На Астравеччыне вызначылі лепшых аратых раёна

11:46 / 28.11.2020

На Астравеччыне прайшоў конкурс прафесійнага майстэрства «Лепшы араты – 2020», які штогод напрыканцы лістапада ладзіць раённы выканаўчы камітэт і ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання. На працягу двух дзён 13 механізатараў з пяці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на палях КСУП «Варняны» высвятлялі, хто лепш умее араць.

Па традыцыі спаборніцтва праходзіла ў дзвюх катэгорыях: сярод энерганасычаных і трактараў МТЗ. Да слова сказаць, калі ў мінулыя гады час працы аратых у полі не абмяжоўваўся – тут варта прыгадаць мінулагодняга пераможцу ў намінацыі «За волю да перамогі» Уладзіміра Мятлеўскага з КСУП «Варняны», які не спыняў свой трактар да самай раніцы, – то сёлета час работы быў абазначаны: у першы дзень механізатары працавалі да 20.00, у другі – да 15.00. Праўда, участкі для ворыва працаўнікам палёў дасталіся розныя – па складанасці і рэльефе.

0202.jpg

Экспертная камісія ў складзе прадстаўнікоў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, інспекцый па насенняводстве і каранціне і дзяржтэхагляду ацэньвала работу аратых па многіх паказчыках: улічвалася не толькі колькасць заараных гектараў, але і само ворыва, яго глыбіня, шырыня захопу плуга і правільнасць настройкі, выкананне правілаў бяспекі і іншыя фактары.

На другі дзень спаборніцтва вынікі падвялі ў адміністрацыйным будынку КСУП «Варняны».

Дарэчы, сёлетні конкурс прафесійнага майстэрства механізатараў сюрпрызаў не прынёс: чацвёрты год запар 1 месца заняў Анджэй Ясевіч з КСУП «Гервяты». Ізноў яму крыху саступіў Пётр Сяргей з КСУП «Гудагай», а трэцім стаў Юрый Бумбуль з КСУП «Варняны».

IMG_0319.jpg

Лепшым аратым сярод механізатараў, якія працуюць на энерганасычаных трактарах,
сёлета ізноў стаў Анджэй Ясевіч з КСУП «Гервяты»


IMG_0336.jpg

«Серабро» – у Пятра Сяргея з КСУП «Гудагай»


IMG_0376.jpg

Юрый Бумбуль з КСУП «Варняны» паказаў трэці вынік


Сярод механізатараў, якія працавалі на трактарах МТЗ, перамогу святкаваў Віктар Міхалоўскі з КСУП «Варняны», «серабро» – у Івана Аўгуля з РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». На трэцяй прыступцы размясціўся Валерый Сташко з КСУП «Міхалішкі», які, да слова, упершыню ўдзельнічаў у гэтым конкурсе.

IMG_0379.jpg

Сярод аратых, якія працавалі на трактарах МТЗ,
1-е месца заняў Віктар Міхалоўскі з КСУП «Варняны»


IMG_0387.jpg

Валерый Сташко з КСУП «Міхалішкі» ўпершыню ўдзельнічаў у конкурсе аратых
 і заняў 3-е месца (трактары МТЗ)


У намінацыі «За волю да перамогі» лепшым прызнаны Віталь Трыбоцкі з РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі»: у адрозненні ад сапернікаў, якія працавалі на адным участку, механізатар заворваў глебу на трох розных палях.

– Са старшынёй райвыканкама Ігарам Шалудзіным мы аб’ехалі амаль усе ўчасткі, на якіх працавалі механізатары, – напачатку ўзнагароджвання сказаў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Карніла. – Ведаю, што некаторых з вас падвяла тэхніка, іншых – здароўе: раніцай прачнуліся з тэмпературай. Але, нягледзячы на гэта, вы і сёлета прадэманстравалі сваё майстэрства. Дзякуй вам за працу!

Таксама быў адзначаны кіраўнік гаспадаркі, механізатары якой паказалі найбольшы плён падчас конкурсу, не ўлічваючы гаспадароў, – аратыя КСУП «Варняны» паднялі зябліва на 137 гектарах. Ім стаў дырэктар КСУП «Гудагай» Эдуард Садоўскі – заарана 113 гектараў. Найбольшы імпэт і актыўны ўдзел у вызначэнні вынікаў спаборніцтва сярод тэхнолагаў палёў прадэманстраваў галоўны аграном КСУП «Гервяты» Аляксандр Кавалька.

Усе ўдзельнікі конкурсу, пераможцы і намінанты атрымалі грашовыя прэміі, таксама ім выплацілі зарплату. Акрамя гэтага, было арганізавана гарачае харчаванне для механізатараў.


ЛІЧБА

Больш за 450 гектараў зааралі падчас конкурсу.





Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич