт,  выправіўшыся на малочна-таварную ферму «Кялёйці» КСУП «Гудагай». А разам – пазнаёміцца з калектывам і даведацца пра нюансы сёлетняй зімоўкі жывёлы. 

Малочны карабель

Сярэднясутачны надой ад каровы склаў 18,7 кілаграма, а гэта на 3,5 кілаграмы больш, чым летась. Малако, таварнасць якога дасягае 91%, паступае на перапрацоўчыя прадпрыемствы вышэйшым гатункам.  

– Вынікі залежаць ад кожнага з нас.  У нас працуе 5 аператараў машыннага даення, адзін  – падменны. Дзяўчаты з работай спраўляюцца выдатна, – лічыць загадчык фермы Анастасія Баер. – Раней падаіў карову – і добра! Цяпер патрабаванні да якасці малака, як і тэхналагічны працэс дойкі, змяніліся.  Спачатку трэба апрацаваць сасок, здаіць першы струмень, прымацаваць даільны апарат і зноў апрацаваць вымя… 

1.jpg


На маленькіх фермах, у адрозненне ад комплексаў, дзе прэрагатыва аператараў малочнага даення – выключна дойка, даяркі яшчэ клапоцяцца пра нованароджаных цялят да 2 месяцаў. У Ірыны Аляхновіч цяпер, напрыклад, ажно 17 маленькіх гадаванцаў. 

На ферму жанчыны прыходзяць у 6.30. Вычышчаюць кармушкі і стойлы, пояць цялят, а потым прыступаюць да дойкі. Пасля рагуль чакае 2-гадзінны праменад. Па прызнанні жанчын, зімой больш напружана, чым летам. Як і на большасці малочна-таварных ферм у «зялёны сезон» на МТФ «Кялёйці» практыкуецца кругласутачнае выпасванне жывёлы. 

Прывагі жывёлы і якасць малака, па мер­каванні загадчыка, залежаць ад 2 складнікаў: працаўнікоў і кармоў. 

– У летне-пашавы перыяд у рацыёне кароў больш зялёнага корму, – тлумачыць Анастасія. – У зімне-стойлавы перыяд дойныя рагулі атрымліваюць кормасумесь. Акрамя гэтага, высокапрадукцыйныя каровы – гэта каля 80 галоў, якія за суткі даюць больш за 20 кілаграмаў малака, дадаткова атрымліваюць па кілаграме жмыху і патакі. У нас выдзелена 2 перыяды сухастою: 6-3 тыдні да ацёлу і да 3 тыдняў. Каровам з 1-й групы ў суткі скармліваем 30 кілаграмаў сіласу, 20 кілаграмаў сенажу і кілаграм саломы. З другой – па 15 кілаграмаў сіласу і сенажу і столькі ж саломы. Акрамя гэтага, даём канцэнтраты і спецыяльныя дабаўкі, каб перыяд пасля ацёлу прайшоў для каровы спрыяльна. У цялят, незалежна ад сезона, кармленне аднатыпнае. 

Цікаўлюся ў загадчыка, ці гатовы на ферме да марознага надвор’я. 

– Неаспрэчны «плюс» – полікарбанат­ныя вокны, яны шчыльна закрываюцца і не прапускаюць холад. А ў цёплае надвор’е памяшканні можна правет­рыць. Дзверы жалезныя – скразнякоў няма. Воданапорная вежа і траншэя гное­выдалення ўцепленыя, таму праб­лем быць не павінна, – з усмешкай гаворыць загадчык. 

Капітан Насця і яе каманда

Анастасія Баер 8 год кіруе фермай «Кялёйці». Гледзячы на гэтую маладую дагледжаную жанчыну, злавіла сябе на думцы, што ў сельскай гаспадаркі ёсць будучыня. 

– Я мясцовая, з Кялёйцяў. Мама ўсё жыццё працавала даяркай. Па адукацыі я бухгалтар, закончыла Ашмянскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж. Выйшла замуж. Аляксандр працаваў загадчыкам фермы «Кялёйці» – тады гэта быў калгас імя Гашкевіча, я дапамагала яму ў афармленні справаздач. Уцягнулася, – расказвае Анастасія. – Старэйшаму сыну ледзь-ледзь споўнілася 1,5 года, малодшаму – 5 месяцаў, як узначаліла ферму – папрасіў Эдуард Іванавіч Садоўскі. Калі нарадзілася дачушка, таксама доўга ў дэкрэтным не сядзела, праз 4 месяцы выйшла на працу, а клопаты пра дзіця ляглі на мужа – дзякуй яму вялікі, што згадзіўся. Калі дзеці падрастуць, мару атрымаць вышэйшую адукацыю.

– Напачатку думала, што на ферме часова, – прызнаецца загадчык. – Але цяпер разумею, што гэта маё. Люблю жывёлу. Без сваіх дзяўчат ужо не ўяўляю жыцця. Летам, напрыклад, калі ёсць вольная гадзінка, едзем у грыбы і ягады. Зімой разам абедаем, бо пасля ранішняй дойкі, якая заканчваецца каля гадзіны дня, на гадзіну-другую дамоў няма сэнсу ісці. Без перабольшання, у калектыве мы, як у сям’і: дзелімся радасцямі, разам перажываем, калі ў кагосьці што здарылася.

Алена Бразевіч, даярка, у сельскай гаспадарцы больш за 30 гадоў

2.jpg


З Расіі ў Беларусь жанчыну прывяло каханне. 

– З будучым мужам мы пазнаёміліся ў гора­дзе Арле. Я працавала на швейнай фабрыцы. Глянуліся адзін аднаму. Уладзімір прапанаваў паехаць на Астравеччыну – згадзілася. Гэты край стаў для мяне другой радзімай.

У групе  аператара машыннага даення 43 каровы і 7 цялятак. 

Хоць мінулы год у многіх сэнсах для большасці людзей стаў выпрабавальным, але былі ў ім і прыемныя моманты. Так, 2020-ы падарыў Алене Бразевіч ажно 3 унукоў, а ўсяго іх у жанчыны 5. 

Ірына Аляхновіч, даярка, у сельскай гаспадарцы 20 гадоў

3.jpg

– Я шматдзетная маці і дома, і на працы: гадую 4-х дзяцей, а на ферме – ажно 17 цялятак, – усміхаецца жанчына. – Усё жывое клопат любіць: жывёлу трэба напаіць, накарміць, клетку пачысціць – тады будуць прывагі і малако. 

Аператарам машыннага даення жанчына працуе 16 гадоў. Да гэтага збірала па вёсках малако і ведала кожную сям’ю, дзе трымалі кароў. 

– Пры жывёле я гадоў з 6-ці, –  узгадвае даярка. – Цёлак і коней пасвіла з дзяцінства, толькі начаваць дамоў вярталася. 

Аказваецца, па душы жанчыне каровы і цяляты белай масці. 

– Яны, нібыта снег, – белыя, пушыстыя, чыстыя. 

Валянціна Лысанава, даярка, у сельскай гаспадарцы больш за 25 гадоў

4.jpg

Спачатку яна шчыравала ў цялятніку, пазней – у бычатніку, а тры гады назад стала даяркай. Калегі сцвярджаюць, што ні разу Валянціна не прыкрыкнула, не замахнулася  на жывёліну. 

– Цяляткі дык і ўвогуле, як дзеці. Гляну на малое – і магу сказаць, што яму не здаровіцца, – расказвае жанчына

У вольны ад работы час Валянціна любіць чытаць «Астравецкую праўду». Яшчэ адно захапленне – гульня «Суперлато». 

– На 12-ты год мне пашанцавала: 8 Сакавіка выйграла значную суму грошай. Нават па тэлевізары мяне паказвалі, – расказвае жанчына. – Думалі, што абновім за гэтыя грошы фундамент, але вырашылі дапамагчы дзецям. 

Наталля Пятроўская, даярка, у сельскай гаспадарцы амаль 24 гады

5.jpg

З далёкага Магадана бацька прывёз 3 дачушак на радзіму, у вёску Міклі.  

– Я рана асірацела. Бабуля нам замяніла маму: усяму навучыла і прывучыла да працы. Раней для мяне не было розніцы паміж звычайнай даяркай і падменнай, пакуль не зведала смак апошняй работы. У кожнай з дзяўчат свая група, а ў мяне, можна сказаць, ажно 4 – трэба ведаць кожную карову,  – кажа Наталля.

Па натуры і прызванні жанчына мастачка. Пад націскам яе рукі на аркушы нараджаюцца, бы сапраўдныя, коні, сабакі. 

– Люблю чытаць, асаб­лі­ва фантастыку і прыгоды. Тады, здаецца, пера­носіш­ся ў іншы свет, – пра­цягвае Наталля. – Маю 2 дачушкі. Малодшая ў мяне пайшла – прыгожа малюе. 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений