Першыя фотаздымкі ў “раёнцы” і выбары суддзі

11:08 / 20.12.2020

2.jpg

Што новенькага?
1949 год увойдзе ў гісторыю раёна і «раёнкі» тым, што ў газеце ўпершыню сталі друкаваць ўласныя фотаздымкі (фота дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР Маланні Сенюць і Вікенція Падаліса, якія з’явіліся ў 1947 годзе, можна не лічыць – гэта быў спецыяльны заказ). І справа не ў тым, што ў раёне не было фатографаў – перанесці здымак на газетную старонку непараўнальна больш цяжка, чым набраць, нават уручную, тэкст. Гэта складаны тэхналагічны працэс. У тагачаснай раённай друкарні патрэбнага абсталявання не было. 
Тым не менш, у другой палове 1949-га ў газеце з’явілася серыя фотаздымкаў Л. Петрухно пад рубрыкай «Лепшыя людзі раёна» – цяжка сказаць, дзе з іх рабілі клішэ для друкарні, магчыма, у Вільнюсе ці ў Мінску. 
Распачынаў серыю ў №78 за 29 верасня фотаздымак Івана Рафаілавіча Лянкевіча, старшы­ні Байканскага сельсавета. У тым жа нумары змешчана фота варнянскага лістаношы Генадзя Аўласа, які падае газету Станіславе Ра­вой­ць. Потым былі здымкі на­стаўніцы Варнянскай школы Марыі Ільі­ніч­ны Андрушчанкі, ме­ханіка прамкамбіната Аляк­санд­ра Рыго­равіча Валчкова, стар­шыні Варнянскага сельпо Мар­тына Рыгоравіча Яраша, хірур­га Аляксандра Філіпавіча Кар­­нілава, звен­нявой калгаса «Новае жыццё» Ядвігі Ляў­дан­с­кай і на­ват паста­новачны здымак тан­ца­валь­нага калектыву.

Цэны зніжаны
Пасляваенныя часы старажылы ўспаміналі з настальгіяй яшчэ і з-за таго, што тады кожны год зніжаліся цэны – іншая справа, ці была ў вяскоўцаў магчымасць купіць танны тавар.
«Сталінская праўда» 3 сака­ві­ка друкуе пастанову Савета Міністраў СССР і ЦК ВКП(б) аб зніжэнні рознічных цэн на тавары масавага ўжытку. У спісе 44 назвы – ад хлеба, мукі, круп і макаронаў да яшчэ нікому невядомых на Астравеччыне тэле­візараў. Цэны на іх зніжаліся ад 10 да 30%.

Канікулы: цікава і карысна
Напярэдадні канікул вучні Астравецкай школы выступілі з прапановай адправіцца летам  на экскурсію па родным краі – пра гэта паведамляла раённая газета ў №30 за 10 красавіка. Вучні збіраліся пабываць на радзіме Фелікса Дзяржынскага і Францішка Багушэвіча, на руінах Медніцкага замка. А па дарозе наведаць калгасы, пачытаць лекцыі на міжнародныя тэмы, паказаць выступленні гуртка мастацкай самадзейнасці, сабраць для школы батанічныя і заалагічныя калекцыі і запісаць беларускі фальклор. 
Насычаная экскурсія намячалася!

Чыталі – і чытаюць!
У заметцы «Газета ў кожны дом» («СП» за 10 красавіка) паведамляецца, што ў  Міхалішках выпісваюць 122 газеты. І на першым месцы тады, як і заўжды, – «раёнка»: у «Сталінскай праўды» на той час у гэтай вёсцы было 30 падпісчыкаў, у абласной «Сялянскай газеты» – 20, у « Савецкага селяніна» – 15, у «Звязды» – 13. 
А ў №35 за 28 красавіка зме­шчана замалёўка П. Малінава (мяркуючы па стылю, адказнага рэдактара газеты Пятра Суткаленкі) «Начальнік паштовага аддзялення» – і становіцца зразумела, чаму ў Міхалішках так добра працуе пошта: 20-гадовая дзяўчына Леанарда Станіславаўна Навіцкая з’яўляецца загадчыкам аддзялення з моманту яго ўтварэння ў 1944 годзе. 
У №56 за 14 ліпеня зноў узгадваецца Міхалішкаўскае аддзяленне сувязі – але ўжо з крытычнага боку. У чарговы раз адзначыўшы старанную працу Леанарды На­віцкай, газета абураецца, што паштавікі туляцца ў невялікім пакойчыку, і патрабуе ад старшыні сельсавета Баркоўскага і раённай канторы сувязі вырашыць гэтае пытанне.

Новыя школы і крамы
Старшыня Якентанскага сельсавета Іван Ушакевіч  у  №71 за 4 верасня расказвае, як метадам народнай будоўлі ўзведзены школы ў Новых і Вялікіх Якентанах – раней яны месціліся ў арэндных памяшканнях. 
Адкрылі школу і ў Байканах  – тут за парты села 40 дзяцей. 
Школьны інспектар рай­АНА Н.К. Алейнік  у артыкуле «Рост народнай асветы ў раёне» прыводзіць дадзеныя, што ў 1944 годзе толькі 15 школ размяшчаліся ў дзяржаўных памяшканнях, а цяпер у арэндных засталося толькі 12 з 64 навучальных устаноў, і тыя хутка пяройдуць у дзяржаўныя. Усяго ж у раёне на пачатак верасня 1949 года дзейнічала 2 сярэдніх, 12 сямігадовых і 50 пачатковых школ. У першыя класы ў тым годзе прыйшоў 901 вучань, у пятыя – 560. Каля дзесяці настаўнікаў у раёне было з ліку карэннага насельніцтва – яны набылі адукацыю за гады савецкай улады. У артыкуле ўзгадваюцца прозвішчы Матулойць (Чэхін­ская няпоўная сярэдняя школа), Вержбіцкі (Альгінянская няпоўная сярэдняя школа), Аўгуль (Гальчунская пачатковая школа), Сянюць (Юзу­лінская школа).
У вёсцы Байканы адкрыўся новы магазін – аб гэтым паведамляецца ў №71 за 4 верасня. А ў наступным нумары па­купнікоў запрашаў новы сель­скі магазін у Варнянах і прапаноўваў шырокі выбар прамысловых тавараў. 

Астравецкія чэмпіёны
У №80 пад рубрыкай «Фізкуль­тура і спорт» змешчана заметка «Перамога спартсменаў нашага раёна», у якой С. Шырынскі (чамусьці ў той год ініцыял яго пісалі менавіта С., хоць усе ведаюць, што звалі тагачаснага планавіка райпрамкамбіната Шы­рынскага Здзіслаў Здзісла­вавіч) піша: 
«25-26 верасня ў Мала­дзечне адбыліся спа­бор­ніцтвы па лёгкай атлетыцы. На спартакіядзе сельскай моладзі вызначыліся спарт­смены Астравецкага раёна, якія занялі першае месца ў вобласці. (…) Сярод мужчын вялікіх поспехаў дабіліся Кубанкоў Владзімір (бег на 100 метраў), Странчанка Аляксандр (Гудагайская НСШ) заняў першае месца па веласіпеду, выкладчык Варнянскай СШ Файкоў заняў першае месца па мятанню дыска і ядра. Сярод жанчын: Пчолкіна – па бегу на 100 метраў, Аўлас – веласіпед на 10 км». 
(Тут і далей у цытатах захаваны стыль і арфаграфія публікацый. – Н.Р.)

Вытворчасць і быт
Райпрамкамбінат быў адзіным прамысловым прадпрыемствам на Астравеччыне – і, калі верыць «Сталінскай праўдзе», досыць паспяховым. У №96 за 1 снежня дырэктар Е. Сідарэнка паведамляў, што пры цагельным заводзе райпрамкамбіната будуецца чарапічны цэх магутнасцю 200 000 штук чарапіцы ў год. Запусціць яго ў работу планавалася да 1 сакавіка наступнага года.
А ўжо згаданы намі планавік і трэнер С. Шырынскі ў №93 ад 20 лістапада расказваў, што райпрамкамбінат будуе 2 новыя дамы для рабочых, у якія будуць уселены 3 сям’і. Адзін трохкватэрны дом быў здадзены ў эксп­луатацыю вясной. 

Суды і суддзі
У лютым 1949 года выбіралі народнага суддзю Астравецкага раёна – ім стала Анастасія Арцёмаўна Кішкіна. Кандыдатура даволі нечаканая: жанчын у той неспакойны час у такія высокія крэслы звычайна не садзілі (выбары былі фармальнасцю). А Кішкіна да таго ж была досыць маладой – 26 гадоў. Але паспела паваяваць на франтах Вялікай Айчыннай і была ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі і некалькімі медалямі. Пасля вайны скончыла юрыдычную школу і з кастрычніка 1948 года працавала суддзёй у Астравецкім раёне.
Акрамя таго, выбіралі народных засядацеляў – ажно 75 чалавек. Газета расказвала пра некаторых: лепшага трак­тарыста МТС Івана Тама­ша­віча Грабоўскага, сялян­ку-акты­вістку, старшыню жа­ночага савета Дрэвяніцкага сель­савета Антаніну Іванаўну Якуш­чонак, начальніка каравула пажар­най каманды раёна Ігната Вікенцье­віча Кацінеля, абпаль­шчыка цэглы цагельнага завода №2 рай­прамкамбіната Мечыслава Гурскага.
Каб чытачы разумелі, чым савецкі суд адрозніваецца ад ранейшага, буржуазнага, у №№ 8-9 «Сталінскай праўды» за 21 студзеня змешчана падборка матэрыялаў пад агульнай назвай «Як судзілі ў панскай Польшчы». Іван Странчанка расказвае пра выпадак, калі кулак забіў пастуха і не быў пакараны, Іван Ушакевіч – як селянін вёскі Ажуройсці купіў зямлю і не змог ёю карыстацца, жыхар вёскі Расолы Іосіф Мальдзіс (пэўна ж, заметку па заданні рэдакцыі ад імя бацькі напісаў сын Адам) – як яго бязвінна аштрафавалі, за тое, што па заданні войта пабудаваў мост. А селянін вёскі Альгіняны І. Пятроўскі ў заметцы «Не суд, а валакіта» расказвае, як 5 гадоў судзіўся з братам Мартынам «за якіх-небудзь 10 сотых (напэўна, сотак – Н.Р.) сенажаці»: 
«Як толькі я дам больш хабару адвакату і суддзі, значыць, за мной застаецца сенажаць, а як Мартын, значыць, за ім. (…) У канцы гэтыя суды зусім разбурылі маю гаспадарку, сумесна з гаспадаркай бацькі». 
Міжволі ўзнікае думка: ці вартыя былі таго 10 сотак сенажаці?
А побач з гэтай падборкай пад рубрыкай «З залы суда» змешчана заметка «Зрыўшчыка леса­вывазкі – да суровай адказ­насці», дзе паведамляецца, як Антона Масойця з вёскі Тартак за тое, што ён, атрымаўшы 28 кастрычніка план на вывазку 80 кубаметраў драўніны, да 11 студзеня вывез толькі 42. А ўжо 17 студзеня быў асуджаны (пэўна, той самай Анастасіяй Кішкінай?) да 4 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Дык ці была розніца ў судах? Мяркуйце самі…

За што крытыкавалі і як рэагавалі?
Раённая газета па-ранейшаму крытыкуе часта і рэзка – хоць у параўнанні з тым часам, калі яе рэдагаваў Мікалай Беркутаў, не замахваецца на вельмі высокія пасады. Так, у №45 за 5 чэрвеня ў артыкуле «Будзем надзеяцца…» невядомы аўтар (падобна, што адказны рэдактар Пётр Суткаленка) за подпісам «Рэдакцыя» ў пух і прах разбівае старшыню Варнянскага сельсавета Мажэйку, паддаючы «перчыку» з’едлівай сатырай. 
«Вы пішаце, што Мажэйка сістэматычна п’янствуе. Не, гэта не так. Калі сёння ён выпівае літр, а заўтра – два, калі сёння ён напіваецца раніцай, а заўтра – вечарам, дык якая ж тут сістэма? Гэта ўжо не сістэма, а бессістэмнае, сплашное п’янства» – 
адказвае «Рэдакцыя» ўяўнаму аўтару пісьма ў рэдакцыю, да якога звяртаецца: 
«Паважаны тав. Л…» І далей расказвае пра іншыя злоўжыванні старшыні сельсавета: схаваў ад падаткаабкладання лішнюю зямлю, «ад грамадзянкі вёскі Грышкойці Варонскага сельсовета Чапукойць Юзэфы ўзяў 1 200 рублёў у выглядзе ўзяткі, некалькі дзён са сваёй раднёй п’янстваў у яе за тое, што яна карыстаецца дзяржаўнай зямлёй на тэрыторыі Варнянскага сельсовета». 
Далей «Рэдакцыя» сцвярджае, што суровай вымовы, якую аб’явіў Мажэйку райвыканкам, мала, яго трэба зняць з работы і аддаць пад суд.
З заметкі «Навесці парадак у сталовай» («СП» за 2 лютага) вынікае, што ў астравецкай сталоўцы, работу якой неаднаразова крытыкавалі ў газеце і ў папярэднія гады, па-ранейшаму ўсё дрэнна: 
«Вось ужо доўгі час на першае гатуюць боршч з кіслых памідораў, сярод якіх шмат гнілых»; пакупнікоў часта абвешваюць – «…на снеданне адной грамадзянцы буфетчыца Паскробак замест 200 грамаў хлеба адважыла толькі 180, а повар Зянюк замест таго, каб выдаць ёй катлету з свінога мяса вагой 80 грамаў, выдала ўсяго 60 грамаў», аблічваюць – «Булачка каштуе 90 кап. Пакупнікі даюць буфетчыцы 1 руб, але рэшту 10 кап. атрымоўваюць рэдка».
З крытычнай заметкі «Як не дзіўна, але…», надрукаванай у №70 за 1 верасня, можна даведацца, што ў раённым цэнтры ў той час ужо былі тратуары. Але якія!  
«У Астраўцы на кароткай адлегласці маецца тратуар. Але, каб па ім прайсці, трэба адбыць стажыроўку, асабліва калі ісці побач адзін з другім. Бо, як толькі няправільна ступіш, то адзін спадарожнік павінен абавязкова ўпасці і атрымаць раненне». 
Тыя, хто рызыкне прайсці па астравецкім тратуары, як сведчыць аўтар заметкі, часта трапляюць у бальніцу – і наракае, што загадчык жылкамунгаса Германаў і яго намеснік Савіч там не ходзяць.
І ў бальніцы не ўсё добра. «Калі будзе абсталявана аперацыйная», пытае ў заметцы пад рубрыкай «Пісьмо ў рэдакцыю», змешчанай у «Сталінскай праўдзе» ў №94 за 24 лістапада, невядомы аўтар. 
«Пры райбольніцы маецца аперацыйны кабінет. Але з-за яго няпоўнага абсталявання тут небяспечна зрабіць тую ці іншую аперацыю хвораму. З паталка пры малейшым стуку можа сыпацца пясок, печка ў кабінеце не абкладзена кафелем. (…) Дрэнна абсталявана і радзільная комната».
Якой жа была рэакцыя на крытычныя выступленні газеты? Часам і такая…
У 1948 годзе «раёнка» неаднаразова крытыкавала работу начальніка раённай канторы сувязі Баянкова. Усё закончылася разгромным фельетонам «Гнусныя справы дзядзі Ігната Філіпавіча», які быў накіраваны на рэагаванне пракурору раё­на. У №29 раённай газеты за 7 красавіка пад рубрыкай «Па слядах нашых выступленняў» паведамляецца, што Баянкоў асуджаны да пазбаўлення волі на 13 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик