Хто адказвае за ахову працы ў раёне
Спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, якія таксама адзначаюць прафесійнае свята, маюць велізарны аб’ём работы. У кожнага аддзела свая спецыфіка, функцыі і задачы, але абагульняе іх адна мэта – прыносіць карысць людзям.
Леанід Русецкі працуе ва ўпраўленні 7-ы год і сочыць за тым, каб на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах раёна нішто не пагражала здароўю і працаздольнасці людзей падчас работы. Інакш кажучы, курыруе пытанні аховы працы.
Справа гэта сур’ёзная і адказная, але ўдзячная і патрэбная.
– А яшчэ пазнавальная, – дадае Леанід Слававіч. – Я працую з невытворчымі і вытворчымі структурамі, у кожнай з якіх свая спецыфіка, тэхналогіі і метады дзейнасці. Акрамя таго, у кожнай арганізацыі ёсць цікавыя людзі, сапраўдныя прафесіяналы, ад знаёмства і стасункаў з якімі атрымліваеш задавальненне.
Дарэчы, у Леаніда Русецкага ўжо багаты багаж ведаў і вопыту. Гэта на першым працоўным месцы ў адным з сельскагаспадарчых кааператываў Пастаўскага раёна, куды ён прыехаў на адпрацоўку пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, малады спецыяліст баяўся не справіцца з абавязкамі. Аднак прайшоў месяц-другі-пяты, і Леанід поўнасцю асвоіўся з работай інжынера па ахове працы.
– Пасля адпрацоўкі вярнуўся дадому ў Астравец і ўладкаваўся на такую ж пасаду ў аддзеле адукацыі, – расказвае мужчына. – Потым перайшоў ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Аб’ёмы і спецыфіка работы адрозніваюцца ад папярэдніх арганізацый, але тут мне падабаецца больш. Адказнасць, канешне, вялікая, але з аховай працы і не можа быць па-іншаму – ад выканання патрабаванняў залежыць здароўе, магчыма , і жыццё работнікаў. На шчасце, у большасці арганізацый таксама разумеюць гэта і пры выяўленні нейкіх недахопаў стараюцца хутчэй іх выправіць.
Леанід Слававіч са шкадаваннем адзначыў, што з-за сітуацыі, выкліканай каронавірусам, сёлета давялося адмовіцца ад правядзення многіх патрэбных раённых мерапрыемстваў. І тут жа выказаў спадзяванне, што ў наступным годзе ўсё будзе па-іншаму.
– Жадаю калегам моцнага здароўя, непахіснага імунітэту, спаўнення жаданняў і каб новы год прыносіў толькі радасныя навіны.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.